У чалавека ўкралі век. I, пэўна, не толькі век, а мо… Не, не, мо толькі абвузілі. Помніце крыху ўсё ж нашага, славутага, усяму свету вядомага прарока, бо селішча Дастоева – ёсць мы ці няма нас – на нашай зямлі, беларускай, з шаснаццатага стагоддзя дрэвам сваім, сваімі каранямі на Берасцейшчыне стаіць. I гэта ён, парастак таго дрэва, яшчэ ў пазамінулым стагоддзі папярэджваў пра тое, што чалавек вельмі ўжо ж шырокі. I пытаўся ў некага, ці не час яго і абвузіць. Мо такі час – абвузіць чалавека – якраз сёння і прыспеў. Нехта, сам ужо вельмі шырокі, яго і абвузіў. Хаця, магчыма, і наадварот – бязмежна пашырыў. Надзьмуў як жабу, так, што чалавек сам сябе не заўважае, не бачыць сябе. Таму і крушыць, трушчыць сабе падобных, хто пад ногі трапіць, хто не паспеў разам з ім пашырыцца. I такіх процьма. Упэўнены, што я таксама з іх. Пераканаўся ў гэтым ці не ўчора. Жонка нешта бурчэла зранку, я, як прынята, апраўдваўся. Вядома ж, сабака баіцца не кія, а звягі. Але ж то і не сабака, калі адразу падціскае хвост і паўзе лізаць руку. Увогуле, як засведчана, сабакі падзяляюцца на дзве пароды – шакалавую і ваўчыную. Шакалавая больш гнуткая, прызначаная служыць усім і кожнаму, усім і кожнаму лізаць. I не толькі рукі. Бо сёння дзень такі, што лізаць толькі рукі мала. А да ўсяго, калі лізнуў ты рукі, то не хочаш, а мусіш вылізаць да бляску – прэміяў, званняў і ўзнагародаў – і ўсё астатняе. Каб аж зіхацелі ўсе твае трыццаць тры срэбранікі і медалькі. Каб здалёк бачылі, што ты чалавек надзейны і чыстапародны, без заганных і шкодных фантазіяў. Адным словам – прыручаны.
Зусім іншая справа з ваўчынай масцю. Ваўкі не бяруць ежу з рук. I не ведаю, праўда ці не, але гэта ўвялі мне ў вушы яшчэ ў дзяцінстве мае адналеткі: шыя ў іх зраслася з хрыбцінай. Яны няздольныя гнуцца, круціцца на ўсе бакі і нюхаць вецер. У свой час я зазірнуў у вочы такому зверу. Падпасваў, як у нас кажуць – тавар. Старэйшыя хлопцы гулялі ў карты, а мяне паслалі адвярнуць авечак, што адбіліся ад статку і стоўпіліся каля канавы. Па другі бок той канавы стаяў вялізны шэры сабака. Я яшчэ паківаў яму дубцом. Але ён і не міргнуў у мой бок. Я прыгледзеўся, і па целе пабеглі мурашкі, узняліся дыбам, як адраслі, валасы на маёй стрыжанай галаве. Я яшчэ не ведаў, што гэта быў воўк. Але гэта быў ён. I мы даволі доўга ўглядаліся адно ў аднаго. Воўк пераскочыў праз канаву, схапіў і ўскінуў сабе на плечы авечку. Лена праклыпаў метраў з пяць і пусціў авечку долу. I тая патрухала побач з ім, нібы вёў ён яе ў рай. А я нерухома стаяў на другім беразе канавы, захлынаючыся ад наплыву нечага першабытнага, дрымотна-ляснога, што ахутвала, прачыналася і ўва мне: падсвядомы пратэст супраць такога нахабнага рабаўніцтва, бездапаможнасць, разгубленасць і апякаючая да гаручых слёз нязгода з гэтай звярынай сутнасцю. I тое засталося пры мне на ўсё жыццё.
Нібыта я ўжо тады ведаў ці прадчуваў, што гэта малюнак з майго будучага жыцця, лёс мой. Нехта такі ж пячорна шэры мімаходзь набяжыць на мяне, ускіне на плечы і выдыхне ў павернутае ўжо да неба вуха: у рай, алюшкі ў мой рай. I я, ды не толькі я, – усе, хто побач са мной ад нараджэння з забітай ці ачмурана прыгаломшанай памяццю, атручаныя паўсядзённымі казаннямі пра малочныя рэкі з кісельнымі берагамі, што цяклі зусім недалёка ад нас, кінемся ў той воўчы рай, патэпаем за воўкам, забыўшыся пра яго воўчую скуру. Бо ў гэтай воўчай скуры нам, зазірнуўшым заслепленым вокам на той свет, ухапіўшы перацятым горлам тагасветнага паветра, будзе мсціцца збавіцель наш. Месія.
Як мсціцца, мроіцца ён каторае ўжо стагоддзе быдлу, якое бык ці казёл-правакатар вядзе на бойню.
I ў сваім ужо даўно забытым, немачным маленстве я быў куды як згодны з кожным, хто даводзіў мне, што нешта ведае, і браўся напраўляць мае звіхнутыя мазгі, факусуючы іх на сонечны і светлы рай. Не разумеючы, што гэта сапраўды прамая і правільная дарога толькі ж на той свет. I я па ўласным жаданні, па сваёй ахвоце да слёз, да самазабыцця прагну туды, як і мноства іншых, што прайшлі крыху раней за мяне і ішлі следам за мной.
Вось яна, моц і ўлада воўчага вока над авечкамі, што страцілі галаву і здольныя толькі да падпарадкавання.
Гіпноз рудога і змрочнага звярынага вока, пячорнай думкі, што нарадзілася раней за чалавека. Мо ў целе зусім няцямнага дракона ці яшчара, таго ж пячорнага вампіра – кажана. Нарадзілася і выпаўзла на святло, захмялела ад яго і пачала шукаць прыдатную сабе абалонку. Калі і не зусім разумную, то ўсё ж з першапачатковай зародкавасцю, пачаткамі нейкага розуму істоту, у галаве якой мелася хаця б адна звіліна – хай сабе і працяг толькі носу.
Читать дальше