Пячорна каменнае нараджэнне незнаёмай, невядомай яшчэ свету набрыдзі, яе прышэсце ці не з сусвету, з чорных дзірак і злых агаладалых у вечным апраметным змроку планетаў-карлікаў. I была ў тым нараджэнні вялікая брыдота, і адначасова – і вялікая любасць. Як і ў кожным нараджэнні некага існага. Бо гэта па сваёй сутнасці першапачаткова быў промысел вялікага Творцы. Так нараджалася не толькі зло, але і перасцярога, і пакаранне існуючаму ўжо злу. I па-над Прыпяццю пракаціўся жахлівы рык. Рык уладання і зліцця, злучэння жывога і мёртвага, жывёльнага звярынага сораму і амаль чалавечай бессаромнасці, радасці нараджэння і смутку пачатку памірання. Першы крык, ад якога ў ягоных жылах скамянела і састыла кроў. Прыпяць збілася са сваёй хады, і расступіліся яе воды да самага дна, выкрыўшы на тым дне грэшную русалку і вялізную блакітнай крыві п’яўку, што наравіла прысмактацца паміж вялізных цыцак той русалкі. Загаласілі і застагналі воды, уліўся кроўю і слязьмі, учарнеў белы пясок, схапіўся агнём чырвоны ракітнік.
Нараджэнне адбылося, нехта невядомы датуль нікому прыйшоў на зямлю. Звер перакінуўся ў чалавека, чалавек перакінуўся ў звера. Звярыны і чалавечы дух увайшоў у новую істоту, яна прыняла той дух. I ён, чалавек на возе, голы пасярод дарогі, роўна на палову падзеленай горкай – што ад Мазыра і Нароўлі, што ад Чарнобыля – аднолькава, – прыняў той незямны дух. Прыняў і скарыўся яму. А мо гэта ён і сам на тую хвіліну нарадзіўся, перакінуўся немаведама ў каго. Перакінуўся і пайшоў, пайшоў.
Па-над вечным спакоем і замілаванасцю непазбежнага святога і грэшнага жыцця да зямлі падкрадваўся, прыхінаўся да яе долаў, дуброваў і ніваў – з некага ці нечага жывога і, здаецца, гожага, перакідваўся ў пошасць і брыдоту. I гэтае пракудлівае перакідванне зачароўвала прагай адбыцца, здзейсніцца звярыным жаданнем жыць. I гэтая прага да існавання, жыцця, пэўна, вымушала невядомую яшчэ істоту да самажэрства, самаедства. Хвост істоты прарос ікламі, кожная поўсцінка на ім пераўтварылася ў зуб. Зуб зліўся з зубам, узняўся жоўтым клыкам. I хвост напаў на галаву. А галава кінулася жэрці той хвост, як правалілася ў сваю ж уласную ср…ку. I на зямлі, густа палітай кроўю, вырас спачатку круглы і бязногі, як прыпалы да пяску і моху, стары і руды грыб-пшыкалка. I тая порхаўка-пшыкалка раптам набыла даўгую і дзыбатую ў чорнай, што ў малпы, поўсці нагу і чырвоную, як у падасінавіка, ці некалі ў міліцыянера галаву-шапку. I шапка-галава ўзнялася да хмараў, але, пэўна, шыя не ўтрымала яе. Вялізны страшны грыб зноў пшыкнуў, шпокнуў, ды так, што па Прыпяці аж бурбалкі пайшлі, і прах пасыпаўся на зямлю і раку, як з той торбы, што з вялікага жабрацкага нашага горбу. Воды ракі сталі горкімі, а лясы няўчасна пажоўклі.
I людзі на горцы, на беразе ракі, што сумна ўзіраліся ў сіні, што вока, блакіт даляглядаў, назапашвалі сінь і блакіт у сваіх вачах, тужылі, спадзяваліся і чакалі. Новых стагоддзяў і сённяшняга дня, калі яны абвесцяць свету аб сабе, калі прарэжацца на свет іх слова, сальецца з гоманам іх дуброваў, шэптам іх вятроў, рачных хваляў, трапяткою тугой і радасцю полымя вогнішчаў. Чакалі мо і яго на гэтым гнядым коніку, калі ён узбярэцца на іх крутую, намошчаную стагоддзямі, прахам іх жыцця, бласлаўлення і праклёнаў гару. Усе гэтыя людзі пачалі моўчкі хіліцца долу, і падаць, што снапы ў малатарні.
Але самае дзіўнае, што ён таксама знаходзіўся сярод тых людзей, быў на той гары, хоць і не бачыў сябе там. Не бачыў, але адчуваў, што ёсць, ні то як прах, пясчынка малая, ні то як праклён нечы ці бласлаўленне. Увесь яго род быў там, уся яго радня. Сябе ж ён хоць і не бачыў, але адчуваў. Адчуваў сваё дыханне і перасцерагальны ці падахвочваючы ні то стогн, ні то крык.
А яшчэ, ён адчуў, што крычыць сам, даўно ўжо галосіць і лямантуе, а не чутно таму, што ўсё адбываецца ў сне.
Усё адбываецца ў сне. I гняды конік – сон, і падвода – сон, і гара, і гэтае прыпяцкае сіняе прыволле. Ён некім прыняволены да гэтага сну, таму што няма ўжо ніякага прыволля, усё надпрыпяцце каторы год у чорным тумане. I чорны сабака, што сядзіць у яго ў нагах на возе з таго чорнага туману… Адкуль узяўся гэты сабака? Мо воўк ці ваўкалака? Ён жа толькі што быў у мінуўшчыне, а цяпер во – на табе. Не згінуў, не спрах. Навошта ён тут, на возе? Хіба ж не мог бегчы за возам. Не, рассеўся, як пан. А сам ён коўзаецца па возе, вось-вось грымнецца вобзем, а чорны ваўкалака, як адліты з металу, сядзіць, нібы ўпаяны ў воз. Хто і што гэта – павадыр, вартаўнікнаглядчык? I куды гэта і навошта ён з тым ваўкалакам едзе? Па сваёй ахвоце ці яго вязуць?
Читать дальше