А засмучана загаварыла пра нашае маўчанне, якое ўсё часцей і часцей уздымае над намі ледзяную бязлістую крону. Мёртвыя галіны палохаюць А., і ёй здаецца, што мы ўжо ніколі не вернемся да слоў. Ніколі не загаворым. Алс ж мы дастаткова нагаварыліся і, стаміўшыся ад слоў і стаміўшы словы (што, вядома, горш!), ператварылі сваё маўчанне ў самую дасканалую мову кахання.
Ці ж не так?!
Пытаюся: не ў апраўданне сабе, а толькі таму, што люблю нашае маўчанне. Яно лепшы дарадчык у хвіліну поўнага непаразумення. Тыя доўгія-доўгія імгненні спакою, на гліняным дне якога павысыхалі ўсе нашы словы, нават літары — цешаць і ўлагоджваюць гэтаксама ж, як цешыць і ўлагоджвае адкрытая праз Багдановіча і зразумелая перш за ўсё кветкам і старым фотаздымкам трысняговая просьба безабароннай Еўропы: De la musique avant trute chose [ 2 2 Радок Поля Верлена.
].
Я ведаю, як расказаць пра нашае маўчанне, з чым параўнаць яго нерухомае лісце, праз якое ўвачавідкі праступаюць лёгкія для чытання табулатурныя знакі.
Зрэшты, мы не маўчым — перамаўляемся, забыўшыся на стомленыя словы, таму нашае маўчанне гучыць як канцэрт-імправізацыя. Мы перамаўляемся на мове смычкова-духавога эфіру, што заўсёды ўзнікае паміж намі, калі нашы словы пачынаюць стамляцца. Гэтак скрыпка, альт і віяланчэль перадаюць свой струнны страх флейце, габою і фаготу.
Давай разам паслухаем нашае маўчанне, знойдзем у ім вайсковую флейту, убачым, як парадна яна саступае паветраную сцежку матыльковай флейце-пікала і, жадаючы адпачыць, прыгожа сыходзіць у светлы куток дывановага ўтулля, імя якому — спакой.
Матыльковая флейта — яна ж высокагалосая сцябліна, тая самая сцябліна, з якое краўцы выскубваюць шмат вясёлых нітак, а паэты здабываюць толькі адну, шэрую, і дзеляць яе з працавітымі Мойрамі. Яна вырастае і па-агароднаму згінаецца над куртуазным з прыспанымі вейкамі клавесінам, і разгублены клавесін выбачаецца перад ёю за свой прыдзверна-швейцарны выгляд і спрабуе прыстасаваць яе высокі голас у яшчэ адну сваю падоўжную струну.
Скрыпка, альт і віяланчэль пачынаюць апавядаць пра новы струнны страх, мусіць, зусім не зразумелы, бо матыльковая флейта цішэе, уражаная пачутым, паслухмяна складвае крылцы і хаваецца ў пастаральнай крапіве фагота, з якое, марудна падымаючыся, узыходзіць чорная лілея габоя.
Ручаінкавыя смыкі, захоўваючы празрыстасць тонкіх пальцаў страдыварнага апостала Франсуа Турта, пакідаюць свае струны, узносяцца над скрыпкаю, альтам і віяланчэллю, як над трыма, абжытымі толькі пацалункамі, астраўкамі, з якіх і ўтвараецца аскетычны архіпелаг нашага маўчання.
З ручаінкавых смыкоў, не засмучаных струнамі, складаецца ў паветры лёгкі трохкутнік, умацаваны калафонскай смалою — утвараецца франтон блакіту з чорнай лілеяй пасярэдзіне.
Нарэшце і для цярплівай гітары вызваляецца прастора. Гітара доўга чакала гэтую прастору, сіроча студзіла струны на каніфольным чужым скразняку. Гітара гучыць хрызантэмна, як ручны нахілены долу клавесін, які шчодра ахвяраваў свае маленькія клавішы на каралі Еўтэрпе.
Чорная лілея габоя кладзецца на гітару, а ручаінкавыя смыкі вяртаюцца да сваіх струн, — і самы час прыгадаць, як ты палохаешся майго раптоўнага смутку, майго доўгага маўчання; самы час цябе супакоіць, разгарнуўшы санатную прозу Блока: «Со мной бывает вот что: я — весь страсть, обожание, самое полное и самое чистое; вдруг все проходит — является скука, апатия (мне незачем рисоваться), а иногда отчаянная беспредметная тоска».
Бачыш, так ужо было, так будзе й пасля нас, таму паслухай і супакойся, як супакоілася чорная лілея, сагнуўшыся над пастаральнай крапівой; як супакоіліся клавесін, скрыпка, альт і віяланчэль, атрасаючы з паперы нотную расу; як супакоілася (я адчуваю гэта!) наша першая будучая страта — страта яшчэ не ведаю чаго, але ведаю, што яна пакуль далёка, хоць вайсковая флейта, перапыніўшы фагот, і ахоўвае нашу надзею пільным эпітэтам — падманная...
Так, наша першая страта яшчэ далёка. Але няхай гэта будзе страта маладосці, радасці нават паэзіі — толькі не страта спакою, бо той, хто страціць спакой, страчвае і чыстае каханне.
12. СВЕТЛЫ БІБЛІЯТЭЧНЫ ПАДВАЛ
Французская фраза змяшчае ў сабе даволі аб'ёмны змест, усё адно як маленькія парыжскія завулкі шмат самых розных дамоў. Зрэшты, даўно заўважана: сціслы еўрапейскі сінтаксіс адпавядае рацыянальна-лапідарнай будове еўрапейскіх гарадоў і, наогул, сугучны ўтульным маштабам еўрапейскай геаграфіі.
Читать дальше