Дзедаў, прадзедаў вечны спачынак.
Воддаль, у тых жа пясках, – янычары.
Соснаў велічных шэпт безупынны
ў спёку, слоту, дзень зноўку бясхмарны.
Кроплі сіняга кінуты ў зелень.
Белы крэмень на шэрай зямлі.
Шаблі Ўсходу наскрозь праржавелі,
па капцах чабарком узышлі...
Час чыесь там падлічвае крокі,
назапашвае радасць і жах.
Моўчкі неба праз хмары-аблокі
тчэ блакіт па жалезных крыжах...
Шчок ружовасць ад свойскай вяргіні,
рычагі змазалілі далонь.
Мой ты, штампам народжаны, сіні,
тут гарачы канвеерны конь!
Сіл зямных набіраецца колас,
свой, пшанічны, жытнёвы, святы!
Песня просіцца ў высі і ў голас.
Эх, той клуб за чатыры вярсты!
І за хлеб “дзякуй” скажа не кожны...
Ды аб чым тут, такое бяды!..
Лугу дальняга подых мурожны,
пругкіх колаў палосы-сляды!..
У гушчары запаведнага лесу
вёрткай сцежкі заблытаўся след.
Праз імжы праступае завесу
сухастоіны грузны шкілет...
Мох сыры, павуцінне па гліцы,
набрынялы ад вільгаці грыб;
толькі думцы адсюль і прабіцца
да далёкіх, утульных сяліб...
Больш стагоддзя, бадай, прастаяла,
німбам сонца вянчаючы ствол...
Смерць, Фінал. Ды дзесятак бязмала
маладых паднялося вакол.
На камені ўладкаваўся ён,
зялёныя заплюшчыў вочы.
Ні дня яму, ні ночы
ўжо тыдзень. О старэчы сон!
І чайкам гойдацца няма на чым,
і процьмы баязліўцаў асмялелі:
палоняць берага пясок і мелі –
ляжаць упокат праведны з благім.
Ні дна б яму, ні ночы!..
Трызубец крабы точаць...
Нептуне! Ці ж радкамі перадам,
як ружавеюць пад усмешкай лета
прапорцыі чароўных дам
і ножкі пульхных дзетак?
Разгорнешся... А сіл няма стрымаць
ні голас твой, ні ўспененае цела.
Убачу першы знак – малы грабеньчык белы –
і буду разам з чайкамі чакаць
з тужлівым пачуццём уражлівай істоты
на твой жыцця суровы пераказ.
І з горыччу пытаць (ужо каторы раз!):
– Хто я? І што – ты?
Нязменны зор шляхі. Палярная вяла,
каб перасільваў, колькі сіл хапала,
свой страх, твае бясконцыя валы.
І плакаў узрушаны, пазнаўшы кліч жытла –
дрыготкі твар агню на родных скалах.
Я, велічны. І ўсё ж такі малы!..
Ужо вецер ветразі ўзялі. І першы вал,
што нарадзіўся там, за шэрым небасхілам,
ударыў, у свае паверыў сілы
і знік, і зноў цалуе шчокі скал.
На рэйдзе, дзе іх, велічных, трымае
фундамент ім патрэбны – глыбіня,
застылі, тоячыся на экране дня,
пяць сілуэтаў у арэолах чаек.
І раптам – рэзкі свіст. І шторму зыркі знак
трапечацца на клоціку*, а ўзняцца – аніяк.
Пад кілем мрок. Над ім – гарачыня
машынных сэрцаў непамернай сілы.
Той вечны бой, у якім усё няма
наяўнай перамогі – каменя магілы!
* Клоцік – частка карабельнай аснасткі для вывешвання сігналаў сцяжкамі.
Як Базыль ў паходзе канаў,
ўсё старонку сваю спамінаў...
М.Багдановіч
У бухту на захадзе сонца
белыя яхты зайшлі.
– Ці не бачылі вы зямлі,
па якой я сумую бясконца?
Тут апошні прытулак мой.
Вам – толькі ад шторму ўкрыцца.
Вам – пашэнціць. А мне – мо прысніцца
куст каліны над ціхай вадой?..
Ля гары, што завуць Аю-Даг,
тлеюць косці паўночных бадзяг...
За якія ж, мой Божа, грахі?
Што ў серцы збалелым нясуць
гневу полымя, горычы ртуць,
ціхі сум саламянай страхі?..
Разета (некалі Давідаў знак нясла...)
рыпіць счарнелаю, палушчанай фанерай.
Крапчае брыз... І сцёбае без меры
фасад з бясспрэчнасцю пячаці мастака.
Ну што ж вы, сцены сінагогі ўзнёслай,
прытулак скрынкам з-пад спажыўтавару?!
Вам, векапомным, ці да твару
усё, што саткалі часу кросны?
На лавачцы стары: ужо болей не сагнуць,
лагоднае, семіцкае аблічча.
Драмаў у зацішку. Цяпер, здаецца, ліча
тых птушак, што аліўку скрозь нясуць...
О, камяні! Што з вамі робіць час,
з якім нічога мы зрабіць не можам!
Читать дальше