Шчасце,
Таямніцы
I руціна.
Грэшныя,
Няўцешныя гады...
Нас жыццё каціла і круціла,
Біла і па карку, і пад дых.
Не мінаў
Ні журавель,
Ні бусел.
Абсыпала попелам бяда...
На былое як ні азірнуся —
Мне зусім нічога не шкада.
З берага другога
Свечкі свецяць,
Хоць, здаецца, спалены масты...
Як тады,
На цэлым белым свеце —
Двое:
Ты і я.
I я, і ты...
Не глядзі мне ўслед,
Нібы старому.
На расстанне не махай рукой
Яшчэ доўга нашаму парому
Плысці віратліваю ракой.
Ты яшчэ не раз
Зязюляй шэрай
Будзеш перагуквацца са мной.
Будзе ціха набліжацца бераг
3 адзінокай гонкаю сасной.
Будуць над высокімі слупамі
Пралятаць вясновыя шпакі.
Будзе нестарэючая памяць
Узірацца ў заўтра з-пад рукі...
Помню я завеі і дажджы ўсе
I цябе з рамонкавым вянком.
Хоць і да сівых валос дажыўся,
Я ў душы застаўся юнаком.
Свеча горела на столе,
Свеча горела...
Барыс Пастарнак
На ўсёй зямлі спыніўся час.
I ў гэтым часе
Ты засталася ля пляча,
Ты засталася.
I месяц
Стомленым ваўком
Схаваўся нанач.
Шумела Нарач за вакном,
Шумела Нарач.
Каб зоркі бліскалі ў акне,
Мы не хацелі.
Трымцелі цені но сцяне,
Трымцелі цені.
Нам сну не даў вясновы час —
Вясёлы скнара.
I вечнасць цэлую
Для нас
Шумела Нарач...
Як абрынецца ў зялёных шатах
Квецені чаромхавай абвал,
Майскімі начамі
Сняць дзяўчаты
Тайны свой мужчынскі ідэал.
I да іх,
Калі не прынц,
Дык рыцар
Скача на запыленым кані,
Каб насупраць весніц прыпыніцца
I спытаць дарогу ў цішыні.
Як трапеча ўзрушанае сэрца —
Аж да горла коціцца адчай:
Што, калі ён міма пранясецца,
Нават не зірнуўшы з-за плячэй
I ў сталіцах,
I ў сеседніх сёлах,
На развілках тысячы шляхоў
Так іх мала,
Дужых і вясёлых,
Стройных і прыгожых жаніхоў!
Так нячаста выпадае дзіва
Між жартаўнікоў і запявал
Напаткаць аднойчы
Свой адзіны,
Свой зямны мужчынскі ідэал!
I ніколі,
Аж да самай смерці,
Да завейных адзінокіх дзён,
3 запаветнай памяці
Не сцерці
Той вясновы, той чароўны сон
На шырокім лузе,
На папары,
У затоцы ціхай,
У трысці
I буслы, і качкі ўсе —
Па пары.
Так ужо заведзена ў жыцці.
Пад дажджом,
Пад ветрам радыяцый,
Калі ўсё пастаўлена на кон,
Толькі ўдвух і можна пратрымацца —
Гэтакі няпісаны закон.
У цяжкой мітрэнзе шматвяковай
Удваіх
Заўжды прасцей было
I гняздо ад ворагаў ахоўваць,
I падлёткаў ставіць на крыло...
Вось і чалавеку
Не да твару
Не захоўваць мудрасці ключы —
Вечна
Богам дадзеную пару,
Як жыцця заруку,
Берагчы.
Ты снішся мне,
Далёкая такая,
Як незваротнай маладосці знак.
Я зноў цябе здарожана гукаю
I дагукацца не магу ніяк.
Шукаю нашы даўнія сцяжыны,
Што зараслі высокаю травой.
I колецца мне кожны куст ажыны
Маёй віной.
А можа, і тваёй.
Ні злоснага дакору,
Ні праклёну,
Ні рэўнасці ў маёй душы няма...
Маўчаць табой пасаджаныя клёны.
I стыне на губах тваё імя.
Мае аднагодкі-сяброўкі,
Мой першы наіўны спалох.
Ускінуты здзіўлена броўкі.
На вуснах — рамонкаў, пылок.
Дзяўчаты майго юнацтва,
Зялёнай, бяссоннай пары...
Змаглі вы такімі ж застацца.
А я -
Беззваротна стары.
3 касынкай
Ці ў модным бярэце
Вы зноў прыбягаеце ў сне...
Я ўсіх вас прашу:
Не старэйце
I не праганяйце мяне.
Як майская песня для птушак,
Я з выраю часу
Гатоў
Вярнуцца да вашых вяснушак,
Да сцежак дзіцячых гадоў.
Я помню
I воблакі тыя,
I здані ўначы ля куп'я...
Якія вы ўсе маладыя,
Адзін толькі ведаю я...
Прыцішыцца няма калі
Мне на жыццёвым перавале.
На грэшнай стомленай зямлі
Мяне любілі і кахалі.
Жанчыны —
Лепшыя з жанчын —
Мне лоб далонямі студзілі.
I локця жураўліны клін
Мільгаў,
Як цень,
На небасхіле.
Читать дальше