Ўсё Святгор'е да Смаргонь
Зжэр нянавісці агонь,
Што таіўся пад зямлёй...
Той, што ў маці ўпоўз змяёй.
Маці села на маю
Правую сядзець руку:
«Выцягні з мяне змяю,
Мой жураўку-жураўку»,
Я абняў сыру зямлю,
Стаў цягнуць з яе змяю —
Левай не магу рукой
Выцягнуць змяі такой.
Села маці на маю
Левую сядзець руку:
«Выцягні з мяне змяю,
Мой жураўку-жураўку».
Я абняў сыру зямлю,
Стаў цягнуць з яе змяю —
Правай не магу рукой
Выцягнуць змяі такой.
Маці я падняў маю,
Кінуў у сыру зямлю.
Я падняў на плечы печ —
Кінуў маці ў горла з плеч.
«На ты, маці, падавіся,
Ты змяёю пакруціся!»
Пачала круціцца маці,
Дымам рваці, сажай рваці.
I праз комін у зямлю
Вырвала з яе змяю.
Быць перастала чорнаю змяёй —
I ўстала маці белаю царквой,
I, як царква, гукнулася здаля,
Звысоку, скуль тара — пустыя схілы.
Як азірнуццца — голая зямля.
Як углядзеццца — попел ды магілы.
Селі мы ў царкве на печы
I сядзім — адны на свеце.
A ці раніца? Ці вечар?
Цёмна. Пуста. Дым ды вецер.
Што рабіць, з чаго пачаць,
Як нічога не відаць?
I які пасеяць лён,
Каб без Сонца вырас ён?
Во загадка-загадайка,
Што пра курыцу ды яйка —
Галава адно баліць...
Ад няма чаго рабіць
Стаў я ў дым i вецер выць:
«Выспевай ты, Вяйнямёйнен
Маці ў карак: «Сціхні, Воўка!.
Злезла з печы i сказала:
«Ты й навучаны нямала —
I навукі ніякой.
Не такі ўжо голас твой...
Трэба разам... Талакой».
«Во, наладзіць зараз хор», —
Я падумаў.
Маці ў двор
Да суседкі Стапуліхі,
Там пазычыла грачыхі,
У Былінскіх памяняла
Грэчкі пуд на лусту сала,
З салам збегала ў Ваўкі,
Памяняла на цвікі,
A цвікі занесла ў Клышкі,
Памяняла ix на кніжкі
I прынесла: «На чытай.
I не вый, не замінай...»
Падала да кніжак чаю —
Я ляжу сабе... Чытаю...
Верны вешчы Вяйнямёйнен
Стаў на кантэле іграці
Так, што слёзы з Каве-маці
Пакаціліся крыштальна —
Слёзы шчасця... lx сабрала
Залатая ў моры вуця,
Склала ўсе ў жытло-гняздзечка,
Выседзела шчасцянятак,
I яны з калена Каве
Разляцеліся па свеце...
Струн пачуўшы пералівы,
Ты заплакаў?.. Ты шчаслівы.
У тваё гняздзечка-хатку
Прыляцела шчасцянятка.
Я сеў на печы, звесіў ногі з неба,
З якога Бог мяшком мяне прагнаў...
Пра тое думаць стаў, пра што не трэба,
Што за жыццё мяшкамі нацягаў.
Пыл у мяшкі збіраў, a думаў — шчасце.
На свеце тым — мяшок не развязаць.
Заставіў хату — яблыку не ўпасці.
Завесіў вокны — яблынь не відаць.
I што
мяне купляла?.. Рабавала...
Пяць кос тупых ды шэсць зламаных віл
Ну то i добра, што ў агні спалала.
Не засціць свет i не збірае пыл.
Кайса, вуця залатая,
Шчасцянятка залатое,
Запыталася б ты ў Бога,
У якога ўсяго многа,
Можа, мае Божа тое,
Ну, не надта дарагое,
Для маёй гаротнай маці,
Каб заплакала ад шчасця?..
Кніжка — вуцяй з рук!.. За ёю
Паляцеў сторч галавою
Я, зусім без галавы,
У кацёл чарны-травы,
Дзе варыўся ўжо бурліва
Самагон для талакі...
Маці крыкнула жахліва!
Потым бачыць: я жывы,
Хоць i трохі не такі —
I заплакала шчасліва...
А я жыў у маці ў хаце,
Біў па ўсім, што ў ёй было:
«Што зварыў, кацёл твой, маці,
Чорнае тваё дупло!..»
А цяпер — пра што пытаці?
Позна плакаць-гараваці,
Воўкам, ветрам завываці:
«Ты адна, мая ты маці,
I Айчына, i святло...»
A маці шкадаваць: «Не плач... бывае.
Я ж не крыўдую... дый не ў навіну,
Што маці б'юць i тузаюць... струну
Не закрані — яна не заспявае...»
«Як Бог, ты, маці, хітрая такая...»
«Так не кажы... Бо маем мы ад Бога
Адразу ўсё з нябеснага каша...
Вунь дзіцянятку з целейка малога
Яшчэ расці... a ўся ўжо ў ім душа.
Усё — любоў... тутхітрага нічога...»
«Але ж пяе па-рознаму струна...»
«Як любіш ты пчалу — яна для Бога
Спявае... ненавідзіш — дыкяна...»
— Для мухі-прасвістухі! — мне пчала
У кацялок, у макаўку ўпякла! —
Палёг на печы! Труцень! Абібок! —
I два разы яшчэ! У кожны бок! —
Развесіў сліні, нюні: родны край...
А ты яго не горлам праспявай,
А ты яго — рукамі! Ты — гарбом!
Каб у ваконца Сонца ў кожны дом!..
Читать дальше