«Дзякуй, Божа.
Буду жыць
З тым, што ёсць... А маю — многа...»
«Мала не бывае ў Бога, —
Усміхнуўся хітры Бог. —
Ты памог мне — я памог,
Гэны — гэнаму,
папхнулі,
павалілі — i пайшло!..»
«А што было.
Што папхнулі, павалілі...»
...Знаў я Хокана i Вілі,
Юху знаў, Ану i Пекку,
Вяйнямёйнена старога...
На зямлі, бадай, нікога
I няма, каго не знаў...
Ды хітрэйшага за Бога
Беларуса, фіна, грэка,
Хоць цыгана, хоць габрэя —
Далібог, не сустракаў.
Думаў Бог: усё, я здаўся.
Не на гэнага нарваўся...
«Так тут пуста... чыста-сіне...
Матэр'яльных спраў няма...»
Мы сядзелі
чын па чыне,
Ён на вечнай аблачыне,
Я на печы на аўчыне,
Кожны ведаў месца... «Сыне!..»
Маці ўскрыкнула.
Дарма...
«Ты вярні імя жанчыне.
Гэта ж гук пусты — імя».
I ўчуўся мне
Касмічны Боскі Выдых!..
I разам —
Сонца выйшла,
Месяц выбег,
I зоры ўсе
у рой
з усіх дарог
Зляцеліся, каб чуць, што скажа Бог.
А Бог — да Маці: «Ты ў Мяне ні піць
Hi есці не прасіла — прытуліць
Да сэрца сына ты Мяне маліла.
I ты маліла — i твая магіла.
Дык вось ён, той, каго да сэрца туліш
I пасля смерці...» — Богсказаў i ўстаў.
Так капялюш услед пчале прыўзняў
Стары...
I ў Бога, хто мая матуля —
Пацалаваўшы, я пытаць не стаў.
«А імя? — спытаў. — Жанчыне?..»
Бог нябёсы як расчыне
Ды як крыкне! — я ў кусты,
Не ўяўляў Яго такога:
«Слова Бога — гук пусты?!.»
I знайшлі мяне, п'янога,
Незямнога, ледзь жывога,
Ну, такога — што не жыць,
У кустах, дзе Бог пасеяў,
П'яныя Лявон з Ляксеем,
Сталі радасна душыць:
«Чыста сіла ў самагонцы!
Будзем піць адно яе!
Ад яе пчалой пад сонцам
Галава звініць-пяе...»
«От жа дух у сама гона!
Аднаго i будзем піць!
Ад яго нябесным звонам
Галава пяе-звініць...»
I думаў я пяючай галавой:
«Хоць міг пражыць, але пражыць пчалой...
I спухаў, як
у галаве звініць:
«Хоць міг прысніць, але з пчалой прысніць
I ў дупле заплюшчыў вочы:
«Спіце, пчолы. Добрай ночы...»
I быў голас: «Спі, мой госць.
Сон твой — гэта ўсё, што ёсць...
...Імя тваё — усё, што ў цябе ёсць, —
Далей казаў ён. — З тым ты нарадзіўся
I з тым памрэш. I не нябесны госць,
Хто выракся імя. Самаспаліўся.
У Богу Бога ты раззвераваў,
Сказаўшы, што імя — як гук пустэльны...»
«Не пра сваё я! I не так казаў...»
«Шануй імя. Яно — твой крыж нацельны.
Цалуй імя...»
I я пацалаваў
Імя, як мяне маці цалавала...
I Кайса, павярнуўшыся, сказала:
— I так тут цесна!.. Дзе яго ты ўзяў?..
Жыцця няма ад гомасексуалаў.
— Ты дзе была?
— У Бога, дзе ж яшчэ!..
Засос на шыі ў Кайсы... На шчацэ
Кустоў падрапы...
— Так нас Бог цалуе?
— Калі ты кінеш піць напрапалую?
Дарваўся да Радзімы — i ў кусты!
Нібы няма ў нас ложка з траў гаючых...
— Дык гэта я быў?..
— Хто ж, калі не ты!
Не Бог у тых кустах.
Не Дух Святы...
I стала мне так крыўдна, так балюча
За наш народ!..
А пчолка Кайса ў рот,
Што я разявіў, ад пітва мікстуры
Як сыпане! — я з Дуба, з верхатуры
Як скакану! — бо рот пячэ, жывот!
Бяда!..
Так даў я дуба за народ,
Што гіне ад
адсутнасці культуры.
Ну, а памёр... дык штож... зтакой бяды...
Канечне, норма меней...
Час.
Гады.
— Раззвераваўты Бога тым імя...
A ўсё-ткі: хто яна?
— Яе няма.
— Няхай няма... Праблема засталася:
Адмовіў
Богу злосці
пчолцы Кайсе.
Сказаў Ён Сонцу: «Зловяць — падымайся.
А то прывыклі, каб усё за так,
Ды яшчэ плакаць: як мы драты, біты!..»
Дык ты ўяві: якія трэба ніты?
Якія сеці i які рыбак...
Выспевай ты, Вяйнямёйнен,
Як ты выспеваў нанова
Калявалу па пажары,
Непапалены бары,
Выспевай так, Вяйнямёйнен,
Мне спрадвечнае Святгор'е —
Хоць на той, ці хоць на гэты,
Хоць на гэны бок гары.
Хоць на захад, хоць на ўсход,
Хоць ты задам напярод,
Хоць бы люба, хоць нялюба,
Хоць пад плотам, хоць пад дубам,
Ды каб толькі ясна стала:
Тут стаіць, як тут стаяла!
Выспевай ты, Вяйнямёйнен,
Як ты выспеваў нанова
Калявалу па навале —
Кожны хутар, кожны дом,
Выспевай так, Вяйнямёйнен,
Намі страчаную волю,
Нашу долю з сінім лёнам,
Поле наша з тым ільном,
Читать дальше