Круціцца ў нябёсах яйка,
Пасыпайка-Засявайка:
Ваўчаня. Мядзведзік. Зайка...
Ходзіць Бог па сцяне
У чырвоным каптане:
Воўку — казка, Зайку — байка...
Як мне лепшым з лепшых стаць?..
Каб кахаць i быць каханым?
Можа, мне тарой паўстаць?
Можа, легчы мне туманам?
I, паклаўшы ў люльку-Неба,
Бог Зямлю закалыхаў:
«Каб каханым быць, дык трэба
Каб хто-небудзь пакахаў».
«А каб лепшым? Во на стулькі...» —
Мезенец я паказаў.
«Стулькі выпала ўжо з люлькі», —
Палец Бог у неба ўзняў.
Тут i ўцяміў крэўскі малец,
Не гapa i не туман:
Калі ў неба кажа палец,
Дык адзін баран на палец
Пазірае, як баран.
Мне міргнула
Неба вейкам!..
Падлавіў я цудам нейкім
I лябёдку, i лася...
Сам, як мезенец, маленькі,
А душа ўва мне — уся.
I ў яе —
Бы ў плаўкі горан —
Я з агнём i дымам горкім
Удыхнуў Сусвет-Святгор'е
I, як мог, з яго каваў
Лёгкае пяро лябёдкі,
Малако кароў няцельных,
Воўну доеных авечак
I ячменнае зярняці — ...
Калаўрот i Дуб скаваў,
Авадня, каб не кусаў...
Ды не змог скаваці маці.
Бог не даў.
...Я Богу ўсё перамаўчаў,
Як сіла слабла,
I кнігу шостую пачаў... —
Да д'ябла!
Ён спакусіў узняць кулак
На самым нізе —
I праступіў ягоны знак
На шостай кнізе.
Каб зноў я ў мораку начы
Глядзеў, здзіўлёны,
На строгія, як на мячы,
Пісьмёны.
Каб меч, які мне лес скаваў,
Я ўзяў — i рогам
Упёрся, i паспрабаваў
Пабіцца з Богам.
I калі Бог мяне зваліў,
Як Дуба вецер,
Душа мая пяяла: быў!..
Любіў на свеце.
Пакінуўшы свята на свяце,
Я выйшаў, адчуўшы спіной,
Як легка адразу за мной
І весела сталася ў хаце.
Цямрэча гусцела ў падворку,
А з вокнаў імжэла святло
Адтуль, дзе мяне не было,
Дзе кінуў я смех i гаворку.
I доўга на блізкіх i родных,
З якімі ў застоллі сядзеў,
Глядзеў я, гледзеў i глядзеў,
Прыпаўшы да шыбін халодных.
I плакаў амаль да відна.
На свяце жыццё сатанела.
Піло. Цалавалася. Ела.
I толькі жанчына адна
Адчула мой позірк сірочы,
Убачыла цень у акне
I глянула так на мяне,
Так вочы ўтаропіла ў вочы,
Нібыта яна распазнала
Ці вылюдка, ці ведзьмака —
I ў жаху застыла рука,
Якой на мяне паказала.
Так я памёр.
На яве.
Сапраўды.
Не піў ні самагонкі, ні вады.
Бог не даваў. Казаў:
«Папіў. Пабіўся».
I я ў яго пад пахай пасяліўся,
Дзе зоркі ўсе. I дзіўны сон мне сніўся:
На Дубе залатыя жалуды.
I думаў я:
Ну што ж... калі памру,
Збяру ўсе трэскі, лісце i кару
Сваёй душы — i занясу да Бога
Усе грахі майго жыцця зямнога
Да каліва ды пылу i трухі:
Даруй ты, Божа,
Мне
Свае грахі.
Бог мяне як гахне мехам! —
Смецце зорнае мне ўслед!..
А як яшчэ пакінуць гэты свет?..
Калі не так?..
Ca светласцю.
Ca смехам.
21.04-9.06.2003, Хельсінкі
ВЯЛІКДЗЕНЬ
Крэўскае паданне
Крэўскай Свята-Аляксандра-Неўскай царкве, у якой хрысціліся i адпяваліся бацькі мае, дзяды i прадзеды, ахвярую
У воя — меч,
У змея — джала,
I — хто хутчэй!.. Hi слёз, ні жалю.
Запісанае на скрыжалі
Паданне гэтае самой
Паганскай
даўніной
сівой,
Той, што ваўчыцаю
Начамі
Ля Крэва выла, ля Барун,
Дзе панаваў над крывічамі,
Глядзеў каменнымі вачамі
Без слёз i жалю
Бог Пярун,
Дзе ўдзень сляпіў Ярыла вочы,
Караў Вялее без дай віны,
I страшылі шашыгі ўночы,
Хіхітуны, шчылікуны,
У доле — Дох,
у лесе — Лешы,
I ці ты вершнік, ці ты пешы,
Калі дужэйшы — дык жывы,
Слабейшы — мёртвы...
Скрозь у Кона
Адны правы, адны законы
I для людзей, i для травы.
Паганскі свет —
свет грубы, люты,
Свет без сумневаў,
свет без смуты,
Такі, які ён быў здавён,
Калі зямлю ў нябёсах гушкаў
I ўсім багам даваў закон
Жыцця i смерці
толькі ён:
I чалавек, i звер, i птушка,
Сам бог
i богу бозе —
Кон.
Закон адвечны даўшы свету,
Ён спачываў — i вечны гэты
Закон ніхто не парушаў...
Кон i ў агні, i ў дыме спаў,
Ён спаў ва ўсім, паўсюль:
у пушчы,
Палях i рэках,
там, дзе цвердзь,
i дзе вада,
Каб зразумець
Мог чалавек i звер, i птушка:
Усе
Народжаны
На смерць.
Читать дальше