Было ixмнога... Столькі — не злічыць...
I столькі ж у жанок, сплятаўшых сеці,
Мужчын было, каб кожную — любіць.
I Кайса да мяне прыльнула —
вецер...
Спляталі палюбоўнікам вянкі,
У луг i лес апранутыя, дзеці...
— Скажы мне, Кайса: для чаго ім сеці? —
А Кайса: «Ах!.. Няўважлівы які!..
Ты нават не заўважыў, што такая,
Як сеці, ноч купальская даўгая...
Скажы: так доўга
ты кахаў?.. любіў?..»
I ўджаліла, каб я яе не сніў,
Мой мёд сабраўшы, залатая муха!..
Я ўбачыў Ільмарынена: ён плыў
У чоўне тым, што мне пакінуў Юха.
Ляцела Кайса легка над вадой,
Спяваючы — верацяно пустое!
Абы круціцца ёй!..
«Прысядзь са мной, —
Сказаў мне Ільмарынен. — Залатое
Ты меў што-небудзь у сваім жыцці?..»
«Пчалу».
«I ўсё?»
«Бадай што...»
«Адпусці!»
«Чаму?»
«Бо залатое ўсё — не тое...
Адкаваў я неба кроквы,
Дах лятучаму паветру,
Караблі каваў i зброю,
Рыб каваў, звяроў i птушак,
Анічога ў Калявале
I няма, што не скаваў я,
Ды таго скаваць не выйшла,
Што хацеў скаваць найболей.
Браў я золата марское,
Срэбра браў з рачных быстрыцаў,
Кідаў ix у плаўкі горан,
Каб скаваць сабе нявесту,
Жонку любую для ўцехі —
Выйшла з горана авечка
Серабрыста-залатая.
Хай бы бэкала авечка,
Ды я кінуў яе ў горан
I каваў з яе нявесту,
Жонку любую для ўцехі —
Выйшаў з горана жарэбчык
Серабрыста-залацісты.
Хай іржаў бы той жарэбчык,
Ды яго я ў горан кінуў
I каваў, каваў нявесту,
Жонку любую для ўцехі —
I нарэшце выйшла дзева
З залатымі валасамі.
Адкаваў я рукі, грудзі,
Губы, вочы, як жывыя,
I паклаў сваю нявесту,
Жонку любую для ўцехі
На высокія падушкі,
На пуховую пярыну,
На засланы шоўкам ложак —
А яна не абдымае.
Насцяліў я цёплых коўдраў,
Шалікаў, накідак, хустак,
Дываноў ваўняных, мяккіх,
Воўчых i мядзведжых футраў —
Толькі холад пранізае
Ды марозам цягне лютым.
I рашыў я: Вяйнямёйнен,
Што дачку не ўзяў у Лоўхі,
Хай маю нявесту возьме,
Жонку любую для ўцехі.
Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Падарунак мой не ўзяўшы,
Так спытаўся: «Ты ўсчадзіўся,
Ці агню аб'еўся ў кузні?..
Kiнь ты ў го ран тэту дзеву
I накуй карысных рэчаў».
Стаў тады каваць я Сонца,
Кінуў дзеву ў горан плаўкі
i каваў тры дні i ночы,
Адкаваў, падняў на елку
Над святой палянай Восма —
Толькі Сонца не свяціла.
Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Што зірнуць прыйшоў на Сонца,
Так спытаўся: «Ты ўсчадзіўся,
Ці агню аб'еўся ў кузні?..
Золата не стане любай.
Сонцам золата не стане».
Не стрываў я:
— Ільмарынен!..
А нашто каваў ты жонку?..
— Бо адна, што ўзяў у Лоўхі,
Жонка першая, памерла,
А другую жонку ў чайку,
Не стрываў, перакаваў я,
Каб лятала ў дальнім моры
I на хвалі там крычала.
— А нашто каваў ты Сонца?..
— Бо варонай чорнай Лоўхі,
Каб за Сампа нам адпомсціць,
Узляцела, Сонца ўкрала,
Цёмнай стала Калявала.
«Вось чаму яна такая
Ноч купальская даўгая!» —
Зірнуў я ў ноч... I ўбачыў на вадзе
I пад вадой святла блуканні... Плямы,
Што ў возеры ўсплывалі дзе-нідзе...
— Там камяні... карчы... прадонні... ямы.
Сказаў каваль, з тугой пацёршы скронь. —
Знайдзі, дзе ён стаіўся...
— Хто?..
— Той самы
Шчупак... ці сіг, які зглынуў агонь.
«Як не стала ў небе Сонца,
Як яго не адкаваў я,
Дык здзівіўся нават Ука,
Цар нябесны, Бог вярхоўны,
Што так светла ва ўсім свеце —
I так цёмна ў Калявале.
Ён на межы неба выйшаў,
Стаў у сіненькіх панчошках,
Выбіў ён агонь з пазногця,
З пальца выпусціў зарніцу,
I аддаў іскрынку тую
Дзеве вольнага паветра,
Каб яна злюляла Сонца
З той іскрынкі Калявале.
Дзева села на аблоках,
На крайку высокай хмары,
Каб агонь на ёй люляці,
Закалыхваці зарніцу
У чырвоназлотай люльцы
На сярэбраных падвязках,
Каб хутчэй расло з дзіцяці
Сонца цёмнай Калявале.
Ды ўсчалася навальніца,
Перагнуўся дах нябесны,
Выпала дзіця з калыскі,
Тая кропля залатая,
Праляцела, прашыпеўшы,
Вокамгненная, праз хмары,
I ў глухую ноч упала —
Невядома, як далека...
Тую вогненную іскру
Я пайшоў шукаць па свеце,
I пайшоў шукаць са мною
Іскру тую Вяйнямёйнен.
Праплылі Няву-раку мы,
За Нявой сустрэлі Каве,
I сказала маці сыну,
Дзе шукаць агонь нябесны.
Читать дальше