Векавечны Ільмарынен,
Што каваў для Лоўхі Сампа,
Мне скаваў такія граблі,
Адкаваўтакія вілы,
Каб па ўсёй зямлі зграбала,
Каб да месяца дастала.
Я зграбла ўсе чыста косці,
Віламі знасіла мяса,
Склала цела майго Ахці,
Майго Каўкі, Каўкам'елі,
Не хапае ў ім двух пальцаў
I жыцця ў ім не хапае.
Кайса, пчолка залатая.
Два разы ты ўжо лятала,
Паляці яшчэ i ў трэці
За нябесныя вышыні,
За дзявятае за неба,
За Мядзведзіцы лапатку
Ды за спіну сямізор'я,
За касу сузор'я Дзевы,
Скуль да Боскага палацу
Недалёкая дарога,
Дзе ты возьмеш мёду ў Бога,
Што Ён толькі сам смакуе,
Толькі Ён ім валадарыць,
Каб зрасціць уцэла часткі,
Хай сабе i без двух пальцаў,
Майго Ахці, Каўкам'елі,
I ўдыхнуць у ix жывое...»
Я падумаў, што такое
Мне не менш, чым Каўку, трэба,
Каб раскіданыя часткі
У сабе зрасціць уцэла,
Хай бы нават без двух пальцаў...
Ды не стаў прасіць у Кайсы,
Бо ўжо ведаў, што спытае:
«Ці дачку ты сватаў Лоўхі,
Доннай Поўначы ўладаркі,
Ці здабыў лася Гардэчу,
Жарабя ўскілзаў Нязлоўцу,
Лебедзя злавіў Святыню,
I пасля цябе на часткі
Сек пастух у мокрай шапцы,
Насадзіўшы востры месяц
На павалены маланкай
Дуб стотысячнагадовы,
I ляцелі, нібы трэскі,
Па зямлі далёка косці,
I скрываўленае мяса
На сякеру наліпала?..»
Пакуль пчала нястомная лятала
Да Бога ў госці, я пабыў адзін
На Месяцы... Адтуль было відаць
Адразу ўсё, што бачыў я па частках,
Калі быў на зямлі i ў частках жыў...
Я там не бачыў, што я там згубіў,
А тут адкрылася:
i лебедзя Святыню,
i жарабя Нязлоўцу,
i лася...
I нават згуба гэтая — не ўся.
Ды тое — патаемнае... Няхай...
Не, не Айчына... Не зямля, не край,
Дзе я з усімі разам кукурэкаў —
Такое б лепш згубіць...
«Сустрэўся з Пеккам!» —
За Месяцам я ўчуўлятучы крык,
Які ў ражок ударыўся i знік.
I жаргнуў ён па мне, нібыта пуга!..
Я ж некалі лятаў! Ныраў на дно!..
У Крэве вечар... з танцамі кіно,
Мяне чакае Кася там даўно,
А я, як Леммінкяйнен-валацуга,
Пасечаны, на Месяцы ажно...
I там Купалле! Што мне Міттумары!..
A ў Менску сумна піва п'юць у бары
Лявон з Ляксеем... Кажа Аляксей:
«Давай шукаць Валодзьку, дзе ён дзеўся?..»
«Ён агню аб'еўся?..» —
Лявон пытае.
Кажа: «Не касей, —
Яму Ляксей. — Не астранаўт. Не Амстранг».
Я рваў для Kaci ў Стапуліхі астры,
Крычала тая: «Ты свае пасей!..»
«Пайшоў па бабах», — кажа Аляксей.
Амаль што i ўгадаў... З нябёс дзявятых,
З-пад самага сузор'я Дзеў крылатых
Зляцела Кайса, лёгкая, як сон...
«Тады за Месяц!» — піва ўзняў Лявон.
«Цудадзейным мёдам Бога
Маці сына націрае,
Мажа косці па расчэпах,
Мяса мажа па разрэзах,
Мажа зверху, мажа знізу
I ў сярэдзіне, дзе будзе
Ажываць у ім жывое,
Каб стаў гэткім, як ранейшы,
За ранейшага стаўлепшым...»
«Як ранейшым лепшым стаць?..»
A Леммінкяйнен стаў ужо ўставаць,
Пацягваўся спрасонку, валацуга...
«Я з Хоканам сустрэўся!» — крыкнуў з луга
Лятучы гімназіст. За ім сястра
Мігцела, як жарынка ад кастра:
«Раздумала я дапрадаць кудзелю!
Павесяліцца лепей у нядзелю
На Міттумары!.. Кюллікі! Сто год
Не бачыліся! Кінь ты граблі-вілы!..»
Размашысты ў Фінляндыі народ.
Вясёлы. Аўсё кажуць, што панылы...
«Я здабыўлася Гардэчу,
Жарабя ўскілзаў Нязлоўцу,
Лебедзя злавіў Святыню», —
Як ранейшы i як лепшы,
Абудзіўся Леммінкяйнен,
Кюллікі сказала: «Кінь ты...»
«Ты падзякаваў бы Богу,
Мне i Кюллікі, i Кайсе,
I занёс дахаты граблі,
Зацягнуў дахаты вілы,
Каб ix зноў наступным разам
Не каваў мне Ільмарынен», —
Маці стомлена сказала,
Толькі лепшы Леммінкяйнен,
Не падзякаваўшы Богу,
Маці, Кюллікі i Кайсе,
Згледзеўшы, што ясны Месяц
Плыў усё далей ад цёмнай
Пох'ёлы, дзе валадарыць
I дачок гадуе Лоўхі,
Ды такіх, што ў ix са скроняў
Срэбрана святло ліецца,
А з грудзей сцякае сонца,
З плеч — Мядзведзіцы блісканне,
Ca спіны ўсіх зор зіхценне,
Скочыў з Месяца адчайна
Валацуга Леммінкяйнен,
Як стаяў, сторч галавою,
Пракрычаўшы: «Без двух пальцаў
Як цягнуць мне граблі-вілы?..»
«Што ж...» — тут Кюллікі сказала,
Узляцеўшы за сястрою
I лятучым гімназістам.
Было ў нябёсах велічна i чыста.
Мяне даўно ўжо ні адно з дзівос
I не здзіўляе, апрача нябёс.
Читать дальше