— А ты, скажы, дзе быў? Дзе ты блукаў?
Адкуль i як у гэты свет з'явіўся?
Вароты зрушыў?.. Збіў замок?..
Іскрыўся
У ёй агонь: у целе, унутры.
Я захінуў кашуляй:
— Не згары... —
Але знутры агонь не захінаўся.
I я падумаў: «Што ні гавары —
А як ніяк... Нібы i не з'яўляўся...»
Каб не адказваць, я спытаў:
— А ты?
— Сюды я замуж выйшла з беднаты, —
Зусім не тое, што чакаў, сказала
Яна ў адказ. — Ты бачыў... За капрала.
Але яго забілі на вайне.
— Цябе таксама, Кася?..
— Што ты! Не...
Хто мог забіць? Я нават не памерла...
Пчалою стала.
— А чаму пчалой?
— Бо мёд люблю. А ты мне, як малой,
На донца! Кроплю!..
— Кася, ты павер мне...
— Ды веру, веру... Думаў: я пчала?
Яна празрыста-голая была
У залатым агні: пчала?.. жанчына?..
Яна спытала раптам:
— Як Айчына?.. —
I тут жа крыльцы тонкія ўзняла
I паляцела...
— Скачы за мной! — цераз агонь ляцела
Пчала-жанчына... Я адчуў, як цела
Празрыста-голым стала — i ўзляцеў,
I слухаў над агнём пчаліны спеў,
Яму ў адказ гукаўся...
«Што ты мне дасі за гэта,
Калі я цябе дастаўлю
На радзімую старонку,
Даімчу да самай хаты,
Каб ты слухаў, як зязюля
Там гады твае кувае?..»
«А чаго б ты захацела,
Калі ты мяне даставіш
На радзімую старонку,
Даімчыш да самай хаты,
Каб я слухаў, як зязюля
Там гады мае кувае, —
Шапку золата ты хочаш,
Ці ты возьмеш срэбра шапку?..»
«Ах ты хітры песнятворца,
Ведаеш, што абяцаеш,
Бо мне золата навошта,
Як сама я залатая,
Як яно — забаўка дзецям,
Срэбра — коням для убранства.
A ці можаш ты мне Сампа
Разам з накрыўкай стракатай
Адкаваць з пяра лябёдкі,
З малака кароў няцельных,
З воўны доеных авечак
I з ячменнага зярняці?
Вось за што цябе дастаўлю
На радзімую старойку,
Даімчуда самай хаты,
Каб ты слухаў, як зязюля
Там гады твае кувае».
«Я скаваў бы табе Сампа
Разам з накрыўкай стракатай
З лёгкага пяра лябёдкі,
З малака кароў няцельных,
З воўны доеных авечак
I з ячменнага зярняці,
Каб даставіла да дому,
Толькі сумна мне адному
Будзе слухаць, як зязюля
Там гады мае кувае».
«Дык дастаўлю з прыгажуняй,
Чараўніцаю-дачкою
Лоўхі, Пох'ёлы ўладаркі,
Каб яна табе спявала,
Каб не слухаў, як зязюля
Там гады твае кувае...»
— Я мрою, Кайса?.. Гэтак не бывае...
— Вазьмі зярнятка, воўну i пяро,
А малака надоіш... На дабро
Нічога не шкада. Адкуй мне Сампа!
— Калі б умеў, дык я даўно ўжо сам бы...
Хіба зашкодзіў мне б чароўны млын?
Сцішэла Кайса:
— Што ж... Жыві адзін.
Хто марыць пра чароўнае — умее
Чароўнае каваць...
Я ўбачыў: тлее
Адно крыло! I Кайсу падхапіў:
— Ты надта блізка да агню лятаеш!
Яна спытала:
— Ты мяне кахаеш?..
Каго кахаць?. Пчалу-жанчыну... Кайсу,
Ці Касю?.. Хто яна?..
— Ды не кусайся! —
Усклікнуў я — уджаліла яна!
— Пайшлі купацца. Даставай да дна! —
Яна нырнула. — Што ты невясёлы?..
Адно я ведаў: не ныраюць пчолы.
— Калі ж купацца, як не на Купалле!
На Міттумары!.. Юханас!.. — Яна
Глыбей плыла... I ўся была відна,
I пад вадой свяцілася знутры...
Мяне перавярнула дагары —
I ўбачыліся зоркі, ясны месяц
Так нізка над вадой, нібы павесіў
Яго, скаваўшы, на цвічку каваль...
Мы праплывалі каля дна амаль,
Але ніяк да дна не даставаў я:
Вось-вось... вось-вось... а дно ніжэй,
ніжэй...
Нарэшце, камень... i на камень стаў я..
— Табе жыццё ці Кайса даражэй? —
Перавярнуўся пада мною камень
I нада мной — накрыў i прыдушыў,
I выціснуў з мяне, нібы ціскамі,
Мой дух увесь, я ўжо зусім не жыў,
Таму сказаў — што мёртваму? — што
Кайса...
— О, Віпунен!.. Дарэмна... Не старайся
Што скажа ён, не ведаючы, што?.. —
Шапнула Кайса каменю. — А хто
Цябе сюды закінуў, быццам камень?..
«Гэты вешчы Вяйнямёйнен,
Каве сын, паветра дзевы,
Мацеркі вады, што з хваляў
Падняла адно калена,
Каб на ім зляпіла вуця
Для сябежытло-гняздзечка,
Залатых нанесла яйкаў
Шэсць, а сёмае — з жалеза,
Каб упалі яйкі ў воду,
Каве, Ільматар у лона,
I каб з яйка, з ніжняй часткі,
Цвердзь стварылася зямная,
I каб з яйка, з верхняй часткі,
Звод нябёс паўстаў высокі,
I з жаўтка каб, з верхняй часткі,
Сонца яснае паўстала,
I з бялка каб, з верхняй часткі,
Ясны месяц засвяціўся,
Ca стракатай шкарлупінкі
Зоркі высыпалі ў небе,
А з жалезнай цёмнай часткі
Хмары ў ім павыплывалі...
Читать дальше