МАРКУ ВАЎЧКУ [219] Марка Ваўчок. Марыя Аляксандраўна Вілінская (1833— 1907) — вядомая ўкраінская пісьменніца. Пісала на рускай і ўкраінскай мовах.
На памятку
24 студзеня 1859
Яшчэ нядаўна за Уралам
Блукаў я і Хрыста прасіў,
Каб наша праўда не прапала
I слова каб не памірала,
I вымаліў. I бог усім
Цябе паслаў нам — як прарока,
Суддзю драпежных крывасмокаў.
Праменьчык мой, свяці ярчэй!
Мая зараначка святая!
Мая ты сіла маладая!
Свяці на шлях мой, абагрэй
I сэрцу зноў вярні надзею,
А з ім і я памаладзею,
Душой пакутнай ажыву,
I думку вольную на волю
Аж з дамавіны я ўзніму.
I думку вольную... О доля!
Прарок ты наш! Мая ты доня!
Тваёю думку назаву.
ІСАІЯ [220] Ісаія — старадаўні яўрэйскі прарок, жыў у Іудзейскім царстве ў VIII ст. да н. э. Яму прыпісваюць аўтарства адной з кніг бібліі.
. ГЛАВА 35
(Перайманне)
Май радасць, ніва непалітая!
Зямля, мая радасць не павітая
Травой квяцістай! Узрасці,
Ружовым крынам працвіці!
I працвіцеш, пазелянееш,
Як Іярданавы святыя
Лугі густыя, берагі!
I чэсць Кармілава [221] Карміл (Кармель) — гара ў Палесціне.
і шана
Ліванава [222] Ліван — ланцуг гор на тэрыторыі сучаснага Лівана.
, а без спадмана,
Цябе акрые дарагім
Залатканым, хітрашытым,
Дабром ды воляю падбітым,
Святым амофарам [223] Амофар — дэталь культавага адзення найвышэйшага праваслаўнага духавенства.
сваім.
А людзі цёмныя, сляпыя
Дзівосы бога ўбачаць тыя.
I спачнуць у нявольнікаў
Стомленыя рукі,
I калені адпачнуць,
Што ў кайданы ўкуты!
Радуйцеся, ўбогадухі,
Не бойцеся дзіва,—
Гэта судзіць, вызваляе
Бог доўгацярплівых
Вас убогіх. А злодзеяў
Ён за зло карае!
Тады, як на зямлю святая,
О божа, праўда прыляціць
Хоць на гадзінку адпачыць...
Сляпыя ўбачаць, а крывыя,
Як сарна з гаю, стрымгануць.
Нямых пакіне немата,
Прарвецца слова, як вада,
Пустэльня з доляю калючай,
Вадою ўмыўшыся гаючай,
Прачнецца ўся, і пацякуць
Вясёла рэкі, і азёры
Наўкол гаямі прарастуць,
Вясёлым птаствам ажывуць.
Ажывуць стэпы, азёры,
I не верставыя,
А вольныя, шырокія
Скрозь шляхі святыя
Прасцеляцца: і не знойдуць
Тых шляхоў улады,
А рабы шляхамі тымі,
Без крыку і гвалту,
Пасыдуцца ў гурт адзіны
Радасна, вясёла.
I пустэльню апануюць
Вясёлыя сёлы.
Калісьці, як і ты, лілея
На Іярдані расцвіла
I над зямлёю пранясла
Святое слова і надзею.
Калі б і ты, Днястровай кветкай...
Не, не! Крый божа! Разапнуць.
Кайданным шляхам павядуць.
I ты, мой цвеце, кволы гэткі...
Не вымаўлю...
Вясёлы рай
Пашлі ёй, божа! Божа, дай
Ёй толькі долю ў гэтым свеце
I больш нічога не давай.
I не бяры яе вясною,
Нябесны рай не абяцай,—
Тут, на зямлі, тваёй красою
Налюбавацца ўволю дай.
Ой маю я вочкі, родная маці,
Няма каго, матухна, ды аглядаці,
Няма каго, сэрцайка, ды аглядаці!
Ой, маю я ручкі, родная маці,
Няма каго, матухна, ды абнімаці,
Няма каго, сэрцайка, мне абнімаці!
Ой, маю я ножкі, родная маці,
Ды няма з кім, матухна, мне паскакаці,
Ды няма з кім, сэрцайка, мне паскакаці!
СЯСТРЫ [224] Сястра — Ярына Рыгораўна, па мужу Бойка, на 2 гады маладзейшая за брата. Прыязнасць між імі існавала ўсё жыццё.
Праходзячы па ўбогіх сёлах
Панаддняпроўскіх невясёлых,
Я думаў: — Дзе спыніцца мне?
I дзе падзецца мне на свеце?
I потым бачу ува сне,
Што дрэўцы ў садзе ў белым цвеце
I на ўзгорачку стаіць,
Як быццам дзеўчына, хаціна.
Дняпро шырокі разгарнуўся!
Аж ззяе бацька ды гарыць!
Гляджу: у цёмненькім садочку,
Пад вішанькай у халадочку
Мая адзіная сястра!
Многапакутніца святая!
Нібы ў раю адпачывае
Ды з-за шырокага Дняпра
Мяне гаротная чакае.
I ёй здаецца — вынырае
3-за хвалі човен той, плыве...
I ў хвалі потым і знікае.
— Мой брацітка! Мая ты доля! —
I мы прачнуліся. А ты...
На паншчыне, а я ў няволі!..
Вось так нам давялося йсці
Яшчэ ад малку колкай нівай!
Сястра, маліся! Будзем жывы,
Дык бог паможа перайсці.
Ва Іудзеі ва дні оны,
У часе Ірада [225] Ірад — надзвычай люты іудзейскі цар (73—4 г. да н. э.). Па евангельскай легендзе, Ірад, пачуўшы пра нараджэнне Ісуса, даў наказ выразаць усіх немаўлят у Віфліеме.
цара,
Вакол Сіона й на Сіоне
Паскуднічалі легіёны
Раманскія. А у цара,
У Ірада таго самога,
I на парозе і за парогам
Стаялі ліктары. А цар...
Самаўладарны валадар!
Лізаў у ліктара халяву,
Каб на выдаткі на усе
Хоць поўдынарыя [226] Дынарый — срэбная рымская манета.
пазычыў:
А той кішэняю трасе,
Вымае грошы і не лічыць,
Як быццам старцу ён дае.
I п’яны Ірад зноўку п’е!
Дык вось не ў самым Назарэце,
А у якімсьці там вярцепе,
Марыя сына прывяла
I ў Віфліем з малым пайшла...
Бяжыць паштар ад Віфліема.
— Паслухай, цар, расказ ты мой!
Гірса і кукаль з лебядой
Расце ў пшаніцы. Гэта племя
Давідава ў нас узышло!
Сячы, пакуль не узрасло!
— Дык што ж! —
Прамовіў Ірад п’яны,—
Па царству ўсім пазасякаць
Малых дзяцей, бо род паганы
Не дасць як след дацараваць.
Паштар быў п’яны, гаварылі.
Аддаў сенату ён указ,
Каб толькі ў Віфліеме білі
Малых дзяцей.
Ратуй ты нас,
Дзіцёнак праведны, вялікі,
Ад п’янага цара-ўладыкі!
Табе з ратункамі прыйшла
Ад горшага святая маці.
Ды дзе ж нам тую маці ўзяці?
Мы сэрцам голым дагала!
Рабы з какардаю на лобе!
Лакеі ў залатой аздобе...
Анучы, смецце з памяла
Яго вялікасці. Дый годзе!
Читать дальше