Ўставала сонца з-за магілы,
I люд быў рады па начы,
А маці і не задрамала,
Дачку вячэраці чакала
I цяжка плакала, ждучы.
Ой, тры шляхі шырокія
Ды разам зышліся,
На чужыну з Украіны
Браты разышліся.
Пакінулі сваю маці.
Той жонку пакінуў,
А той — сястру, а найменшы —
Мілую дзяўчыну.
Пасадзіла тады маці
Тры ясені ў полі,
А нявестка пасадзіла
Стромкую таполю.
Тры яворы пасадзіла
Сястра пры даліне...
А дзяўчына маладая —
Чырвань-цвет каліну.
Не прыжылі тры ясені,
Таполя ўсыхала,
Паўсыхалі тры явары,
Каліна завяла.
Тры браты не вяртаюцца —
Плача горка маці,
Плача жонка з дзетачкамі
У сцюдзёнай хаце.
Сястра плача, йдзе шукаці
Братоў на чужыне...
Для заручанай дзяўчыны
Робяць дамавіну.
Тры браты не вяртаюцца,
Па свеце блукаюць,
А тры шляхі шырокія
Цернем зарастаюць.
Н. КАСТАМАРАВУ [115] Верш «Н. Кастамараву», як і іншыя творы цыкла «У каземаце», напісаны ў час следства над Шаўчэнкам і іншымі ўдзельнікамі Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства (17 красавіка — 30 мая 1847 г.).
[116] Кастамараў Мікола Іванавіч (1817 — 1885) — вядомы гісторык, паэт і драматург, адзін з арганізатараў Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства.
Вясёла сонейка гуляла
Ў вясёлых хмарах веснавых,
Гасцей закованых сваіх
Сардэчным чаем частавалі
I вартавых перамянялі,
Сінемундзірых, вартавых.
I да дзвярэй, на ключ замкнутых,
Да тых, да кратаў на акне
Прывык я трохі... I ўжо мне
Не жаль было даўно адбытых,
Даўно пахованых, забытых
Крывавых цяжкіх слёз маіх.
Ці мала разлілося іх
На сухаполле... Хоць бы рута,
А то нічога не ўзышло!
I ўспомніў я сваё сяло...
Каго я там калі пакінуў?
Бацькі ляжаць у дамавіне...
I жалем сэрца запякло,
Няма каму мяне згадаці!
Гляджу: твая праходзіць маці
Чарней ад чорнае зямлі,
Як з крыжа знятая, мой браце...
Малюся! Госпада хвалю!
Хваліць яго не перастану!
Што я ні з кім не падзялю
Маю турму, мае кайданы!
Садок вішнёвы каля хаты,
Хрушчы над вішнямі гудуць,
Ратаі з ворыва ідуць,
У вёску спеў нясуць дзяўчаты —
I рады маткі іх пачуць.
Сям’я сабралася ля хаты,
Зара вячэрняя ўстае.
Дачка вячэраць падае,
Ёй маці хоча даць парады,
Дык салавейка не дае.
Паклала маці каля хаты
Маленькіх дзетачак сваіх,
Сама заснула каля іх,
Заціхла ўсё... адно дзяўчаты
Ды салавейка не заціх.
Рана ўранку навабранцы
Выходзілі за сяло,
А за імі, маладымі,
I дзяўчо адно пайшло.
Падыбала стара маці
Дочку ў полі даганяці...
I дагнала, прывяла,
Наракала, гаварыла,
Покі ў землю палажыла,
А сама ў старцы пайшла.
Мінулі годы, а сяло
Выгляд не змяніла.
Толькі пустку ў канцы сяла
Годы пахілілі.
А ля пусткі на мыліцы
Маскаль кандыбае,
На садочак пазірае,
Пустку аглядае...
Марна, браце! Чарнабровай
Не відаць у хаце.
Не пакліча на вячэру
Ў хату яе маці.
А даўным-даўно...
Калісьці! Ручнікі ўжо ткалі
Ды мярэжылі хусціну,
Шоўкам вышывалі.
Думаў жыць, і мілавацца,
Ды бога хваліці!
А прыйшлося... Ні да кога
Ў свеце прытуліцца.
Сядзіць сабе каля пусткі,
На дварэ змяркае,
А з акна, як тая баба,
Сава выглядае.
Ў няволі цяжка... Хоць і волі,
Сказаць па праўдзе, не было.
Ды ўсё сяк-так жыццё плыло,
Хоць на чужым, але на полі...
Цяпер жа злой ранейшай долі
Чакаць, як бога, прыпякло.
Яе чакаю, выглядаю,
Дурны свой розум праклінаю,
Што даўся дурням абдурыць,
У лужы волю утапіць.
Аж стыне сэрца, як згадаю,
Што не ў Ўкрайне пахаваюць,
Што не ў Украйне буду жыць,
Людзей і госпада любіць.
Па-над полем ідзе,
Не пракосы кладзе,
Не пракосы кладзе — горы.
Стогне зямля, стогне мора,
Стогне ды гудзе!
I касца ўначы
Сустракаюць сычы.
Косіць ён, не спачывае,
Ні на кога не зважае,
Нават не прасі.
Не крычы, не прасі,
Не кляпае касы,
Ці то прыгарад, ці горад,—
Нібы брытвай стары голіць
Усё, што дасі.
Мужыка й шынкара,
Сірату кабзара;
Прыпявае стары, косіць,
Кладзе горамі пракосы,
Не міне й цара.
Читать дальше