«У гаю, гаю
Вецер не йграе;
Месяц высока,
Зоркі зіяюць.
Сэрцайка, выйдзі,—
Я выглядаю;
Хоць на гадзінку,
Мая рыбінка!
Выглянь, галубка,
Ды паваркуем,
Ды пасумуем:
Бо я далёка
Сёння вандрую.
Выглянь жа, пташка,
Сэрцайка, выглянь,
Пакуль блізенька,
Хоць паваркуем...
Ох, цяжка, цяжка!»
Гэтак, ходзячы пад гаем,
Ярэма спявае,
А Аксаны ані знаку,
Як ні выглядае.
Зоры ззяюць; сярод неба
Месяц зіхаціцца;
Верба слухае салоўку,
Глядзіцца ў крыніцу;
На каліне, над вадою,
Так і вылівае,
Як бы знае, што дзяўчыну
Казак выглядае.
А Ярэма па даліне
Кволым ходзіць ходам,
Не слухае салавейкі...
«Ой, нашто мне ўрода,
Калі няма долі, калі крыўды гнуць.
Леты маладыя марна прападуць.
Адзін я на свеце без роду і долі —
Сцябліна-быліна ды на чужым полі,
Сцябліну-быліну вятры разнясуць;
Так і мяне людзі не знаюць, дзе дзеці.
За што ж адракліся? Што я сірата.
Адно было сэрца, адно на ўсім свеце,
I душа, як сонца, адна ясната,
Дый тая зраклася!»
I хлынулі слёзы.
Паплакаў гаротны, уцёр рукавом.
«Бывай жа здарова. У далёкай дарозе
Найду або долю, або за Дняпром
Галавою лягу... А ты не заплачаш,
А ты не пабачыш, як груган клюе
Тыя кары вочы, ой, вочы казачы,
Што ты цалавала, сэрцайка мае!
Забудзь мае слёзы, забудзь сіраціну,
Забудзь, што клялася,— другога шукай!
Я табе не пара; я ў шэрай свіціне,
Ты ж — дачка ктытара... Лепшага вітай!
Вітай каго знаеш... Такая мне доля.
Забудзь мяне, пташка, забудзь, не журыся!
А калі пачуеш, што на чужым полі
Палёг галавою,— цішком памаліся.
Адна, сэрца, на ўсім свеце
Хоць ты памаліся!»
Дый заплакаў гарапашны,
На кій пахіліўся.
Плача сабе ціхусенька...
Шалесць!.. Калі глянуў:
Каля гаю, як ласачка,
Крадзецца Аксана.
Забыў, пабег, абняліся...
«Сэрца!» — дый самлелі.
Доўга, доўга толькі — «Сэрца!» —
Дыў ізноў нямелі.
«Годзе, пташка!» — «Яшчэ трошкі,
Яшчэ... сізакрылы!
Душу вымі!.. Йшчэ раз... йшчэ раз...
Як мяне ўтаміла!»
«Адпачынь, мая ты зорка!
Ты з неба зляцела!»
Паслаў світку. Як ясачка,
Ўсміхнулася, села.
«Сядай жа й ты каля мяне!»
Сеў дый абняліся.
«Сэрца маё, мая зорка,
Як я занудзіўся!»
«Замарудзіла я сёння:
Бацьку штось змарыла,—
Яго ўвесь час даглядала...»
«А мяне й забыла?»
«Ах, які ты, ей жа богу!»
I слёзка бліснула.
«Не плач, сэрца, я жартую».
«Жарты!»
Усміхнулась.
Прыхілілася галоўкай
Дый нібы заснула.
«Бач, Аксана, я жартую,
А ты ўпраўду плачаш.
Ну, не плач жа, на мяне глянь:
Заўтра не пабачыш.
Заўтра буду я далёка,
Далёка, Аксана...
Заўтра ўночы ў Чыгірыне [39] Чыгірын, Чыгрын — горад на Чаркашчыне. Быў сталіцай украінскіх гетманаў пачынаючы з Багдана Хмяльніцкага.
.
Свянцоны дастану;
Срэбра-золата ён дасць мне,
Дасць ён мне і славу;
Адзену цябе, абую,
Пасаджу, як паву,—
На пасадзе, як гетманку,
Буду любавацца...
Пакуль не ўмру — любавацца».
«А можа й так стацца:
Разбагацееш, у Кіеў
Паедзеш з панамі,
Шляхцяначку сабе знойдзеш,
Забудзеш Аксану!»
«Няўжо ёсць дзе прыгажэйша?»
«Стрэнешся мо й з лепшай».
«Гневіш бога, маё сэрца:
Няма прыгажэйшай!
Ні на небе, ні за небам,
Ні за сінім морам —
Няма больш, як ты, прыгожай!»
«Што гэта гаворыш?
Апомніся!»
«Праўду, рыбка!»
Дый знову, дый знову.
Як бачыце, яны доўга
Паміж чулых словаў
Цалаваліся ўсім сэрцам,
Колькі сілы мелі;
Плакалі ды бажыліся,
Туліліся, млелі.
Ёй расказываў Ярэма,
Як ім жыцца будзе
Удваёчку, як золата
I долю здабудзе.
Як выражуць гайдамакі
Ляхаў на Ўкраіне,
Як ён будзе панаваці,
Калі не загіне.
Аж абрыдала ўсё слухаць,
Далібог, дзяўчаткі!
«Вось які! Як бы й сапраўды
Абрыдла!..»
А матка
Або бацька як пабачаць,
Што вы, мае любы,
Чытаеце гэта дзіва,—
Грэха на ўсё губу!
Тады, тады... Ды ну яго,
А яно цікава!
А каб жа вам расказаць бы,
Як казак чарнявы
Пад вярбою, над вадою,
Абняўшысь сумуе;
А Аксана, як галубка,
Варкуе, цалуе.
То заплача, то замлее,
То галоўку склоне:
«Маё сэрца, мая доля!
Мілы мой саколе!
Мой!..» Аж вербы нагнуліся
Слухаць тую мову.
Вось так мова! Не скажу вам,
Мае чарнабровы,
Не раскажу проці ночы,
Прысніцца наліха.
Хай разыдуцца ціхенька,
Як зышліся ціха —
Ціхусенька, мілюсенька,
Каб ніхто не бачыў
Ні дзявочых дробных слёзак,
Ні шчырых казачых.
Няхай сабе... Можа, йшчэ раз
На гэтым на свеце
Яны стрэнуцца... пабачым...
А тым часам свеціць
З усіх акон у ктытара.
Што магло там стацца?
Трэба глянуць, расказаці...
Бадай не ўглядацца...
Бадай не ўглядацца, бо якое ж свята!
Бо за людзей сорам, бо сэрца баліць.
Гляньце, паглядзеце: то канфедэраты,
Людзі, што меліся волю бараніць.
Бараніць, загубцы!.. Будзь праклята маці,
I дзень, і гадзіна, калі панясла,
Калі спарадзіла, на свет прывяла!
Глядзеце, што робяць у ктытара ў хаце
Пякельныя дзеці!
У печы палае
Агонь і свеціць на ўсю хату.
Сабакай у кутку дрыжыць
Пракляты жыд. Канфедэраты
Крычаць ктытару: «Хочаш жыць?
Скажы, дзе грошы?»
Той маўчыць.
Пастронкамі скруцілі рукі,
Аб землю ўдарылі... Няма,
Няма ні слова. «Мала мукі!
Давайце прыску! Дзе смала?
Крапі яго! Так! Халадзее?
Хутчэй жа прыскам пасыпай!
Што? Скажаш, шэльма?.. I не стогне!
Заўзяты, бестыя! Чакай!..»
Насыпалі ў халяву жару...
«Цвічок у цемя забівай!»
Не выцерпеў святое кары,
Упаў няшчасны — прападай
Душа без споведзі святое!
«Аксана... дочка!» — дый сканаў.
Зірнулі ляхі з неспакоем,
Хоць заядлыя. «Якую ж нам
Цяпер даць раду? Памяркуем.
Цяпер з ім нечага рабіць.
Запалім цэркву!»
«Гвалт! Ратуйце!
Хто ў бога веруе!» — крычыць
На дварэ голас у бяссіллі.
Уздрыгнулі ляхі: «Хто такі?»
Аксана ў дзверы: «Ах, забілі!»
Дый пала крыжом. Старшы з іх
Махнуў рукою на грамаду.
Панура шляхта, бы харты,
За дзверы выйшла. Сам жа ззаду
Бярэ самлелую...
Дзе ж ты,
Ярэма, дзе ты? Падзівіся.
А ён, вандруючы, спявае,
Як Налівайка [40] Налівайка — кіраўнік антыфеадальнага сялянскага паўстання, дзейнічаў і на Беларусі. У заўвагах Т. Шаўчэнкі да «Гайдамакаў» чытаем: «Паўла Налівайку жывога спалілі ў Варшаве... (Георгі Каніскі)».
з ляхам біўся.
Читать дальше