Добры дзень жа, тата, ў хату!
Ля свайго парогу
Багаславі маіх дзетак
У свет, у дарогу!
ІНТРАДУКЦЫЯ [25] Інтрадукцыя — уводзіны, уступ.
Была калісь шляхетчына
Вяльможная пані,
Мералася з маскалямі,
З ордай, з султанамі,
З немчурою. Было колісь...
Ды што не мінае?
Было, шляхта ганарыцца,
Дзень і ноч гуляе
Ды муштруе каралямі...
Не кажу Сцяпанам [26] Сцяпан — Стэфан Баторый, кароль Польшчы ў 1576—1586 гг.
Ці Янам Сабескім [27] Ян Сабескі — кароль Польшчы ў 1674—1686 гг.
:
Яны з незвычайных,—
А іншымі... Небаракі
Моўчкі панавалі.
Соймы, соймікі равелі,
Суседзі маўчалі,
Дзівіліся, як там з Польшчы
Каралі ўцякаюць,
Ды слухалі, як шляхецтва
Збэшчана гуляе:
«Nie pozwalam! [28] «Nie pozwalam!» — «Не дазваляю», права вета, забароны, якое меў кожны член сейма і мог сарваць любую яго пастанову, бо яны прымаліся толькі аднагалосна.
Nie pozwalam!»
I шляхта гвалтуе,
А магнаты паляць хаты,
Шабелькі гартуюць...
Доўга гэтак тварылася,
Пакуль у Варшаве
Панаваць стаў над ляхамі
Панятоўскі [29] Панятоўскі Станіслаў-Аўгуст — апошні кароль Польшчы, з 1764 па 1795 год.
жвавы.
Запанаваў дый думаў шляхту
Прыцішыць трошкі... I не змог!
Дабра хацеў, як дзецям матка,
А можа, йшчэ хацеў чаго.
Адно ён слова «nie pozwalam»
У шляхты думаў адабраць,
А потым... Польшча запалала,
Панкі сказіліся... Крычаць:
«Гонору слова, дарма праца!
Паганец, найміт маскаля!»
На гвалт Пулаўскага і Паца [30] Пулаўскі, Пац — польскія шляхціцы, кіраўнікі апазіцыі супраць Панятоўскага.
Ўстае шляхецкая зямля...
I — разам сто канфедэрацый [31] Канфедэрацыі — узброеныя аб’яднанні польскай шляхты, незадаволенай палітыкай Панятоўскага. Найбольш значнай была Барская канфедэрацыя (г. Бар), выступала пад сцягам абароны каталіцкай веры і сваіх шляхецкіх прывілеяў, супраць ураўнавання ў правах з праваслаўнымі. Адказам на здзекі канфедэратаў — членаў канфедэрацыі была Калііўшчына.
.
Разбрылі канфедэраты
Па Польшчы, Валыні,
Па Літве, па Малдаванах
I па Украіне,
Распаўзліся дый забылі
Волю ратаваці,
Ссябраваліся з жыдамі
Дый ну руйнаваці.
Руйнавалі, мардавалі,
Цэрквамі тапілі...
А тым часам гайдамакі
Нажы асвянцілі.
«Ярэма! Герш-ту [32] Герш-ту... (яўр.) — Ці чуеш...
, хамскі сыне!
Пайдзі кабылу прывядзі,
Падай пантофлі гаспадыні,
Мне прынясі вады, ідзі.
Падмяці хату, нясі дровы,
Пасып індыкам, гусям дай,
Пайдзі ў абору, дай карове,
Ды хутка, хаме!.. Пачакай!
Зрабіўшы ўсё, бяжы ў Вільшану [33] Вільшана — мястэчка Звенігародскага павета Кіеўскай губерні.
:
Ягомасць трэба. Не марудзь!»
Пайшоў Ярэма, йдзе чуць-чуць.
Вось так ад рання жыд паганы
Казаку жаху задаваў.
Ярэма гнуўся, бо не знаў,
Не ведаў, гаротны, што выраслі крылы,
Што неба дастане, калі паляціць,
Не знаў, нагінаўся...
О божа мой мілы!
Цяжка жыць на свеце, а хочацца жыць:
Хочацца глядзеці, як сонейка ззяе,
Хочацца паслухаць, як мора зайграе,
Як птушка шчабеча, байрак гаманіць
Або чарнабрыўка ў гаю заспявае...
О божа мой мілы, як весела жыць!
Сірата Ярэма, сіраціна ўбогі:
Ні сястры, ні брата, нікога няма!
Папіхач жыдоўскі, вырас ля парогу,
Людзей не чапае, долі ён не знаў.
Дый за што іх лаяць? Хіба яны знаюць,
Каго трэба гладзіць, каго катаваць?
Няхай банкетуюць... Аб іх доля дбае,
А сіраце трэба самому прыдбаць.
Трапляецца часам, ціхенька заплача,
Дый не з таго болю, што сэрца баліць:
Што-небудзь успомніць або што пабача...
Ды ізноў за працу. Так во трэба жыць!
Нашто бацька, маці, палацы, дукаты,
Калі няма сэрца з сэрцам размаўляць?
Сірата Ярэма — сірата багаты...
Бо ёсць з кім заплакаць, ёсць з кім
заспяваць;
Ёсць карыя вочы — як зоранькі ззяюць,
Белыя ручаткі — млеюць, абдымаюць.
Сэрцайка адно ёсць, сэрцайка дзявоча,
Што плача, смяецца, мрэ і ажывае,
Святым духам сярод ночы
Па-над ім вітае.
Вось такі ён, мой Ярэма,
Сірата багаты!
Калісь быў і я такім жа...
Мінула, дзяўчаты!
Мінулася, разышлося,
I следу не стала.
Сэрца млее, як прыпомню...
Чаму запрапала?
Чаму запрапала? Чаму не вітала?
Лягчэй было б слёзы, журбу выліваць.
Людзі адабралі, бо ім было мала:
«Нашто яму доля? Трэба закапаць:
Ён і так багаты!»
Багаты на латы
Й на дробныя слёзы — бадай не ўціраць!..
Доля мая! доля! Дзе цябе шукаць?
Да мяне вярніся, да роднае хаты,
Або хоць прысніся... не хочацца спаць.
Читать дальше