Чорныя вочы, чорныя вочы,
I ўсюды ўсё чорнае, чорнае.
Позірк мужчыны, позірк дзявочы —
Змрок ночы, затоны вячорныя.
Мройныя вочы ветлай Чыліты
З густой цямрынёй, а ласкавыя.
Цёплы агеньчык, сьмехам прыкрыты,
А ёсьць і зусім няцікавыя.
Чорныя вочы... Хіба я ўбачу
Блакітныя, а хоць-бы шэрыя?
Крочу паволі, проста наўдачу,
I людзкасьці, шчырасьці веру я.
Шум каля крамаў. Бачу — заўзята
Гандлююць віном і бананамі.
Надта страката, пышна, багата
З таварамі парассыпанымі.
Кветкі, кілімы, розныя рэчы
I людзі з чужою гаворкаю.
Іншыя песьні, месцы, сустрэчы...
Ці сталася доля мне горкаю?
Як стан арэшыны
Зімой асьнежаны, —
Красой застрэшаны,
Расой асьвежаны.
I нагінаецца
Сьцябламі тонкімі
Дый усьміхаецца,
Глядзіць рамонкамі.
Пялёсткі белыя,
Сардэчка жоўтае.
Аж набалелае
Пад грудзі боўтае.
I незабыўнае,
I штосьці роднае.
Ах, дрэва дзіўнае,
Увагі годнае.
Яно ўсьміхаецца,
Глядзіць рамонкамі.
Ізноў згадаецца
Мая старонка мне.
Было апаўночы.
Ужо на эстрадзе
Сьпявачка кіпела «Гранадай».
I палкія вочы
Насустрач Гранадзе.
Трашчаць кастаньеты цыкадай.
За песьняю — скокі,
I голас гітары.
Танцорка ў гарачым запале.
А я ўжо далёкі...
Употай, праз мары,
Мне ў вочы дзьве кроплі запалі.
Сяджу лятуценна.
Маё млее цела
Ў бяссоньніцы з доўгай дарогі.
Шампанскага пена
Ў крышталі асела,
А смагу суняць няма змогі.
Здалося, у скронях
Заміж кастаньетаў
Цымбалы зьвінелі, дурэлі.
Бягу ад староньніх,
Ад высмаглых кветаў.
Ноч. Сьвежасьць. Цыкадавы трэлі.
У Партугаліі калісьці
Жыў армянін пан Кульбэнкян.
Пачаў з таго, што боты чысьціў,
Пасьля ён браў шырэйшы плян:
Сусьветны гандаль меў на мэце,
I ў рукі золата плыло.
Зьбіраў каштоўнасьці па сьвеце,
Мастацтва ўносіла цяпло.
— Ён крыльле славы даў армянам,—
Пра гэта кажа Лісабон.
Вякі стаяць над Кульбэнкянам,
Палац-музэй — нязмоўчны звон.
Ён звоніць гэтакім багацьцем,
Аж цяжка словам перадаць.
Тут захапленьнем памяць гацім
I ўжо ўсяго не прыгадаць.
Гараць рубіны і тапазы,
Ляжаць раскошай дываны.
Лампады Сырыі, і вазы,
I рэчы грознай даўніны.
Ляжаць таксама манускрыпты
Сівой Арменіі пад шклом.
Гусіных пёраў чуеш скрып ты,
Калі схіліўся над сталом.
Ты чуеш голас тэй эпохі,
Гарачы подых тых вякоў.
Хацеў-бы я спыніцца трохі,
Дзівіцца працай мастакоў.
Антычнай Грэцыі манэты,
Парча, тканіна, габэлен.
Як сонцам, хараством сагрэты,
Стаю задумліва ля сьцен.
Але імклівыя хвіліны
Мінаюць шпарка па паўдні...
Вузоры дзіўныя тканіны
Як-бы ад нашае радні.
Уткана золатам калосьсе
I срэбрам вышыты цім'ян.
А можа гэта мне здалося,
Купец вялікі Кульбэнкян?
Я ўсё-ж упэўнены, тут мусіць
У скарб сусьветнае красы
Ўвайсьці і слава Беларусі:
Тканіна Слуцку — паясы.
З табою менавіта
Гадзіньнік мой ня цікаў.
I час і ўсё — забыта.
Дарога без пралікаў.
Былі ў раю і пекле.
Хвіліна за хвілінай
I — Альпы перасеклі,
Паймчаліся далінай.
I ты са мною поруч
Цішком адно хацела,
Каб слодычная горыч
Усхвалявала цела.
Каб хваткая хвіліна
Прабегла лёгкай сарнай
I потым на ўспамінах
Не засталася марнай.
Ноч мылася туманам.
Займаўся ранак срэбны.
Шчасьлівым, закаханым
Гадзіньнік не патрэбны.
Кастрычнік у лета сонца пазычыў
I ў Мюнхэн прынёс на кірмаш.
Цяпло і ветласьць вясёлых абліччаў,
I музыка ўсьцяж.
Сядзяць за сталом, хістаюцца ўбокі,
I песьні пяюць, і гудуць.
Літровыя куфлі нават глыбокі
Твой смутак зьвядуць.
З пяром капялюш, штаны скураныя...
Чужое... А сьмех — быццам наш.
I сэрца маё тугою ня ные,
Прымае кірмаш.
Баварцы ў забаве. Пеніцца піва.
Засмажаных курак ядуць.
Ядуць бяз відэльцаў нейк асабліва —
Рукамі дзяруць.
I груба, і проста. Тлустыя жарты,
Як шмалец, як горыч пітва.
Баварскі кірмаш! Славуты! Ён варты
Ў сьвятле хараства.
Читать дальше