Увесь у мыле
Яшчэ з паганскіх бадай што часін клёцкі з душамі ў вушацкіх і рытуальная страва на Дзяды й на хаўтурах і на памінках. Клёцкамі з душамі кормяць, калі мужчыны йдуць на цяжкую працу. І дарагіх гасьцей вяльмуюць клёцкамі з душамі.
На традыцыйнай сустрэчы партызанаў вушацкі рэстаран наварыў катлы клёцак. Усе — камбрыгі і некамбрыгі елі са смакам, як у нас кажуць, абялёдавалі прысмакі. Камбрыг Квіцарыдзе адмовіўся. (Лабанок неяк паказваў біяграфію камбрыга. Між іншых важных паваенных пасадаў Квіцарыдзе была й рычаговая пасада — дырэктар цэнтральнага рынку Тбілісі.) Пакрыўджаныя вушацкія, калі потым знаёмілі нейкіх гасьцей з мясьцінамі партызанскай славы, паказвалі лазьню, якую немцы акружылі, калі камбрыг Квіцарыдзе мыўся. Між іншым падкрэсьлівалі:
— Выскачыў голы, валасаты, увесь у мыле, ледзьве ўцёк…
Прыкідваецца…
Пайшлі ў лазьню суседзі. Зь імі й глухі. Пачалі мыцца, парыцца, хвастацца. Адзін жартаўнік вазьмі дый ліні на глухога кварту вару. Закрычаў, заекатаў няшчасны. А весялун яшчэ дабаўляе, нібыта ліе халадзёнку на гарачыя камяні:
— А прыкідваўся, што ня чуіць…
Пацягушачкі на парастушачкі
Пацягнуласядзяўчына, аж, як пісаў Пімен Панчанка, маладыя костачкі хруснулі. Маці расчулена:
— Расьцеш, дачушка.
— Брэшаш, мамулька, хачу…
Дачушка была настроена на канкрэтную лірыку.
Набытак
Любілі вушацкія прыпавесьць пра прасталытку й пра бяззаганку. Памерлі абедзьве. У нябеснае канторы адной выдалі даведку (у нас казалі дублікат) аб бязгрэшнасьці, аб прыстойнасьці. Другой нагрузілі мех, ня раўнуючы як бычыных хвастоў, мужчынскіх патарчакаў. І падаліся бяззаганка й прасталытка ў рай. А рай абнесены ровам, у якім палае агонь пякельны. Як ні торкала бяззаганка даведку — гарыць папера. А прасталытка зьвязала свае сувеніры накшталт каната (ёсьць жа вясёлая папеўка: «Як я была малада, тады была рэзва, да салдата па канату сама ў хату лезла») і перайшла цераз роў у рай. Прыдаўся матэрыяльны набытак.
Ванцак
Захварэла маладзіца на ванцак. Якія лекі ні давалі — рады ня маглі даць. Тут аднекуль вазьмі дый зьявіся здаравіла. Узяўся вылечыць. Толькі ўсіх з хаты выгнаў, каб ня пярэкаліся. А ўсім жа цікава, як жа лячыць будзе. Праз запятыя вокны ўсё-ткі згледзілі. Толькі й разважалі:
— Як паглядзець, дык дзярэць, а як знаіць, дык ванцак выганяіць…
Разважалі, пакуль лекуну моцы было.
Сьветач
— А ты што, за сьветача быў? — пыталіся ў таго, хто даводзіў бацькоўства банкарта. Быць сьветачам — значыць стаяць у нагах з лучынкай, калі дзяцей робяць. Напрыклад, вушацкія былі перакананыя, калі рабіць гэтую адказную працу на гарохавінах, малое будзе сукрыстае, ці, кажучы лірычна, амурыстае. Таму й цешыла вушацкіх кнігарня ў Полацку зь імем «Сьветач». Усьміхаліся старэйшыя, якія мову ведалі ня па казённых падручніках.
І мне
Кум запрасіў кума ў госьці. Частуе. Налівае. Але калі поўніць сваю чарку, гаспадар увесь час пералівае, прыгаворваючы разгублена: «Ух ты!» Глядзеў, глядзеў госьць дый папрасіў:
— Кумок, налі ты й мне хоць раз з ухты!..
Чычыліць
Носіць бусел сыноў-пагоднічкаў і носіць. А ў селяніна ня хапае рашучасьці, як у драўлянага дзядзькі, зразьбяранага славутым Апалінарам Пупкам, зашчаміць адной рукой буслову дзюбу пад паху, а другой, трымаючы сякеру, як адсекчы: «Досыць!» Вяртаецца з ворыва заезджаны, як і ягоны конь, гэты багатыр на дзяцей, а перадапошні сынок пра самага малога здалёку крычыць:
— Тата, тата, і Мікітка ўжо хлебец чычыліць…
Абрадаваў.
Як садзяць бульбу
Заўсягды паўтарала мама, як трэба садзіць бульбу — каб роўненька клалася ў разору. А то іншы садзіць так, як бык сцыць.
І яшчэ трэба, каб кожная бульбінка была адбаблена — адарваны расток (як пупок у нараджэнца).
Зарабіла крыж
Мужык ваяваў у вайне за цара. Жонка дома ня сумавала. Дзецюкі былі нявыводныя. Аднойчы чарговыя дзецюкі завялі маладуху на магільнік і, нацешыўшыся ўволю, вырашылі павесяліцца: прывязалі шчодрую на ласкі часовую ўдаву да крыжа. Дый зьніклі. І абначавала кахальніца на магільніку. Недзе пад раніцу ўсё-ткі вывернула крыж ды зь ім і вяртаецца дадому. А якраз мужык прыйшоў з вайны. Грукаецца жонка ў дзьверы. Убачыў служывы, пачаў дзівіцца:
— Я за ўсю вайну й медаля ня заслужыў, а ты, жонка мая верная, за ноч крыж атрымала…
Ці б я…
Любілі вушацкія показку пра старога кавалера, як ён усё ўмеў абгрунтаваць:
Читать дальше