Павінны быць
Жыд пайшоў з сынам у грыбы. Ідзе па лесе, галаву ўгару задраўшы. Сын сьледам бацьку пераймае. І сур'ёзна пытаецца:
— Тата, тата, а ў грыбоў вочкі ёсь?
— Павінны быць!
Кароткі адказ
Дзядзька прыехаў у Вушачу нешта купіць. Сустрэўся яму дзяцюк, сын даўняга сябра, які жыў у далейшай вёсцы. Дзядзька рады спытацца:
— Мікола, як там бацька?
— Гатоў! — коратка адказаў сын.
Маладому й сьмерць ня ў страх.
Андарак
Сьвякроў ня любіла нявестку. Усё нявестка была ёй вяліка. Ходзіць па хаце сьвякроў дый бурчыць:
— За гэтай нядарэкай нідзе ня пройдзеш.
— Дык яе ж няма, — кажуць старой гаспадыні.
— Як няма? А вунь жа ейны андарак вісіць.
Самая прыгожая
Птушанятка выпала з гнязда. Птушкі падлятаюць, каб суцешыць. Пытаюцца, хто маці. Птушанятка адказвае, што ягоная маці самая прыгожая. Прыляталі зязюля, сойка, сарока, жар-птушка. Малое пярэчыць, што маці прыгажэйшая. Нарэшце, прыляцела сава. Зарадавалася птушаня:
— Гэта мая мама. Яна самая прыгожая ў сьвеце…
Як пан
Пасварыліся муж з жонкаю. І адбыўся часовы падзел. Муж ляжыць і разважае перад сном:
— Мая жонка, як сучка ў пярнатах, а я, як пан, на голую лаўку…
Кожнаму сваё.
Адкупіць
Сыну, які ня паважае маці, ня клапоціцца пра яе, напамінаюць, што яна ж цябе гадавала, калыхала, сасіла. Ён адказвае:
— Я магу ёй адкупіць суды малака. (Суды — два вядры).
Было шчодрае на адзьдзяку сыньняе сэрца, што й казаць.
Цяжка
Стрыгнатка паляцела на спажыву. Маленькія засталіся ў гнязьдзечку. Пралятаў крумкач. Птушаняты бачылі яго й спалохаліся. Калі прыляцела маці, пачалі распавядаць пра страшнога ды вялікага гасьця. Пліска шашэрыла пер'е, хацела зрабіцца вялікай, каб дзеткі прызналі ў ёй таго, хто напалохаў іх. Глядзелі, глядзелі яны дый кажуць маці:
— Хоць ты лопні, расьця, а ня вырасьцеш з гасьця.
Цяжка малому ўяўляць вялікае.
Пераможца
Самым лепшым участковым у раёне лічыцца той, у каго меней за ўсё выяўлена самагоншчыкаў. Хто ня зусім прапіў галаву, ня падавалі зьвестак са свайго ўчастка, а складалі сабе графік, у каго пахмяляцца яшчэ цёпленькай самагонкай, каб горла ня застудзіць. Яно ж міліцыянту трэба, каб па службе ўгару йсьці, як цыгану па драбінах.
І вось у вушацкім Доме культуры ў дзень міліцыі аб'яўляюць пераможцаў у спаборніцтве за цьвярозасьць і парадак. Называюць першага па раёну й клічуць на сцэну атрымаць сувенір. А пераможца падымаецца й зноў ападае. Ня можа ўстаць ды йсьці. Відаць, шчыры быў пяршак у гаспадара, у каго пахмяліўся на дарогу…
Прамачыць горла
Гаспадар, вялікі жмундзяк, баіцца, што парабкі шмат зьядуць. Перад ядой прымушае іх піць ваду. Так, думае ён, у іхных чэравах застаецца меней мейсца на страву. Цярпелі, цярпелі парабкі, пакуль адзін ня даўмеўся. Бярэ поўную кварту вады дый гучна прыгаворвае:
— Трэба размачыць горла, каб паболей жорла!
Гаспадар пачуў і спалохаўся. Перастаў паіць вадой перад ядой.
За парабка
У Петруся Броўкі быў брат, які жыў таксама ў Менску. Іншы раз, калі куды выязджаў Броўка зь сям'ёй, прасіў брата прыглядзець за дачай. Пакарміць ката й маленькага сабачку. (І прымаўка казала: маленькі сабачка да веку шчанючком.) Паехаў брат у Пуцілкавічы да Броўкавай пляменьніцы дый скардзіцца ёй на сваю долю:
— Яны мяне за парабка маюць. Я ж у іх скаціну гляджу…
І выцерся
Пайшлі мы з мамай у Купалаўскі тэатр на чарговы юбілей Кандрата Крапівы. Ад імя партыі як свайго вернага спадручнага юбіляра вітаў Машэраў. Па паперцы, падкрэсьлена цяжка й няправільна вымаўляючы беларускія словы. Потым па партыйна-савецкай традыцыі пацалаваў Крапіву. (У крапіве толькі любіцца кепска.) Я нічога ня заўважыў, а маме кінулася ў вочы: пацалаваў, выцягнуў насоўку й акуратна выцерся. Што й казаць, былы педагог, а цяпер бацька народа меў кшталт.
Дык і едзь!
Хлопец з вушацкай вёскі стаў мараком, да капітана дарос. Але жонка ўпрасіла яго перайсьці на ейнае прозьвішча ў памяць пра любімага бацьку. А то род зводзіцца. У іх дзяўчаткі гадуюцца. І зрабіўся хлопец з Балабоўкі (даўняе чыста вушацкае прозьвішча) Бальшаковым. Прыехаў да бацькі сын, але ня з бацькавым прозьвішчам. Бацька адрэагаваў адпаведна з моцнымі эпітатамі:
— Ня хочаш мяне за бацьку прызнаваць, ня хачу цябе прызнаваць за сына. Што я — паліцэйскім быў, ці ўкраў што, ці забіў каго? Стаў Бальшаковым, дык і едзь бальшаком!
Читать дальше