Алесь Аркуш
ВЫБРАНАЕ
Вершы
З МАЙГО СЭРЦА ВЫРАСЬЦЕ АЕР...
Паэт Алесь Аркуш адзін з самых цікавых прадстаўнікоў наватарскай плыні ў беларускай паэзіі, якая ўзьнікла на мяжы 70-80-х гадоў і інтэнсыўна сёньня разьвіваецца. Ягоным, пазбаўленым схематызму, вершам уласьцівыя мэтафарычнасьць, асацыяцыйнасьць, міталягізм, парадаксальнасьць - рысы, якіх бракавала й бракуе нашай традыцыйнай паэзіі апошніх двух дзесяцігодзьдзяў. Валодаючы высокай паэтычнай культурай і гострым паэтычным чуцьцём, паэт зь першага ж кроку адмятае шаблённую прыгажосьць, зарытмаваныя лёзунгі й шматслоўныя расквечаныя развагі традыцыйнай лірыкі, за якімі падчас няма й каліва жывога жыцьця, і сьмела шукае сваю, прыналежную толькі яму, паэтычную мову, стварае наватарскія вобразы й формы. Сацыяльнае, нацыянальнае, ідэалягічнае, філязофскае, эстэтычнае, - усё прагна ўбірае ў сябе ён і ўсё перажывае, як неад'емна-асабістае, пераўтвараючы звычайнае, будзённае, адкрыта-сацыяльнае ў дзівосны сьвет нечаканых асацыяцыяў, парадоксаў, мітаў і прыпавесьцяў. Звыклыя нам рэаліі пад пяром паэта сумяшчаюцца ў нечаканыя і, на першы погляд, нават выпадковыя й фантастычныя спалучэньні. Аднак за ўсёю гэтаю выпадковасьцю ўважлівы чытач адчуе двайны й нават трайны сумер кожнай зьявы й падзеі, якія закранаюцца ў вершы, бо менавіта нечаканасьцю і парадаксальнасьцю збліжэньняў, сутыкненьнем кантрастаў, перасоўваньнем прасторавых і часавых характарыстык А.Аркуш дасягае адпаведнасьці паміж сваёю паэтычнаю матэрыяй і матэрыяй навакольнага сьвету, у самой сутнасьці якога закладзены парадаксальнасьць і нечаканасьць-выпадковасьць.
Вершы А.Аркуша вызначаюцца багатаю жанравай й тэматычнай разнастайнасьцю. Гэта й урбаністычныя, з элементамі анімізму й сацарту, творы, у якіх паэт імкнецца спасьцігнуць структуру вялікага індустрыяльнага места, ягоныя сацыяльныя пачаткі. Гэта й афарыстычныя вершы-прыпавесьці і блізкія ім па духу вершы-баляды. Гэта й выдатная пэйзажная лірыка, у якой паэт, нягледзячы на небясьпеку зьбіцца на вядомыя і шаблённыя ў нашай лірыцы хады, застаецца верным свайму наватарскаму мэтаду: нечаканыя вобразы спалучаюцца тут з крохкасьцю й няўлоўнасьцю фармальнай пабудовы. Гэта, нарэшце, і мэтафарычныя вершы-міты, якія ахопліваюць сутнасныя рысы сьвету - зьяваў і падзеяў, якія ў ім адбываюцца. Лепшыя зь іх можна сьмела паставіць упоравень з міталягізаванымі творамі А.Разанава, А.Сыса, У.Арлова.
Зьяўляючыся наватарам, А.Аркуш застаецца нацыянальным паэтам. Скразною лініяй празь усю ягоную паэзію праходзіць тэма занепакоенасьці пра той незайздросны стан, у якім апынулася наша мова, культура, нацыя. Такі верш, як «Насланьнё адступніка» - ці ня лепшая варыяцыя на тэму знакамітай багдановічаўскай «Пагоні». Ды й сам зварот паэта да нашых мітаў, да гістарычнай і духоўнай спадчыны сьведчыць пра непарыўныя й арганічныя повязі творцы з нацыянальнай літаратурнай традыцыяй.
Многія вершы зборніка «Выбранае» адрозьнівае трагічнае і скептычнае гучаньне. Аднак, пра што б не пісаў паэт, галоўнае ў ягонай паэзіі застаецца духоўная калізія, якая перадумоўлена імкненьнем асобы й нацыі сьцьвердзіць сваю адметнасьць і незаменнасьць нават у варунках, калі іх атуляе мэханічнае і варожае ўсяму індывідуальнаму й нацыянальнаму асяродзьдзе. «Абароніць мяне прыгажосьць, уратуе ад скону любоў!» - так пісаў А.Аркуш у сваім зборніку «Вяртаньне» (1988 г.). «Толькі птах ня стане на калені - крылы ператворацца ў карэньні!» - праз пэўны час паэт удакладніў сваю эстэтычную пазыцыю.
Алег Мінкін
АБЛОКІ
Я за аблокамі сачыў
І кожнаму даваў найменьне.
Цьвяліў вятрыска далячынь -
Імёнаў паскараў зьнікненьне.
Аблокаў большасьць найхутчэй
Зьнікала ў мройве далягляду.
Як несла іх далоў з вачэй!
Як гнаў вятрыска іх зацята!
Імёны нішчыў ён, але
У небе ўбачыў я аблокі.
І як вятрыска ні шалеў,
Яны трымалі дух высокі.
ПІЛЬНЯ
Бярвеньне дарэшты на дошкі зьвялі, -
Як шчыльна пілоўку у штабелі сьцелюць!
Ля пільні ад хвояў кара да зямлі
Прыстала жыўцом, як да новага цела.
Па звычцы чакаюць бярвеньне дзядзькі:
Працоўныя рукі - нястомныя служкі.
І ляды вядуць, як заўжды, напрасткі -
Да пільні, да гвалту, да дошак, да стружкі.
АДБІТКІ
Люстэрка трымае да ночы адбіткі:
Рахманыя, ветлыя, хіжыя твары.
І маюць яны, нават самы някідкі,
Імёны свае, як расьліны ў гербарыі.
Читать дальше