Каляровыя ніткі вяртаюць
птушак назад.
Каляровыя ніткі ніколі
не губляюць адваротных шляхоў.
Каляровыя ніткі - як сцьверджаньне,
што за даляглядам канец сусьвету.
Саламяныя птушкі аздабляюць пакой.
Саламяныя птушкі, як сьнег -
за якім насьцярожлівасьць.
НАТОЎП
Натоўп рухаецца па шляху, брукаваным
жывымі чалавечымі галовамі. На адзіным дрэве
ўскрай бясконцай людской плыні пугачом
сядзіць вірлавокі дзядзька.
- Хадынка нібыта, Хадынка нібыта... -
бесьперапынна мармыча ён.
Ці ён папярэджвае, ці ён пытаецца?
Натоўп моўчкі абмінае дзівака.
Каб неяк прыхаваць пачатак і канец,
масянжовы месяц спрабуе захінуць
залатое сонца. Але сонца паглынае цемру, і натоўп -
як на далоні. Толькі дзе той пачатак,
дзе той канец? Углядайся да зьнямогі,
а калі стомішся, то шлях, брукаваны
чалавечымі галовамі, зьдзівіць бязьлюдзьдзем.
ЧЫРВОНАЯ РЫСА
Ён ужо бачыў свой паратунак,
хутчэй, хутчэй наперад:
за Чырвонаю рысай - пашана,
за Чырвонаю рысай - збавеньне.
- Здараднік, - крычаць усе
навокал і кідаюць у яго
каменьні і зямлю.
- Ты зьняславіў нашых бацькоў,
няма табе нашай літасьці...
Хутчэй, хутчэй наперад,
сьпяшаецца ён,
адзіны паратунак - Чырвоная рыса.
Толькі б ня чуць крыкаў,
толькі б ня бачыць твараў,
толькі б хапіла моцы.
За Чырвонаю мяжой гучыць музыка.
За Чырвонаю рысай рыхтуюць сустрэчу.
* * *
Павольна сунецца цягнік, -
аднастайна бразгае адчыненымі дзьвярыма.
Пасажыры час ад часу
саскокваюць на зямлю
і йдуць побач са сваімі вагонамі -
разьмінаюць ногі.
Павольна сунецца цягнік -
і нікога гэта не зьдзіўляе,
не абурае, не бянтэжыць -
бо цягнік сунецца па колу.
СПАДЧЫНА
Малады паэт з дапамогаю сьпірытызму
сам-насам гутарыў зь Янкам Купалам.
Пра тое, што ён пачуў, юнак нікому
ня кажа - толькі ўсе ягоныя сябры
і знаёмцы заўважылі, як зьмяніўся
хлопец - стаў змрочным і нелюдзімым.
НА РЭШТКАХ НЕВЯДОМАЙ СПАРУДЫ
- Сьцеражыся гэтых людзей, - папярэджвалі
сваякі, - невядома, што ад іх можна чакаць.
- Абыходзь іхнія сходкі, - казалі зычліўцы. -
Нашто табе слухаць вар'яцкія трызненьні?
І толькі любімы настаўнік ніколі ня ўзгадваў
пра людзей, якія зьбіраліся
на рэштках невядомай спаруды.
Ён казаў пра справядлівасьць, сумленьне і гонар.
Аднойчы, насуперак усім засьцярогам,
я прабраўся на небясьпечнае мейсца.
І - дзіва - там я сустрэў свайго настаўніка!
ВОЎК
Я заплюшчваю вочы і бачу ваўка.
Ведаю: ён мой вораг.
- Каб ты спарахнуў! - крычу што ёсьць моцы.
- Каб ты захлынуўся крывёю сваіх ахвяраў!
Я паслабляю павекі - гляджу.
Воўк ня зьнік, але, нібыта спужаўшыся,
адбег на бясьпечную адлегласьць.
- Каб ты спарахнуў! - крычу яшчэ мацней
і, разьятраны, подбегам набліжаюся да яго!
Я трызьню помстай!
Я вар'яцею ад злосьці!
Воўк валюхаста пабег мне насустрач.
Ад гэтага я разьюшваюся ўдвая.
Я сам раблюся падобным да ваўка.
Няхай! Няхай да д'ябла! Няхай да ваўкалака!
Бо шэры - мой вораг! Я трызьню помстай!
Яшчэ імгненьне - і я пашкамутаю гэтую погань!
Побач прабег куртаты сабачка.
Цяжка дыхаючы, я спыняюся,
заплюшчваю вочы і бачу Ваўка.
АПОШНІЯ ПАВЕДАМЛЕНЬНІ
Слухаю апошнія паведамленьні -
не цікава: падзеі адбыліся,
катастрофы здарыліся,
спаборніцтвы прайшлі -
зьніклі, памерлі.
Каму патрэбна няіснае?
Спрабую настроіць свой
прыймач на іншае.
Гартаю радыёхвалі, як старонкі
таўшчэзнае скрэмзанае кнігі.
Чуйна ўслухоўваюся ў далёкія,
ледзь чутныя, галасы.
Як ні спрабую - нічога не атрымліваецца,
але ж я ўпарта працягваю росшукі:
адны навіны - таямніцы,
другія - апошнія паведамленьні.
ЛЮСТЭРКІ
Вакол нас - скрозь люстэркі.
Неба - люстэрка
і зямля - люстэрка,
люстэркі - сябры
і люстэркі - ворагі,
і дрэвы, і зоркі,
і дамы, і тратуары,
і кроплі дажджу...
Адначасова мы адлюстроўваемся
ва ўсіх люстэрках, якія
акаляюць нас, -
памнажаемся, скажаемся,
памяншаемся, павялічваемся
і... зьнікаем.
ПАМЯЦЬ
Ніхто ня ведае, хто пахаваны
пад гэтым крыжам.
Ліхалецьці і пошасьць не захавалі
імя ў людзкой памяці.
Невядомая жанчына на Радаўніцу
наліла гарачага крупніку ў місу
і пакінула побач з пахілым крыжам.
Другі год не астывае крупнік.
Читать дальше