Алесь Аркуш
ПРЫВІД ВЯСНЫ
Вершы
КАТРЫНКА
Пяць мэлёдый катрынка сьпявае,
Толькі ведай — круці рукавятку.
Люд у скрыню да старца кідае
Неўміручага жыта зярняткі.
Грай катрынка,
Сьпявай безупынку.
Лес прачнуўся, дзе зараз палі —
Гонкіх дрэў загулі вершаліны.
Перасьпелі на сонцы маліны,
А ў цямрэчы яшчэ не цьвілі.
Грай катрынка,
Сьпявай безупынку.
Як дакладна чаргуюцца гукі —
Мэталёвая нудзіцца скрынка,
Спрацаваныя, ссохлыя рукі
Круцяць жыцьці ў тужлівай катрынцы.
Грай катрынка,
Сьпявай безупынку.
Гук мэлёдый, як позірк забыты,
Як вада зь ледзяшамі ў палонцы.
Люд кідае апошняе жыта,
А у скрыне ўсё роўна на донцы...
Грай катрынка...
АДБІТКІ
Люстэрка трымае да ночы адбіткі:
Рахманыя, ветлыя, хіжыя твары.
І маюць яны, нават самы някідкі,
Імёны свае, як расьліны ў гербарыі.
А ноччу адбіткі пакінуць люстэрка,
Пасыплюцца долу — заб’юцца ўтрапёна,
Як соліды важкія з бомкай манеркі, —
І профілі згубяць дазваньня імёны.
ЗІМОВЫЯ ЛІХТАРЫ
Навошта песьні ліхтарам?
Маўчаць усё жыцьцё гатовы.
Шпурляюць сьнегам фраярам
На голыя галовы.
Цікава ім глядзець на сьвет
Сьвятлом свайго накалу:
На рух машын, хаду кабет,
На цішыню квартала.
ЧОВЕН
Паміж хваляў човен чорны.
Ў рэчцы — чорная вада.
Не відаць на дне нічога —
Барада вадзяніка
Захінае дно старанна
І матляецца, як віж,
Таямніца дна схавана
Ад вачэй і рук паміж
Вечак ракавін замшэлых,
Хваляў чорнае ракі.
Ад вясла вакол цішэе
Сьпеў пудлівай асакі.
Рэчка сунецца няспынна,
Як у дрэве жыўны сок.
Човен лісьцікам з галіны
Ціха ляжа на пясок.
ЯШЧАРКА
Антону
У яшчаркі свае шляхі,
Свае таемныя сьцяжынкі,
Жыцьцё, схаванае ў імхі,
Пясок, каменьчыкі, сьцяблінкі.
Лісты, жыцьцё ў якіх усё, —
Штораньня на пяску ля ганка,
Як гіерогліфы Басё,
Як вершык хоку або танка.
* * *
Над пожняй плачуць правады,
Амаль галосяць.
Бэтонны слуп, як правадыр,
Выводзіць восень.
Іржышча захавае сьлед,
Сьняжок нібыта.
Сусьвет глядзіць вачмі камэт
На квадры жыта.
* * *
Данілу
пачнем спачатку
каб унікнуць канца
самы надзейны спосаб
гэта нават не вяртаньне
хутчэй адмысловы працяг
пазьней я пакажу табе
свае любімые мясьціны:
рачулку што блукае між пагоркаў
і заімшэлых вялікіх камянёў –
нібыта зачараваныя валадары
яны ахоўваюць велічнае навакольле
дрэвы тут шапочуць
без дапамогі ветру
усё гэта будзе тваё
бо нельга забраць у чалавека тое
што ён любіць
як нельга адабраць у неба
аблокі
кожны нараджае сваю любоў
але ёсьць тая любоў
якая нарадзіла цябе
не ў нас усё
але праз нас
* * *
А птушкі некуды далей ляцяць,
Як быццам не існуе крэўнае радзімы,
Як быццам не існуе нашае мясьціны,
А птушкі некуды далей ляцяць.
Нібы сваё адбалявалі дзьміны...
Ды цяжка вочы да нябёс узьняць, —
Там птушкі некуды далей ляцяць,
Як быццам не існуе крэўнае радзімы.
* * *
Сярод чаратоў
схавалася маленькае
гнязьдзечка
з адным яечкам
з іголкай зачараванай
усярэдзіне
так так
з той самай славутай іголкай
у якой жыцьцё цмока
захоўваецца
Дый што тут паробіш:
і балота шкада асушаць
і гняздо дратаваць
і яечка біць
РЫБАК
Шпурляў Ён блешню за аблокі
Наўмысна, — ды яму не шанцавала:
Вярталася зіхоткая прынада
Нішчымнаю. Але рыбак не наракаў
На нешчасьлівы лёс і не казаў,
Што зноў надвор’е не спрыяе:
Маўляў, бясконца дзьме вятрыска,
Халодна нават для душы.
Чатыры жнівеньскія тыдні
Ён адмысловую шпурляе блешню,
і кожная няўдача пакрысе
Надзеяй грэе стылую душу, —
І ўсё выразьней паўтараюць стомленыя
вочы:
Там, за аблокамі, драпежнікаў няма...
ПАГАНЯТЫ
Паганяты страху ня ведае —
Быдла гоніць празь гібельны лес,
Папярэджаны строга кабетамі —
Каб у навалач гэту ня ўлез.
Там зьвяры крыважэрных намераў —
Бескарысна прасіць літасьцівасьці.
Там зьвяры велічэзных памераў
І кіпцюрыстай д’яблавай хцівасьці.
Паганяты той чхаў са званіцы
На дзіцячыя байкі кабетаў,
Бо за лесам лугі й крыніцы,
Трэ пасьпець — покуль сонца й лета...
Кажуць людзі, і сёлета чулі
Паганятага пугу.
Читать дальше