Другі год уздымаецца пара.
КАТРЫНКА
Пяць мэлёдый катрынка сьпявае,
Толькі ведай - круці рукавятку.
Люд у скрыню да старца кідае
Неўміручага жыта зярняткі.
Грай катрынка,
Сьпявай безупынку.
Лес прачнуўся, дзе зараз палі -
Гонкіх дрэў загулі вершаліны.
Перасьпелі на сонцы маліны,
А ў цямрэчы яшчэ не цьвілі.
Грай катрынка,
Сьпявай безупынку.
Як дакладна чаргуюцца гукі -
Мэталёвая нудзіцца скрынка,
Спрацаваныя, ссохлыя рукі
Круцяць жыцьці ў тужлівай катрынцы.
Грай катрынка,
Сьпявай безупынку.
Гук мэлёдый, як позірк забыты,
Як вада зь ледзяшамі ў палонцы.
Люд кідае апошняе жыта,
А у скрыне ўсё роўна на донцы...
Грай катрынка...
ВЕТАХ
Зноўку нашыя спадяваньні
Як жарынкі, што рушылі ў космас.
Ветах будзе трымацца да раньня,
Распаўсюдзіць таемныя позвы.
Вершалінамі дрэвы ня з намі,
Вершаліны - паверх таямніц.
Адлятае лістота клінамі
Без гайворанаў і сініц.
Сочыць рухі бяскрылыя ветах,
Распачатыя ўверх кагадзе.
На дагледжаны зорны палетак,
Як насеньне, лістота ўпадзе.
* * *
Над балотам захад сонца.
Пасярод, нібыта рана,
Багны дрогкае вакенца
Чырванее. За парканам
З трысьнягу, аеру, хлуду
Цішыня - як погляд Бога,
Быццам там чакаюць цудаў,
Ці даўно няма нікога.
* * *
Закаханым агні запалілі
На балотах вядзьмаркі ізноў,
Фасфарычным сьвятлом заманілі
Ў незваротныя нетры лясоў.
І блукае агульнае рэха
Паміж чэзлых асін і бяроз,
Быццам сьлёзы між звонкага сьмеху,
Быццам сьмех паміж роспачных сьлёз.
* * *
Алегу Мінкіну
Уночы лес цяжарны рухам,
Гайданьнем хвояў і ялін.
Спыніся, сябра, і паслухай:
Ты не адзін.
І зноў, як позву таямніцы,
Сягоньня роўна ў пяць гадзін
Убачыш надыход дзяньніцы
Ня ты адзін.
ЯГО СУСЬВЕТ
Яго сусьвет нагадваў лёхі,
Дзе ў два бакі шугаў скразьняк,
Дзе выпраменьваў да зьнямогі
Сьляпую чырвань нашчы гляк.
Жарынка кволая трымцела
У гляку - бытта ў каміне,
І ў лёхах, як дзяньніца сьпела
Гадзіна, што нябыт скране.
У гляку скразьнякі сьвісталі
І спорна чырвань разьдзімалі.
* * *
Вінцэсю Мудрову
Прачынаюцца вульканы,
Як надзеі на спатканьні.
(Кожны са сваім Каранам),
З попелу - сівыя здані.
Вогнедыхаючы колер
Насьцярожліва вітае
Тых, каму кватэрнай столі
Вышыня ўжо замалая.
На вагромністай сьпіртоўцы
Распалілі ў небе месяц.
Дым трымаецца ядлоўцам
На адным прыватным мейсцы.
* * *
Гаспадар мясьціны цнотнай,
я ахоўнік, служка, брат,
я раўнівец - твар каменны,
думкі - зброя й стырно.
Я вяртаю ліст палёту,
як жыцьцё, як белы сьвет.
Асалода адзіноты.
Бараніць мне ёсьць каго.
Пачынаю дзень з агляду,
што чабор, што дзівасіл.
Як атожылкі - расьліны,
думкі - існаму рука.
За сьцяной чарота - краскі,
твар каменны - змрочны стод,
цень самнабульская побач,
ейны гаспадар ня я.
ДРУГОЕ ВЯРТАНЬНЕ
Мейсца хвоі - для сустрэчаў,
што накліканы лацінкай,
дробных літарак нязвыкласьць,
нам сустрэча - адкрыцьцё.
Дачакацца дзён адлігі,
дзён вясновага вяртаньня -
сум, як стужкі спаміж яблык,
да калядак - доўгі час.
Там, дзе хвоя нас чакае, -
хвоя месяцу ня дружка,
квадры-ліхтара мігценьне,
там бурштыну дрогкі знак.
Мейсца вызначана лёсам,
на якім вяртаньні стрэча?
Лекаваць жывіцай - быццам,
толькі гэтак лекаваць.
Прамінулі гурбаў скокі -
прасьпяваныя калядкі,
стужкі - напамін пра сьвята,
квадру нашага быцьця.
Мейсца хвоі - падарунак:
не дыван з пажоўклай хвоі,
не жывая прахалода -
мружыць вочы: сонца - цень.
Нагадаюць успаміны -
сьцежка на пукаты ўзгорак,
дакрануцца да люстэрка,
паміж сонцаў: яблык - твой.
КАЛЯДЫ
Уладзіміру Арлову
Для калядак пазычу труса,
Роля зайца яму ў нашай казцы.
Будзе сьледам кульгаці ліса
У сяброўскай падманлівай масцы.
Наш маршрут праз сумёты й лес,
Дзе даўно не кугае зязюля,
Дзе пануе сучасны прагрэс
І блукае шалёная куля.
Мужыкі там гуляюць у віст,
А жанчыны - у хованкі зь лёсам.
Нашы песьні, як ветрыка сьвіст,
Толькі чуюцца ў комінах вёсак.
Ды на ганку хаціны старой
Мы дзяўчынку-паненку сустрэнем:
Будзем песьні сьпяваць для адной.
Заяц-трус адпачне на каленях.
АБРАЗ
Читать дальше