1969
Несла я сваю Бяду
Па вясноваму ільду…
Абламаўся лёд — душа абарвалася!
Камнем я пад лёд пайшла,
А Бяда, хоць зараўла,
Ды за вострыя краі прытрымалася.
І Бяда ад тых вось дней
Рышча ў пошуках мяне.
Чуткі ходзяць разам зь ёй — з Крыватолкамі.
А што сьмерць я не знайшла —
Мабыць, ведала скала
Ды яшчэ — цецерукі зь перапёлкамі.
Хто ж данёс тады яму,
Уладальніку майму?
Толькі ж выдалі мяне, збалбатнуліся.
І ад жарсьці сам ня свой
Скіраваўся ён за мной.
А за ім — Бяда з Гавэндаю крануліся.
Ён дагнаў мяне, абняў,
Цалаваў, на рукі ўзьняў…
Побач шастала Бяда, ухмылялася.
Ды застацца ён ня мог,
Быў са мной адзін дзянёк…
А Бяда — на цэлы век затрымалася…
1970
Аплаўляюцца сьвечкі
На старэтны паркет
І сьцякае на плечы
Срэбразвон эпалет.
У агоніі бродзіць
Залатое віно…
Хай былое сыходзіць:
Што пасьля — ўсё адно!..
З прадсьмяротным змарэньнем
Паглядаючы ўзад,
Уцякаюць алені
І трапляюць пад залп.
Нехта рулю наводзіць
На бязьвіннасьць грудзей…
Хай былое сыходзіць:
Штосьці прыйдзе пазьней!..
Нехта злы, але ўмелы,
Весяліцца, ўразброд
Запускаючы стрэлы
Ў палымяны заход.
Чутны ў буры мелодый
Нот паўтор без журбы…
Хай усё адыходзіць:
Чаму быць — таму быць!..
1972
Запальвае мне сьвечкі кожны вечар,
І вобраз твой абвалакае дым.
Ня веру я, што час нібыта лечыць,
Што ўсё мінае разам зь ім.
Я болей не пазбаўлюся спакою:
Бо, што было ў душы на цэлы год,
Узяла незнарок яна з сабою —
Спачатку ў порт, пасьля ж і ў самалёт.
Запальвае мне сьвечкі кожны вечар,
І вобраз твой абвалакае дым.
Ня веру я, што час нібыта лечыць,
Што ўсё мінае разам зь ім.
Душа мая — пустэльная пустыня!
Ну што пасталі над пустой маёй душой?!
Абрыўкі песень там і павуціньне, —
Усё ж астатняе яна вязе з сабой.
Цяпер запальвае мне вечар сьвечкі,
І вобраз твой абвалакае дым.
Ня веру я, што час нібыта лечыць,
Што ўсё мінае разам зь ім.
Ў маёй душы ўсё мэты без дарогі.
Пашнарце ў ёй — дастанеце са дна
Паўфразы дзьве і два паўдыялогі,
Далей жа — Францыя, Парыж, Яна…
Няхай запальвае мне вечар сьвечкі,
І вобраз твой абвалакае дым.
Ня хочу ведаць я, што час залечыць,
Што ўсё мінае разам зь ім.
1968
Сёньня ноч для мяне за законам.
Я пішу — па начах болей тэм.
І накручваю дыск тэлефона,
Набіраю вечнае нуль сем.
Добры дзень, дзяўчыначка! Як завуць вас? — Тома!
Семдзесят другая! Найхутчэй, душа мая!..
Быць ня можа! Паўтарыце! Я ж кажу вам — дома!..
Вось ужо зьвязаліся!
Вітаю, гэта я!..
Сёньня ноч для мяне за законам.
Я ня сплю, я крычу «Пажывей!..»
Ну чаму мне ў крэдыт, па талёнах
Прапануюць каханых людзей?!
Мілая, слухайце! Семдзесят другая!
Не магу чакаць я, ды і стрэлкі ўсё стаяць!..
Лешаму ўсе лініі — я заўтра вылятаю!..
Вось ужо на сувязі…
Вітаю, гэта я!..
Тэлефон для мяне — як ікона!
Тэлефонная кніга — трыпціх!
Стала тэлефаністка мадоннай,
Скараціўшы адлегласьць на міг.
Зорачка, мілая! Ну не разлучайце ж!
Вы цяпер анёл мой! — Не сыходзьце ж з алтара!
Самае важнае шчэ будзе, — спагадайце ж!..
Вось ужо на сувязі!..
Вітаю, гэта я!..
Што, пашкоджаньне дзесьці на дроце?
Што, зь ячэйкай дыёд загуляў?
Мне пляваць! — пачакаю. Я згодзен
Пачынаць кожны вечар з нуля.
Дзеўчына, мілая! Зноў жа я, Тома!
Нешта за пісьмовым не сядзіцца мне сталом…
Так, мяне!.. Вядома ж, я!.. Ну зразумела ж, дома!..
Выклікаю… Гаварыце…
Гэта я! Чалом!..
1969
Калі вада Сусьветнага патопу
Вярталася да межаў берагоў,
То зь пены ўжо лагоднага патоку
Бруілася Каханьне — хмель вякоў.
Разносіліся ветрам тыя токі
Да часу — аж на сорак саракоў.
І дзівакі — яшчэ такія ёсьць —
На поўныя п'юць грудзі тую млосьць.
І — што ім слава! Што ім пакараньні!
Мяркуючы, што дышуць проста так,
Яны трапляюць незнарок у такт
Такога ж ненармальнага дыханьня.
Закаханым поле пасьцілаю —
Хай яны ў чароўных снах плывуць!..
Я дышу, і значыць — я кахаю!
Я кахаю, значыць — я жыву!
І будзе шмат дарог і вандраваньняў —
Вялікая Каханьня старана!
І з рыцараў сваіх выпрабаваньняў
Шчэ большых будзе вымагаць яна —
Прымусіць да разлук, да разьвітаньняў,
Ня дасьць спакою, не пакіне ў снах…
Читать дальше