Хваліўся гузік ганарыста ўсім,
Што цэлы свет
трымаецца на ім адным.
А аказалася
(о гузік, гузік, як жыццё пражыў ён!),
Трымаў ён
усяго штаны чужыя!
На дом дзівак
Наводзіць лак,
I — прыгажэе асабняк.
Каму відно, што ўдзень i ўночы
Яго пад лакам шашаль точыць!
Увесь свой век — у цемры крот,
Грабе зямлю — ад году ў год.
Не знае крот, што над зямлёю
Сонца ходзіць залатое!
Жыццё адно. А мы — на чаркі, сваркі,
На модны гарнітур, на гальштук яркі,
На рэбус, на чарпак, на карамель
Разменьваем яго,
нібы рубель.
Каханая, хутчэй
Ідзём да плошчы блізкай:
Не бачыў я яшчэ
Такім, як сёння, Мінска.
Зірні, як вецярок
Над роўным строем ліпаў
З прысад, нібы знарок,
Пялёсткаў рой рассыпаў.
Калі, не знаю сам,
Бяру цябе пад руку,
Як легка крочыць нам
Па вычышчаным бруку.
Агнёў, глянь, колькі хтось
Навешаў над праспектам.
Аж ззяе ўсімі скрозь
Ён колерамі спектра.
Які разгон — жыві!
Усмешак — горад поўны.
Ці ж быў бы без любві
Наш Мінск такім чароўным?
Калі каханне, як світанне,
Цябе пакліча на спатканне,
Ідзі насустрач, не туліся
За частаколам, у цяні:
Раз ты баішся апячыся —
Зусім не грэйся пры агні.
Скрозь вуліц i двароў хітраспляценні
Давай збяжым з табою на цямку
Туды, дзе танканогія алені
Пужліва п'юць азёры з лазняку,
Дзе вецер — за лістком лісток — гартае,
Як кнігу, крону белую вярбы
I голас свой прарэзлівы, гартанны
Бяруць у рыжым хмызе журавы...
З пастоў здымае раніца туманы
I сонцам адчыняе далячынь.
Хутчэй абмый расою твар заспаны,
Бяжым, бяжым — у дарагую сінь!
Хай голле лоз зялёных б'е па твары,
Дубцамі елак колкіх хвошча — што ж!
У дальняй далі, пад грамоў удары —
Не плач пра плашч — нас прапалошча дождж.
О ясны май, зялёны i люстраны!
О сполахі высокія камет!
Ці ж рамкай вузенькай телеэкрана
Для нас сышоўся неабдымны свет?
Нам трэба спеў прастораў чуць заўсёды,
Пад вольным небам бачыць — не ў кіно —
Рачулак паясы i сонца ўсходы,
Маланак пугі i лугоў радно.
Карціны лепшай не знайсці за тую,
Што на самой зямлі вясна няўзнак
Вясёлкавымі фарбамі малюе.
Які зраўняцца можа з ёй мастак?
Туды, дзе ў дрэвах ходзяць светацені,
Дзе не змаўкае вечнае ку-ку,
Давай збяжым з табою на цямку
Скрозь вуліц i двароў хітраспляценні.
Не шкадуйце добрых слоў жанчыне.
Стрэўшыся,
кажыце ёй часцей
Аб яе красе,
аб дабраце,
Аб вачах яе,
чароўных, сініх.
З ружай параўноўвайце,
з вяргіняй —
I яна,
як кветка,
расцвіце!
Ты скажы — я адразу пайду
За цябе у агонь i ў ваду.
Я гатоў нават горы скрануць,
I мароз i спёку сцярпець —
Толькі б голас твой мілы чуць,
Толькі ў вочы б твае глядзець.
Што ні скажаш, усё зраблю —
Ты пабачыш, як я люблю;
За цябе ўсё аддам — загадай.
Аднаго не змагу, выбачай:
Прамяняць на цябе свой край.
He ідзі дахаты, пасядзі,
Паглядзі, якая ў небе ноч
I якія зоры, паглядзі,
На расянай руце каля ног!
I якія ліпы i сасна!
I які унь месяц на вярбе!
I якія ружы — бо вясна —
Расцвілі у сэрцы для цябе!
Я цябе, як песню, любіў,
Хмель круты тваіх вуснаў піў,
Да высокай зары над зямлёй
Я цебе ад верб не пусціў.
Думаў, вып'ю цябе да дна
У шырокіх, дужых руках,
Але ты для мяне была
Невычэрпная, як рака.
Зноў ішоў да цябе праз ноч,
Праз мяцеліцы, праз агні,
Да тваіх спагадлівых воч
I жаночай гарачыні.
Я цябе, як песню, любіў,
Хмель круты тваіх вуснаў піў
I да скону, відаць, табой
Галаву захмяліў.
Былі тады — ноч,
ты ў слабенькім паркаліку,
арэшнік,
Ды я, грэшнік.
A зоркі ўсе стаялі, як адна,
У возеры расчыненым, без дна.
A ў беразе праз сон (ці ад савіных лап?)
з адчаем
Крычала
чайка.
I вабна слалася нам да сцяжыны
Квяцістаю пярынай —
канюшына.
I ў шчасця свет вяла (так блізка блузка!)
Конікаў
язычаская музыка.
Читать дальше