..............................
Я не люблю лішніх падрабязнасцяў, дый мне, мабыць, і не трэба гаварыць чытачу пра тое, што ён сам можа лёгка сабе ўявіць, не расказваць пра ўсё, што адбывалася гадзіну за гадзінай у гатэлі горада N***. Скажу, аднак, што свечка, якая стаяла на незапаленым каміне блакітнага пакоя, дагарэла ўжо да паловы, калі з пакоя англічаніна, дагэтуль ціхага, пачуўся дзіўны гук, быццам упала нешта цяжкае. За гэтым гукам пачуўся нейкі не менш дзіўны хруст, а за ім — здушаны крык і нейкія няясныя словы, падобныя да праклёну. Маладыя насельнікі блакітнага пакоя здрыгануліся. Яны, відаць, раптоўна абудзіліся. На абаіх гэтыя гукі, якім не было тлумачэння, зрабілі амаль злавеснае ўражанне.
— Гэта наш англічанін нешта сасніў,— сказаў Леон і паспрабаваў усміхнуцца.
Ён хацеў супакоіць сваю сяброўку, але сам мімаволі задрыжаў. Праз дзве ці тры хвіліны дзверы ў суседнім пакоі, здаецца, асцярожна адчыніліся, пасля ціхенька зачыніліся. Пачуліся ціхія і няпэўныя крокі чалавека, які, відавочна, спрабаваў уцячы.
— Чортава карчма! — раззлавана сказаў Леон.
— Ах, гэта проста рай!..— адказала маладая жанчына і паклала галаву на плячо Леону.— Я паміраю, хачу спаць...
Яна ўздыхнула і амаль адразу заснула.
Адзін славуты мараліст сказаў, што мужчыны не надта гаваркія, калі ім няма чаго болей прасіць. Таму не трэба здзіўляцца, што Леон не спрабаваў падтрымаць размову і не разважаў наконт дзіўных гукаў у гатэлі. Аднак супраць волі яны займалі яго думкі, і ён звязваў іх ва ўяўленні са шматлікімі абставінамі, на якія, будучы ў іншым настроі, ён не звярнуў бы ніякай увагі. Яму прыпомнілася змрочная постаць пляменніка англічаніна. Калі ён пакорліва гаварыў з дзядзькам, вочы яго гарэлі нянавісцю, відаць, таму, што ён прасіў грошай.
Што можа быць прасцейшае для маладога і дужага чалавека, ды яшчэ даведзенага да роспачы, чым залезці з саду ў акно? Да таго ж ён жыў тут жа ў гатэлі, бо ўначы гуляў у садзе. Можа быць... нават магчыма... несумненна ён ведаў, што ў дзядзькавым чорным сакваяжы ляжыць тоўсты пачак банкаўскіх білетаў... А гэты глухі гук, як удар кіем па лысай галаве!.. Гэты здушаны крык!.. Гэтыя жахлівыя праклёны! I пасля гэтыя крокі ў калідоры! У гэтага пляменніка быў твар забойцы... Але хто ж забівае ў гатэлі, поўным афіцэраў? Без сумнення, гэты англічанін як чалавек асцярожны зачыніўся на ўсе засаўкі, тым болей ведаючы, што гэты нягоднік ходзіць недзе паблізу... Ён яго асцерагаўся, бо не хацеў да яго падыходзіць з сакваяжам у руках... Ат! Да д’ябла гэтыя агідныя думкі, калі тут такое шчасце!
Вось што казаў сам сабе Леон. Заняты гэтымі думкамі, якія я не буду разбіраць падрабязней і якія паўставалі яму, нібы ў сне, ён няўцямна пазіраў на запасныя дзверы, што вялі з блакітнага пакоя ў нумар англічаніна.
У Францыі дзверы ўвогуле зачыняюцца дрэнна. Паміж гэтымі дзвярмі і падлогай была шчыліна сантыметры са два. Раптам з-пад гэтай шчыліны, ледзь асветленай водбліскам на падлозе, паказалася нешта чорнае і пляскатае, падобнае да ляза нажа, бо край, асветлены свечкай, уяўляў сабою тонкую бліскучую лінію. Гэтае нешта павольна пасоўвалася да блакітнага атласнага пантофліка, нядбайна кінутага побач з дзвярмі. Можа, гэта было нейкае насякомае накшталт станожкі?.. Не, гэта не насякомае. У гэтага няма пэўнай формы... Два ці тры бурыя пацёкі, кожны са светлай лініяй з краю, выпаўзлі з-пад дзвярэй. Падлога была нахіленая, і яны цяклі ўсё хутчэй... Вось яны пасоўваюцца, зараз дакрануцца да пантофліка. Усё ясна! Гэта вадкасць, і колер гэтай вадкасці цяпер выразна разглядаўся ў святле свечкі — гэта была кроў! I тым часам, як Леон глядзеў, знерухомеўшы ад жаху, на гэтыя агідныя пацёкі, жанчына працягвала спакойна спаць, саграваючы роўным дыханнем шыю і плячо свайго каханка.
...............................
Спраўнасць, з якой Леон заказаў вячэру, прыехаўшы ў гатэль горада N***, дастаткова сведчыла пра яго светлую галаву, высокі інтэлект і прадбачлівасць. Ён і цяпер цалкам апраўдаў тыя рысы, што мы ўжо яму прыпісалі. Ён не зрушыўся з месца і скіраваў усю сілу свайго розуму на тое, каб прадухіліць жахлівую небяспеку, якая яму пагражала.
Я ўяўляю сабе, што большасць маіх чытачоў і асабліва чытачак, натхнёных гераічнымі пачуццямі, асудзяць паводзіны і бяздзейнасць Леона ў гэтым становішчы. Ён мусіў бы, скажуць мне, бегчы ў пакой англічаніна, каб схапіць забойцу ці хоць бы пазваніць у званок, падняць на ногі ўсю абслугу. На ўсё гэта я б адказаў спачатку, што ў французскіх гатэлях званкі выкарыстоўваюць толькі як упрыгожанне і што іх матузкі не звязаны з ніякім металічным апаратам. Дадам пачціва, але катэгарычна, што хай сабе й нядобра пакідаць англічаніна паміраць у суседнім пакоі, але ж ніяк не ўхвальна ахвяраваць дзеля яго жанчынай, якая спіць на вашым плячы. Што б здарылася, калі б Леон узняў вэрхал і абудзіў увесь гатэль? Адразу б прыбеглі жандары і імперскі пракурор са сваім пісарам. Перш чым запытацца ў яго, што ён бачыў ці чуў, гэтыя панове, выяўляючы прафесійную цікаўнасць, перш-наперш сказалі б: «Як вашае імя? Вашы дакументы? А пані? Што вы рабілі разам у гэтым блакітным пакоі? Вы мусіце з’явіцца ў суд і сказаць, што такога і такога чысла а такой і такой гадзіне ўначы вы сталіся сведкамі такога і такога здарэння».
Читать дальше