Але зрабілася яшчэ горш, калі пасля доўгага чакання праз бакавыя дзверы — адзінае месца, якое не было аб’ектам няспыннага сачэння маладога чалавека,— увайшла жанчына ў чорным з цёмнай вуаллю на твары і бурай саф’янавай торбай у руцэ, дзе, як я потым выявіў, быў цудоўны хатні халат і блакітныя атласныя пантофлі. Жанчына і малады чалавек пайшлі насустрач адно аднаму, паглядаючы то налева, то направа, але толькі не перад сабою. Яны сышліся, іх рукі сустрэліся, і так яны стаялі моўчкі некалькі хвілін, трапяткія і задыханыя, ахопленыя тым салодка-балючым пачуццем, за якое я б аддаў сто гадоў жыцця філосафа.
Калі да іх вярнулася здольнасць гаварыць, маладая жанчына сказала (я забыўся ўдакладніць, што яна была маладая і прыгожая):
— Леон! Якое шчасце! Я б ніколі не пазнала вас у гэтых сініх акулярах.
— Якое шчасце! — сказаў Леон.— Я б ніколі не пазнаў вас пад гэтай чорнай вуаллю.
— Якое шчасце! — паўтарыла яна.— Хадземце хутчэй сядзем у вагон, пакуль цягнік не паехаў без нас!.. (I яна моцна сціснула яму руку.) Ніхто ні аб чым не здагадваецца. У гэты момант я еду з Кларай і яе мужам да яе на дачу, дзе я заўтра мушу з ёй расстацца... А яна ўжо гадзіну таму ад’ехала,— дадала яна са смехам,— а заўтра... прабавіўшы са мною апошні вечар... (яна зноў сціснула яму руку) заўтра раніцай яна правядзе мяне да станцыі, дзе я сустрэну Урсулу, якую я паслала перад тым да цёткі... О, я ўсё прадугледзела! Давайце возьмем білеты... Проста немагчыма, каб нас нехта пазнаў! Ой, а калі ў нас спытаюцца прозвішчы ў гатэлі? Я ўжо забылася...
— Пан і пані Дзюру.
— Ой, не. Толькі не Дзюру. У пансіёне быў шавец з такім прозвішчам.
— Ну, тады Дзюмон?..
— Дамон.
— Ну, добра, толькі ж у нас нічога не будуць пытацца.
Пачуўся звон, дзверы пачакальні расчыніліся, і маладая жанчына, старанна схаваная пад вуаллю, скочыла ў вагон са сваім спадарожнікам. Пазванілі другі раз, дзверы ў іх купэ зачыніліся.
— Мы адны! — радасна закрычалі яны.
Але амаль у той самы момант чалавек гадоў пяцідзесяці, увесь у чорным, з паважным і нудлівым тварам, увайшоў у купэ і сеў у куточку. Лакаматыў свіснуў, і цягнік паехаў. Маладыя людзі, адсунуўшыся як мага далей ад нечаканага суседа, пачалі ціхенька гаварыць, дзеля надзвычайнай перасцярогі — па-англійску.
— Шаноўны пане,— сказаў іх сусед на той самай мове, але са значна чысцейшым англійскім вымаўленнем,— калі ў вас ёсць сакрэты, дык, калі ласка, не выкладайце іх па-англійску перада мною. Я англічанін. Мне вельмі прыкра, што я мушу вам замінаць, але ў другім купэ едзе адзін мужчына, а я прынцыпова не езджу ніколі ў адным купэ з адзінокім мужчынам... У яго твар Іуды. I ён мог бы спакусіцца вось на гэта.
Ён паказаў на свой сакваяж, які ён кінуў побач на падушку.
— Да таго ж, калі я не засну, дык буду чытаць.
I сапраўды, ён сумленна паспрабаваў заснуць. Ён раскрыў свой сакваяж, дастаў адтуль шапачку з брылём, надзеў яе на галаву і заплюшчыў вочы. Праз некалькі хвілін ён раздражнёна расплюшчыў вочы, дастаў з сакваяжа акуляры і грэчаскую кнігу і пачаў уважліва яе чытаць. Каб дастаць кнігу, яму прыйшлося перавярнуць у сакваяжы кучу рэчаў, накладзеных абы-як. Сярод іншага ён дастаў з самага споду даволі тоўсты пачак англійскіх банкавых білетаў, склаў іх перад сабою на сядзенні і, перш чым пакласці назад, паказаў іх маладому чалавеку і спытаўся, ці ён зможа абмяняць банкноты ў N***.
— Мабыць, зможаце. Гэта ж па дарозе ў Англію.
N*** было якраз тое месца, куды ехала маладая пара. У N*** ёсць адзін даволі чысты гатэльчык, дзе звычайна спыняюцца толькі ў суботу вечарам. Кажуць, што пакоі там даволі добрыя. Гаспадар і прыслуга не так далёкія ад Парыжа, каб мець правінцыйныя звычкі. Малады чалавек, якога я ўжо назваў Леонам, наведаў трохі раней гэты гатэль без сініх акуляраў, і яго сяброўка, выслухаўшы ягоную справаздачу, выказала жаданне наведаць гэтае месца.
Зрэшты, таго дня яна была ў такім добрым гуморы, што нават турэмныя сцены падаліся б ёй поўнымі хараства, калі б яе замкнулі ў іх разам з Леонам.
Тым часам цягнік ехаў далей, англічанін чытаў сваіх грэкаў, не зважаючы на спадарожнікаў, якія размаўлялі так ціха, як могуць размаўляць толькі закаханыя. Мабыць, я не надта здзіўлю маіх чытачоў, паведаміўшы, што гэта былі закаханыя ў поўным сэнсе гэтага слова, але ж прыкра было тое, што яны не былі жанатыя і былі прычыны, якія не дазвалялі ім ажаніцца.
Цягнік прыехаў у N***. Англічанін выйшаў першы. Пакуль Леон дапамагаў сваёй сяброўцы сысці з вагона так, каб не агаліць ножак, нейкі чалавек выскачыў на платформу з суседняга купэ. Ён быў бледны, нават жоўты, з запалымі і налітымі крывёю вачыма, няголены — знак, па якім часта пазнаюць небяспечных злачынцаў.
Читать дальше