Пасля гэтага тоста было шмат іншых, і хутка госці зрабіліся такія гаманлівыя, што мне здалося недарэчным знаходзіцца сярод іх. Я ўцёк з-за стала так, што ніхто мяне не заўважыў, і выйшаў з замка, каб падыхаць свежым паветрам, але і там я ўбачыў не надта прыстойнае відовішча. Сяляне і чаляднікі, якія цішком напіліся піва і гарэлкі, былі ўжо збольшага п’яныя. Паўсюль цяпер кіпелі бойкі, паўсюль былі відаць разбітыя галовы. Сям-там на лузе валяліся непрытомныя п’яныя мужыкі, і збоку свята выглядала як пабоішча. Мне было б цікава паглядзець зблізу на народныя танцы, але танчылі збольшага бессаромныя цыганкі, і я падумаў, што мне не надта прыстойна бадзяцца сярод гэтай сумятні. I я вярнуўся ў свой пакой, трошкі пачытаў, пасля распрануўся і хутка заснуў.
Калі я прачнуўся, замкавы гадзіннік прабіў тры ўдары. Ноч была светлая, хоць месяц і быў ахінуты лёгкай смугой. Я паспрабаваў зноў заснуць, але не здолеў. Я хацеў, як я заўсёды раблю ў такіх выпадках, узяць кнігу, але не знайшоў пад рукой запалак. Я ўстаў і навобмацак пайшоў праз пакой, калі раптам нешта цёмнае, вялікае праляцела за акном і з глухім ударам упала ў садзе. Спачатку я падумаў, што гэта чалавек, відаць, нехта ўпіўся і выпаў з акна. Я адчыніў акно і паглядзеў: нічога не было відаць. Урэшце я запаліў свечку і пачаў перачытваць слоўнік, пакуль мне не прынеслі гарбату.
Каля адзінаццатай гадзіны я пайшоў у залу, дзе ўбачыў шмат падбітых вачэй і памятых твараў. Як я даведаўся, пачостка скончылася даволі позна. Ні граф, ні маладая графіня яшчэ не паяўляліся. А палове дванаццатай пасля безлічы злых жартаў пачаліся нараканні, спачатку ціха, а пасля і ўголас. Доктар Фробэр узяў на сябе смеласць паслаць графавага пакаёвага пагрукаць у дзверы свайго гаспадара. Праз чвэрць гадзіны пакаёвы, трошкі збянтэжаны, спусціўся і паведаміў доктару Фробэру, што грукаў разоў дванаццаць, але адказу не дачакаўся. Мы параіліся — пані Даўгяла, доктар і я. Трывога пакаёвага пераканала мяне. Мы ўтраіх падняліся разам з ім. Перад дзвярыма стаяла разгубленая графініна пакаёўка, яна цвердзіла, што здарылася нейкае няшчасце, бо акно ў пакоі ў пані было расчынена насцеж. I я з жахам згадаў тое важкае цела, што ўпала ўначы перад маім акном. Мы пагрукалі. Ніякага адказу. Тады, урэшце, пакаёвы прынёс жалезную бэльку, і мы зламалі дзверы... Не! Мне не стае мужнасці, каб апісаць відовішча, што адкрылася нашым вачам. Маладая графіня ляжала мёртвая ў ложку, твар быў разадраны, горла перарэзанае, паўсюль была кроў. Граф знік, і больш ніхто пра яго ніколі не чуў.
Доктар агледзеў страшную рану жанчыны.
— Яе не зарэзалі! — закрычаў ён.— Яе загрызлі!..
...................................
***
— Гэта не чалавечае імя,— адказаў прафесар.— Ану, Тэадор, ці разумееце вы, што значыць «Локіс»?
— Ані блізка.
— Калі б вы добра засвоілі закон фанетычных адпаведнасцяў паміж санскрытам і літоўскай мовай, вы пазналі б у слове «lokis» санскрыцкае «arksa» ці «rksa». «Lokis» — так па-літоўску называецца звер, якога грэкі называлі «aρχτοs», лаціняне «ursus», а немцы «Bär».
Цяпер вы разумееце сэнс эпіграфа:
Miszka su Lokiu
Abu du tokiu.
Вы ведаеце, што ў «Рамане аб лісе» мядзведзь завецца damp Brun. Славяне называюць яго Міхал, па-літоўску Мішка, і гэтая мянушка амаль заўсёды замяняе родавую назву «lokis». Гэтаксама, як французы забылі новалацінскае слова «gorpil» і замянілі яго словам «renard». Магу прывесці і іншыя прыклады...
Але Адэлаіда заўважыла, што ўжо позна, і яны рассталіся.
Пераклад: Сяргей Шупа
Пані дэ ля Рун [236]
Малады чалавек непакойліва хадзіў па вестыбюлі чыгуначнай станцыі. На ім былі сінія акуляры, і, хоць ён і не быў прастуджаны, ён бесперапынна падносіў да носа хустачку. У левай руцэ ён трымаў невялічкі чорны сакваяж, у якім, як я пасля даведаўся, ляжаў шаўковы халат і шаравары.
Раз-пораз ён падыходзіў да дзвярэй, выглядаў на вуліцу, пасля даставаў гадзіннік з кішэні і звяраў яго з вялікім вакзальным. Цягнік адыходзіў толькі праз гадзіну, але ёсць людзі, якія заўсёды баяцца спазніцца. Гэта быў не той цягнік, на якім ездзяць тыя, хто спяшаецца: у ім было мала вагонаў першага класа. Гэта быў не той час, калі біржавыя дзялкі, абладзіўшы свае справы, едуць у свае загарадныя дамы, дзе іх чакае вячэра. Пачалі надыходзіць пасажыры, у якіх парыжанін распазнаў бы навакольных фермераў або дробных гандляроў з прадмесця. I, аднак, кожнага разу, як у будынак станцыі нехта ўваходзіў, кожнага разу, як перад дзвярмі спыняўся экіпаж, сэрца маладога чалавека ў сініх акулярах ледзь не лопалася, калені пачыналі дрыжаць, сакваяж быў гатовы выпасці з рук, а акуляры зваліцца з носа, дзе яны, заўважым мімаходзь, сядзелі наўскасяк.
Читать дальше