Ужо мінуў полудзень, калі залпы феерверку і ружжовыя стрэлы прывіталі вясельны поезд, і праз хвіліну на прысады выехала парадная брычка, якую везлі чатыры цудоўныя кані. Яны былі ў пене, і гэта сведчыла пра тое, што ў спазненні вінаватыя не яны. У брычцы сядзелі трое: маладая, пані Даўгяла і граф. Ён злез і падаў руку пані. Панна Івінская, поўная грацыі і дзіцячай гарэзнасці, прыкінулася, быццам хоча схавацца пад хусткай ад цікаўных позіркаў з усіх бакоў. Але ўрэшце яна ўстала ў брычцы і збіралася ўжо абаперціся на графаву руку, як раптам коні, відаць, напалоханыя дажджом з кветак, якія сяляне кідалі маладой, а можа, ахопленыя тым неўразумелым жахам, які ўзнікаў у коней пры графе, усталі дыбкі і заржалі. Адно кола наехала на слупок побач з ганкам, і на нейкі момант здалося, што зараз здарыцца няшчасце. Панна Івінская закрычала... Але хутка ўсе з палёгкай уздыхнулі. Граф падхапіў маладую і падняўся з ёй на ганак так лёгка, быццам нёс галубку. Мы ўсе віталі яго воплескамі на знак яго рыцарскай галантнасці. Сяляне грымнулі «віват!», а пачырванелая маладая смяялася і дрыжала адначасова. Граф, які зусім не спяшаўся вызваліцца ад прыемнага цяжару, пераможна ўсміхаўся, паказваючы яго ўсім прысутным...
I раптам нейкая высокая бледная худая жанчына, бязладна адзетая, з раскудлачанымі валасамі, здранцвелая ад жаху, паявілася на ганку так, што ніхто не ўбачыў, адкуль яна ўзялася.
— Мядзведзь! — пранізліва закрычала яна.— Мядзведзь! Гэй, страляйце... Ён нясе жанчыну! Забіце яго! Страляйце! Страляйце!
Гэта была графіня. З прыездам маладых усе сабраліся пры ганку, у двары і каля замкавых вокнаў. Чалядніцы, што наглядалі за няшчаснай вар’яткай, забыліся пра свае абавязкі. Яна ўцякла і, нікім не заўважаная, з’явілася сярод натоўпу. Гэта было пакутлівае відовішча. Яе трэба было завесці назад, нягледзячы на яе крыкі і супраціўленне. Шмат хто з госцяў не ведаў пра яе хваробу. Прыйшлося ім тлумачыць. Яшчэ доўга чуўся ціхі шэпт. Усе твары спахмурнелі. «Благі знак!» — казалі прымхлівыя людзі, а такіх на Літве багата.
Панна Івінская папрасіла пяць хвілін, каб прывесці да ладу сваё ўбранне і надзець вэлюм.
Гэта заняло добрую гадзіну, больш чым дастаткова, каб тыя, хто не ведаў пра графініну хваробу, добра пазнаёміліся з яе прычынай і іншымі падрабязнасцямі.
Нарэшце паказалася маладая, пышна ўбраная і ўпрыгожаная дыяментамі. Цётка прадставіла яе ўсім гасцям, і калі настаў момант ісці ў капліцу, на маё вялікае здзіўленне перад усімі прысутнымі пані Даўгяла ўдарыла пляменніцу па шчацэ, прычым так моцна, што ўсе азірнуліся. Маладая маўкліва сцярпела ўдар, дый навокал ніхто не здзівіўся. Толькі нейкі мужчына ў чорным запісаў нешта на аркушы, а два ягоныя памочнікі з самым спакойным выглядам паставілі свой подпіс. I толькі пасля цырымоніі я ўведаў разгадку гэтай таямніцы. Калі б я ведаў раней, я б з усёй сілай маіх святарскіх паўнамоцтваў паўстаў супраць гэтага пачварнага абраду, які меў за мэту абгрунтаваць магчымы развод, бо шлюб быццам бы адбыўся ў выніку фізічнага гвалту над адным з бакоў.
Пасля вянчання я палічыў за абавязак сказаць маладым некалькі слоў і паспрабаваў паказаць ім важнасць і святасць саюзу, які іх злучыў. У мяне ўсё яшчэ не ішоў з галавы недарэчны пастскрыптум панны Івінскай, і я нагадаў ёй, што яна пачынае новае жыццё, якое напоўнена не забавамі і дзявочымі радасцямі, а паважнымі абавязкамі і сур’ёзнымі выпрабаваннямі. Мне здалося, што гэтая частка маёй прамовы вельмі ўразіла маладую, як, зрэшты, і ўсіх, хто разумеў па-нямецку.
Залпы салюту і радасныя воклічы сустрэлі маладых, калі яны выйшлі з капліцы. Усе накіраваліся ў святочую залу. Стол быў вельмі багаты, госці былі галодныя, і спачатку чуўся толькі ляскат нажоў і відэльцаў аб талеркі. Але хутка, дзякуючы шампанскім і ўгорскім вінам, пачалася гамана, смех і крыкі. З запалам выпілі за здароўе маладой. I толькі селі зноў, як стары пан з белымі вусамі ўстаў і сказаў грымотным голасам:
— Балюча бачыць, як забываюцца нашыя старыя звычаі. Бацькі нашыя ніколі б не сталі піць за маладую з крышталёвых кубкаў. Мы пілі калісьці з нявесцінага туфліка ці нават з боціка, бо за мае часы кабеты насілі боты з чырвонага саф’яну. Дык пакажам, сябры, што ў нас яшчэ цячэ літоўская кроў. А ты, пані, будзь ласкава, дай твой туфлік.
Маладая пачырванела і адказала:
— Калі ласка, вазьмі... Але твайго бота мне будзе замнога.
Пан не прымусіў сябе ўпрошваць. Ён пачціва ўкленчыў, зняў маленькі туфлік з белага атласу і з чырвоным абцасам, наліў у яго шампану і выпіў так хутка і спрытна, што на яго сурдут вылілася не болей за палову. Туфлік пераходзіў з рук у рукі, і ўсе мужчыны выпілі з яго, хоць і не без клопату. Стары шляхціц папрасіў аддаць яму туфлік як каштоўную рэліквію, і пані Даўгяла загадала пакаёўцы прывесці да ладу туалет пляменніцы.
Читать дальше