І вось нарэшце настаў вечар, калі ты заўважыў мяне. Я ўжо здалёку цябе ўбачыла і напружыла ўсю сваю волю, каб не ўхіліцца ад сустрэчы. Выпадкова на вуліцы якраз разгружалі нейкую фурманку, і табе прыйшлося прайсці зусім блізка ад мяне. Ты няўважліва зірнуў на мяне, але ў той жа момант, калі ты адчуў мой пільны позірк, у тваіх вачах з'явіўся ўжо знаёмы мне выраз — ах, як страшна мне было ўспомніць пра гэта! — той, прызначаны жанчынам, ласкавы позірк, які абнімаў і разам з тым распранаў, той усёабдымны позірк, які ўжо прыкоўваў да сябе, які калісьці ў першы раз ператварыў мяне, дзіця, у закаханую жанчыну. Хвіліну-другую гэты позірк прыцягваў мяне — я не магла і не хацела адвесці вачэй, — а потым ты прайшоў ужо міма. У мяне моцна затахкала сэрца; міжволі я запаволіла крок і, паддаючыся неадольнай цікаўнасці, азірнулася — ты спыніўся і глядзеў мне ўслед. І па ўвазе і па цікаўнасці, з якою ты мяне разглядваў, я адразу зразумела, што ты мяне не пазнаў.
Ты не пазнаў мяне ні тады, ні пазней; ты ніколі не пазнаваў мяне. Як перадаць табе, каханы, усё расчараванне той хвіліны? Бо тады першы раз я спазнала тое, на што асудзіў мяне лёс, — быць не пазнанаю табою ўсё жыццё, да самай смерці. Як перадаць табе маё расчараванне? Скажу шчыра: у тыя два гады жыцця ў Інсбруку, калі я ўвесь час думала аб табе і толькі тое і рабіла, што марыла аб нашай будучай сустрэчы ў Вене, я, у залежнасці ад настрою, малявала сабе самыя неверагодныя карціны побач з самымі чароўнымі. Усё я перажыла, калі так можна сказаць, у маім уяўленні; у змрочныя часіны я малявала сабе, што ты адштурхнеш мяне, адвернешся з пагардаю, бо я вельмі ўжо нязначная, непрыгожая, надакучлівая. Я ў думках перанесла ўсе пакуты, якія зваліліся на мяне з-за твае непрыязнасці, халоднасці, абыякавасці, але нават у роспачныя хвіліны, калі я асабліва востра ўсведамляла, што не вартая твайго кахання, я і ў думках не дапускала самага страшнага, жахлівага: што ты наогул не заўважыў майго існавання. Цяпер я гэта разумею — о, ты навучыў мяне разумець, — які зменлівы для мужчыны дзявочы або жаночы твар, бо часцей за ўсё ён толькі люстэрка, якое адлюстроўвае то жаданне, то дзіцячае дзівацтва, то душэўную стомленасць і расплываецца, знікае з памяці гэтак жа лёгка, як адбітак у люстэрку; таму мужчыне цяжка пазнаць жанчыну, калі гады змянілі на яе твары гульню свету і ценю, калі адзенне, як новая рамка, зусім перайначыла яго. Сапраўды, разумны толькі той, хто пакарыўся свайму лёсу. Але я была тады яшчэ вельмі маладая, і твая забыўлівасць здавалася мне дзіўнаю, тым больш што, увесь час думаючы аб табе, я цешыла сябе думкаю, што і ты часта ўспамінаеш і чакаеш мяне; як магла б я жыць, ведаючы, што я для цябе нішто, што нават мімалётны ўспамін пра мяне ніколі не трывожыць цябе! І гэтае абуджэнне да рэчаіснасці пад тваім позіркам, які паказаў мне, што нішто не нагадвала табе пра мяне, што ніводная, нават самая тонкая нітка ўспаміну не працягнулася ад твайго жыцця да майго, — было першым жорсткім ударам, першым прадчуваннем майго лёсу.
Ты не пазнаў мяне ў той раз. І калі праз два дні пры новай сустрэчы ты паглядзеў на мяне амаль як на знаёмую, ты зноў пазнаў не тую, якая кахала цябе, а толькі прыгожую васемнаццацігадовую дзяўчыну, якая сустрэлася табе на тым самым месцы два дні таму назад. Ты паглядзеў на мяне здзіўлена і прыветліва, і лёгенькая ўсмешка з'явілася на тваіх вуснах. Ты зноў прайшоў міма і, як і ў той раз, адразу ж запаволіў хаду, — я дрыжала, я ўпівалася асалодаю, я малілася, каб ты загаварыў са мною. Я зразумела, што першы раз я для цябе жывая істота; я таксама пайшла цішэй, я не пабегла ад цябе. І раптам я адчула, што ты ідзеш за мною: не аглядваючыся, я ўжо ведала, што зараз пачую твой мілы голас, і ты першы раз звернешся да мяне. Я ўся сціснулася ў чаканні, і сэрца гэтак тахкала, што я ледзь не спынілася, але ты ўжо дагнаў мяне. Ты загаварыў са мною, як звычайна, лёгка і весела, быццам мы былі старыя знаёмыя — ах, ты ж нічога не ведаў, ты ніколі нічога не ведаў пра маё жыццё! — і гэтак чароўна проста загаварыў ты са мною, што я нават знайшла ў сабе сілы адказаць табе. Мы прайшлі да канца вуліцы. Потым ты спытаўся, ці не павячэраць нам разам. Я сказала «добра». Няўжо б я асмелілася адмовіць табе?
Мы павячэралі ў невялічкай рэстарацыі — помніш, дзе гэта было? Ах не, ты, канечне, не можаш адрозніць гэты вечар ад другіх такіх жа вечароў, бо кім я была табе? Адною з сотняў выпадковаю прыгодаю, звяном у бясконцым ланцугу. Дый што магло б нагадаць табе пра мяне? Я амаль не гаварыла, мне было надта вялікім шчасцем — сядзець побач з табою, чуць твой голас. Я баялася задаць пытанне, сказаць лішняе слова, каб не страціць хоць адно каштоўнае імгненне. Я заўсёды з удзячнасцю ўспамінаю, што ты апраўдаў мае найлепшыя спадзяванні, што ты быў чуйны, просты і тактоўны, без назойлівасці, без заляцанняў; з першай хвіліны ты гаварыў са мною так натуральна і па-сяброўску, што ўжо адным гэтым пакарыў бы мяне, калі б я ўжо даўно ўсімі сваімі жаданнямі, усёй сваёй істотай не была тваёю. Ах, ты ж не ведаеш, якую маю вялікую мару ты ажыццявіў, не падмануў маіх пяцігадовых дзіцячых спадзяванняў!
Читать дальше