Любоў да горада нагадвае каханне да жанчыны.
Гэта вялікае шчасце, калі недзе ёсць горад, які чакае цябе, каб затуліць крылом спакою і зрабіць мацнейшым. Горад, чыё імя ты часта паўтараеш у думках, як імя блізкага чалавека, шукаючы і заўсёды знаходзячы нейкі патаемны сэнс з усё новымі і новымі адценнямі: чуеш у ім то ціхамірнае журчанне Палаты з яе расчасанымі плынню зялёнымі «русалчынымі косамі», то ваяўнічы поступ полацкіх палкоў, то вусцішны гуд полымя над абложанымі ворагам замкамі…
Любоў да горада — вялікая таямніца, у якой нялёгка прызнацца.
І ўсё ж я адважваюся зрабіць гэта. Маім прызнаннем будзе кніга, якую вы трымаеце ў руках.
Пра мой горад выйдзе яшчэ мноства кніг, але думаю, што напісаць адну з іх маю права і я. Бо радзільня, дзе з’явіўся на свет, месцілася на Верхнім замку, за нейкую сотню крокаў ад Сафійскага сабора, куды, як казала мама, выходзілі вокны палаты (значыцца, званіцы і крыжы святое Сафіі — маё, няхай сабе і неўсвядомленае, але першае ўражанне аб навакольным свеце). Бо нашай улюбёнаю дзіцячай гульнёй былі пошукі лёхаў, што ў сярэднявеччы выводзілі з полацкіх сабораў на другі бок Дзвіны. Бо, пачынаючы гадоў з сямі, мы з сябрамі натхнёна займаліся на дзвінскіх берагах археалагічнымі даследзінамі, і шчодрая рака пасля кожнае паводкі дарыла нам то старадаўнюю манету, то проста ржавыя жалязякі, якія здаваліся наканечнікамі дзідаў. Бо Дзвіна навучыла мяне плаваць і берагла, калі я, схаваўшы адзенне на беразе пад перакуленым чоўнам, упершыню пераплываў яе, не ведаючы, што тут, насупраць Сафійкі, — самая вірыстая мясціна. Бо на нашых дзіцячых вачах узрывалі Мікалаеўскі сабор, і мы ўжо разумелі, што чыніцца злачынства. Бо тут, у Полацку, я першы раз закахаўся, адсюль паехаў вучыцца на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, тут упершыню скакаў праз купальскае вогнішча і напісаў свае першыя вершы і апавяданні. Бо і цяпер у маёй мінскай кватэры мне часта здаецца ўранні: вось падыду да вакна, а за ім — зялёныя берагі і поўная, як вока, вясновая Дзвіна.
Бо Полацк — радзіма маёй душы.
Мне хочацца, каб чытаючы гэтую кнігу, вы пачулі і непараўнальны пах выцвілых пергаменаў, і гаману полацкага веча, і артылерыйскую кананаду часоў Напалеона… Каб, прачытаўшы яе, ніхто не моршчыў лоб, пакутліва ўспамінаючы, што яму вядома пра дойліда Іаана, ювеліра Лазара Богшу або князя Усяслава Чарадзея. Буду ўсцешаны, калі нехта з маіх чытачоў паспрабуе намаляваць сваё радаводнае дрэва, нехта захоча падняцца ў келлю святой Еўфрасінні, а нехта ўсамотніцца ў бібліятэцы ці ў архіве, збіраючыся раскрыць пакінутыя полацкай гісторыяй шматлікія таямніцы.
Гэта не падручнік і не навуковае даследаванне. У сваім аповедзе я буду забягаць наперад, у сучаснасць, і зноў вяртацца ў далёкія стагоддзі. Буду выказваць небясспрэчныя гіпотэзы і меркаванні.
Я не абяцаю, што скажу пра Полацк усё — на гэта не хопіць і сотні тамоў. Але я абяцаю вам сказаць шмат новага, знаёмага дагэтуль толькі вузкаму колу гісторыкаў. Абяцаю распавесці пра таямніцу крыжа Еўфрасінні і пра загадкавы лёс бібліятэкі Сафійскага сабора, пра Полацкі кадэцкі корпус і пра той час, калі Полацк быў сталіцай ордэна езуітаў…
У нашым мінулым праўдзівыя летапісы вельмі часта перапісвалі або падмянялі хлуслівымі хронікамі, складзенымі на загад тых, хто быў пры ўладзе. Таму не дайшоў да нас Полацкі леmaпic. Таму асветнікі знаходзіліся ў чорных спісах цемрашалаў, а маскоўскія цары-тыраны абвяшчаліся нашымі вызваліцелямі. Праўдзівая гісторыя вяртаецца да нас толькі цяпер — уваскрашаючы наш гонар, даючы веру ў будучыню, зноў робячы беларусаў еўрапейскім народам.
У гарадоў, як і ў людзей, ёсць душы.
Нягледзячы на нягоды і ліхалецці, Полацк захаваў у сваёй душы чысціню і высакароднасць. Ён здольны вылечыць ад жыццёвай мітусні і прымусіць падумаць пра вечнае, успомніць, хто мы, адкуль і куды ідзём.
Калі хтосьці, загарнуўшы апошнюю старонку, палюбіць мой горад трошкі мацней, а хтосьці проста захоча прыехаць, каб упершыню пахадзіць па яго вуліцах, — буду ведаць, што дні, у якія я пісаў гэтую кнігу, пражытыя недарэмна.
Пачынаючы яе, яшчэ раз гляджу на старажытны полацкі герб надмаім сталом. Пад чыстым блакітным небам плыве праз стагоддзі па дзвінскіххвалях карабель зразгорнутымі ветразямі…
Аўтар выказвае шчырую падзяку
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу