У сённяшнім беларускім друку можна сустрэць цалкам сур’ёзныя прапановы назваць беларусаў крывічамі, а Беларусь перайменаваць у Крывію. Аднак будзем памятаць, што пэўнасці на гэты конт не меў нават сам Вацлаў Ластоўскі. У 1926 годзе ён пісаў: «Крывія, Русь, Літва — патройны вузел, трохпаверхі лябірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць Haшaeнацыянальнае «я»… Адыходзіць удаль, але не замірае імя «Крывія», «Крывічы»… Недзе ў мінуўшчыне, а такжа глыбока ў народнай сьвядомасьці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго ўваскрэшэньня, напоўмістычнае імя «Крывія», якому прызначана ў гісторыі народу замкнуць круг часу, быць ачышчаюшчым агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэньня Народу».
Было б вялікай памылкаю спісваць «крыўскую тэорыю» ў архіў. Хіба яна — сярод жывых і сёння міфаў аб тым, што беларусы не мелі сваёй дзяржавы і культуры, — не сведчыць пра шматвяковую традыцыю нашай дзяржаўнасці? Хіба не прымушае даследчыкаў заглыбляцца ў беларускую гістарычна-культурную рэтраспектыву?
У курганах вакол Полацка часта знаходзяць уласцівыя старажытным балтам шырокія арнаментаваныя і звярынагаловыя бранзалеты. Цікавыя адкрыцці чакалі археолагаў каля полацкай вёскі Дзмітрыўшчына, дзе ў пахаваннях курганнага могільніку знойдзеныя тыпова латгальскія нагрудныя ўпрыгожанні.
Сустрэчы даўнейшых і новых жыхароў Прыдзвіння, пэўна ж, не заўсёды былі мірныя. Балты і славяне шмат чым розніліся між сабою, але існавала і тое, што іх аб’ядноўвала, — агульная паганская (язычніцкая) вера. Відаць, менавіта яна дазволіла паразумецца, ужыцца і ўрэшце на пачатку II тысячагоддзя н. э. зліцца ў адну этнічную супольнасць.
Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, хто ж усё такі беларусы — славяне з моцным дамешкам балцкай крыві ці аславяненыя балты, аднак у любым выпадку цяперашнія латышы і літоўцы даводзяцца нам кроўнымі братамі. Сведчанні гэтага — аднолькавыя сюжэты песняў і паданняў, арнаменты, стравы, прыклады працы, наміткі і фартухі ў народных строях. Дый старажытнае Купалле апрача беларусаў захавалі толькі латышы, у якіх яно называецца Ліго.
Дастаткова верагодным выглядае і меркаванне, што сам этнонім «крывічы» цесна звязаны з найвышэйшым балцкім вешчуном Крыве-Крывейтам. Сакральнасць самога кораня «крыў» яскрава выяўляецца ў этнаграфічных матэрыялах Падзвіння. Русальны тыдзень меў тут паралельную назву — «крывы». Найбольш спрыяльныя для варажбы калядныя вечары на Полаччыне і цяпер называюць не толькі святымі, але і крывымі, а ў запісаных тут этнографамі чарадзейных казках можна прачытаць, што «гаспадар быў вялікі змей-чараўнік, ды яшчэ крывы» або што «вядзьмак і ведзьма абавязкова маюць крывізну».
Землі, дзе неўзабаве пасля прыходу крывічоў вырас Полацк і пачала мацнець Полацкая дзяржава, былі вядомыя яшчэ старажытным грэкам і рымлянам.
Памятаеце міф пра Фаэтона?
Гожы юнак прасіў свайго бацьку, бога сонца Геліяса, дазволіць хоць адзін дзень пакіраваць сонечнаю калясніцай. Бацька згадзіўся з неахвотаю, і змрочныя прадчуванні яго не падманулі. Адчуўшы няўпэўненую юначую руку, вогненная запрэжка кінулася ўбок, напалоханы Фаэтон выпусціў лейцы, і коні панесліся, не разбіраючы дарогі — то ўзлятаючы высока ў неба, то летучы над самай зямлёю і неміласэрна палячы яе агнём.
Угневаны Зеўс паразіў няшчаснага Фаэтона маланкаю, і той упаў у далёкую ад роднага Алімпа раку Эрыдан. Сёстры, што прыйшлі на яго магілу, воляю багоў зрабіліся дрэвамі, іх слёзы падалі ў празрыстыя рачныя хвалі, цвярдзелі і ператвараліся ў бурштын, а плынь, як пісаў Авідзій, несла іх па залатым пяску да мора на ўборы рымскім прыгажуням.
Чаго я раптам узгадаў гэты міф? Ды з тае прычыны, што Эрыдан, які прыняў Фаэтонава цела, успаміналі яшчэ Гамер і яго вучань Гесіёд, пра «хуткаплынны Эрыдан» пісаў у паэме «Арганаўтыка» ў III стагоддзі да н. э. Апалон Радоскі, а шмат паважных вучоных у XIX i XX стагоддзях сцвярджалі, шго Эрыдан — гэта нашая Дзвіна. Дарэчы, яна мела і іншыя старажытныя імёны: Рубон (адсюль і баявы кліч палачанаў з якім яны ішлі на ворагаў — «Рубон!») або Рудон, Дуна, а яшчэ Дзіна або Віна — так завецца рака ў некаторых скандынаўскіх сагах. У Палаты таксама было даўняе найменне — Турунт.
У прыліве шчырага патрыятызму беларускі краязнаўца Аляксей Сапуноў у канцы XIX стагоддзя пісаў што пра Дзвіну з большым правам, чым пра любую іншую раку свету, можна сказаць: яна нясе ў хвалях сваіх гісторыю і жыццё народа.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу