Малодшы чыноўнік ваеннай цэнзуры, былы выкладчык гімназіі, які раней у вольны час захапляўся раманістыкай і на якога напнулі сіні апалчэнскі мундзір, вельмі здзівіўся, калі ў яго рукі трапіў гэты дакумент. Недарэчны жарт, падумаў ён. Сярод дзвюх тысяч лістоў, якія ён штотыдзень перлюстраваў і чытаў, вышукваючы ў іх падазроныя звароты і шпіёнскія звесткі, яму яшчэ ні разу не даводзілася сутыкацца з такою недарэчнасцю: каб хто-небудзь зусім спакойна напісаў ліст з Аўстрыі ў Францыю і зусім проста апусціў у паштовую скрынку паштоўку, адрасаваную ў варожую краіну, як быццам з 1914 года граніцы не былі абгароджаны калючым дротам і Францыя, Германія, Аўстрыя і Расея кожны божы дзень не змяншалі сваё мужчынскае насельніцтва на некалькі тысяч чалавек. Ён спачатку паклаў паштоўку, як кур'ёз, у шуфлядку, не палічыўшы патрэбным дакладваць пра такую бязглуздзіцу. Але праз некалькі тыдняў прыйшла яшчэ адна паштоўка, адрасаваная на кніжную краму Джона Олдрыджа на Холбарн-сквер у Лондане з запытаннем, ці нельга атрымаць апошнія нумары «Antiquarian» [28] «Антыквар» ( англ .).
; і зноў на ёй стаяў подпіс таго ж дзівака, Якава Мендаля, які з мілаю прастадушнасцю паведамляў свой поўны адрас.
Тут ужо выкладчыку гімназіі, адзетаму ў ваенны мундзір, зрабілася не па сабе. Можа, за гэтым дурным жартам хаваецца які-небудзь зашыфраваны сэнс? Ён устаў, шчоўкнуў абцасамі і паклаў абедзве паштоўкі на стол маёру. Той паціснуў плячамі: дзіўны выпадак! Перш за ўсё ён апавясціў паліцыю і загадаў высветліць, ці існуе сапраўды гэты Якаб Мендаль; праз гадзіну Якаба Мендаля арыштавалі і, яшчэ не ачунялага ад нечаканасці, прывялі да маёра. Маёр паказаў яму таямнічыя паштоўкі і спытаўся, ці прызнае ён, што з'яўляецца іх адпраўшчыкам. Раззлаваны строгім тонам допыту і асабліва тым, што яго адарвалі ад чытання важнага каталога, Мендаль амаль груба заявіў, што, канечне, гэтыя паштоўкі напісаў ён. Трэба думаць, што чалавек мае права патрабаваць нумары часопіса, за якія заплаціў грошы. Маёр павярнуўся ў крэсле да лейтэнанта, які сядзеў за суседнім сталом. Яны пераглянуліся, і абодва падумалі адно і тое ж: набіты дурань! Потым маёр пачаў разважаць: ці прагнаць дурня, спачатку добра вылаяўшы яго, ці паставіцца да справы сур'ёзна. Пры наяўнасці такіх ваганняў любое ведамства перш за ўсё складае пратакол. Пратакол — гэта заўсёды добра. Калі ён і не дасць карысці, дык і пашкодзіць не можа, і да мільёнаў бяссэнсава спісаных аркушаў паперы далучыцца яшчэ адзін.
У гэтым выпадку, аднак, ён пашкодзіў беднаму, наіўнаму чалавеку, бо ўжо на трэцім пытанні выявілася фатальная акалічнасць. Перш за ўсё спыталіся, як яго імя: Якаб, правільней Янкель, Мендаль; якая прафесія: гандляр уразнос (так было запісана ў дакуменце, дазволу на гандаль кнігамі ў яго не было). Трэцяе пытанне прывяло да катастрофы: дзе нарадзіўся. Якаб Мендаль назваў нейкае сяло каля Петрыкава. Маёр падняў бровы. Петрыкаў? Ці гэта не ў расейскай Польшчы, паблізу ад граніцы? Падазрона! Вельмі падазрона! І ўжо больш строгім тонам маёр спытаўся, калі Мендаль прыняў аўстрыйскае падданства. Мендалевы акуляры няўцямна ўтаропіліся на маёра: ён не разумеў, чаго ад яго хочуць. Дзе, к чорту, яго паперы, дакументы? У яго няма ніякіх дакументаў, апроч даведкі, што ён гандляр уразнос. Маёравы бровы падняліся яшчэ вышэй. Хай ён нарэшце растлумачыць належным чынам, якое ў яго падданства? Хто бацька — аўстрыец ці расеец? Якаб Мендаль зусім спакойна адказаў: вядома, расеец. А ён? О, ён ужо трыццаць тры гады назад тайком перабраўся цераз граніцу і з таго часу жыве ў Вене. Маёр яшчэ болей насцярожыўся. А калі ён набыў аўстрыйскае падданства? Навошта? — спытаўся Мендаль. Ён ніколі не цікавіўся такімі рэчамі. Значыцца, ён і цяпер яшчэ расейскі падданы? І Мендаль, якому гэтыя пустыя роспыты ўжо даўно надакучылі, абыякава адказаў:
— Уласна кажучы, так.
Маёр з перапуду так рэзка адкінуўся на спінку крэсла, што яно затрашчала. Вось што можа быць! У Вене, у сталіцы Аўстрыі, у разгары вайны, у канцы 1915 года, пасля Тарнава і вялікага наступлення, як нічога і не было, разгульвае расеец, піша лісты ў Францыю і Ангельшчыну, а паліцыя і ў вус не дзьме. І пасля гэтага дурні-газетчыкі яшчэ здзіўляюцца, што Конрад фон Гётцэндорф не дайшоў адразу да Варшавы, а ў генеральным штабе дзівяцца, што пра кожнае перамяшчэнне войск шпіёны паведамляюць у Расею. Лейтэнант таксама ўстаў і падышоў да стала; размова хутка ператварылася ў допыт. Чаму ён адразу не заявіў, што ён чужаземец? Мендаль, які ўсё яшчэ нічога не падазраваў, адказаў нараспеў з жыдоўскім акцэнтам: «І навошта мне было раптам заяўляць аб сабе?» У гэтым адказе пытаннем на пытанне маёр угледзеў выклік і пагрозліва спытаўся, ці чытаў ён паведамленне пра гэта. Не! Можа, ён і газет не чытае? Не!
Читать дальше