Абодва чыноўнікі ўтаропіліся на злёгку ўстрывожанага Якаба Мендаля, быццам месяц зваліўся з неба ў іх канцылярыю. І вось затрашчаў тэлефон, застукалі пішучыя машынкі, забегалі ардынарцы, і Якаба Мендаля завялі ў гарнізонную турму, каб з наступнай партыяй адправіць у канцэнтрацыйны лагер. Калі яму загадалі ісці ўслед за двума салдатамі, ён разгублена агледзеўся. Ён не разумеў, чаго ад яго патрабуюць, але і не вельмі хваляваўся. Што дрэннага ўрэшце мог задумаць супраць яго гэты чалавек з вышываным золатам каўняром, з грубым голасам? У яго вышэйшым свеце, свеце кніг, не было вайны, не было непаразуменняў, толькі вечнае веданне і імкненне да ўсё большага і большага ведання лічбаў і слоў, імён і загалоўкаў. І ён спакойна паплёўся паміж двума салдатамі ўніз па лесвіцы. Толькі калі ў паліцэйскім участку ў яго выцягнулі ўсе кнігі з кішэняў паліто і патрабавалі бумажнік, напханы сотняю важных запісаў і адрасамі кліентаў, ён пачаў шалёна адбівацца. Прыйшлося яго ўціхамірыць. Але пры гэтым, на жаль, зваліліся на падлогу акуляры, і магічны тэлескоп, які адкрываў яму духоўны свет, разбіўся на друзачкі. Праз два дні яго адправілі ў лёгкім летнім палітку ў канцэнтрацыйны лагер для расейскіх цывільных асоб паблізу Каморна.
Якія духоўныя пакуты зведаў за два гады ў канцэнтрацыйным лагеры Якаб Мендаль, без сваіх любых кніжак, сярод абыякавых да ўсяго, грубых, пераважна непісьменных людзей, у гэтым вялізным чалавечым мурашніку, якія нягоды перанёс ён, вырваны з вышэйшага і яго адзінага свету кніг, як арол з падрэзанымі крыламі са сваёй стыхіі, — пра гэта няма ніякіх сведчанняў. Але калі свет працверазіўся ад вар'яцтва, паступова пачаў разумець, што з усіх злачынстваў і жорсткасці гэтай вайны самым недарэчным, непатрэбным і таму маральна зусім неапраўданым было ўтрыманне за калючым дротам ні ў чым не вінаватых, даўно ўжо не прызыўнога ўзросту цывільных асоб, якія жылі шмат гадоў у чужой краіне, як у сябе на радзіме, слепа верылі ў свяшчэнны закон гасціннасці (яго прытрымліваюцца нават тунгусы і араўкане) і таму своечасова не ўцяклі, — гэтае злачынства супраць цывілізацыі аднолькава бяссэнсава рабілася ў Францыі, Германіі і Ангельшчыне, на кожным лапіку зямлі звар'яцелай Эўропы. І, можа, Якаб Мендаль, як і многія сотні бязвінных ахвяр, страціў бы розум, загінуў ад дызентэрыі, упадку сіл ці душэўнага ўзрушэння, каб у апошнюю хвіліну чыстая выпадковасць, вельмі характэрная для Аўстрыі, не вярнула Мендаля ў яго свет. Здарылася так, што пасля яго знікнення прыходзілі адрасаваныя яму лісты ад знатных кліентаў: графа Шонберга, былога намесніка Штырыі, заўзятага калекцыянера геральдычнай літаратуры, былога дэкана багаслоўскага факультэта Зігенфельда, які працаваў над каментарыямі да Аўгусціна, васьмідзесяцігадовага адмірала ў адстаўцы Эдлера фон Пізэка, усё яшчэ ўдасканальваючага свае мемуары, — усе яны, яго верныя кліенты, многа разоў пісалі яму ў кавярню Глюка; некаторыя з гэтых лістоў адтуль пераслалі знікламу букіністу ў канцэнтрацыйны лагер. Там яны трапілі ў рукі капітана, які выпадкова быў у добрым настроі; ён здзівіўся, што такія знатныя людзі знаёмыя з маленькім паўсляпым, брудным жыдом, які з таго часу, як застаўся без акуляраў (у яго не было грошай, каб купіць новыя), быццам шэры крот, нічога не бачачы, моўчкі сядзеў у сваім кутку. Той, у каго такія сувязі, мусіць, не зусім звычайны чалавек. Капітан дазволіў Мендалю адказаць на лісты і звярнуцца да сваіх апекуноў за дапамогаю. Яна не прымусіла сябе чакаць. Са звычайнаю для калекцыянераў гарачаю салідарнасцю іх правасхадзіцельствы і дэкан ужылі свае сувязі, сумесна паручыліся за яго і дабіліся, што Мендаль-букініст у 1917 годзе, пасля больш як двухгадовага зняволення, вярнуўся ў Вену, праўда, з умоваю штодзённа адзначацца ў паліцыі. Але ўсё-такі ён быў на волі, у сваёй ранейшай цеснай старой мансардзе, мог любавацца выстаўленымі ў вітрынах кнігамі і, галоўнае, мог вярнуцца ў кавярню Глюка.
Пра Мендалева вяртанне з пекла ў кавярню Глюка фраў Споршыль расказала мне з уласных успамінаў.
— Аднаго разу — Ісус Марыя, я вачам сваім не паверыла — адчыняюцца дзверы, але толькі ледзь-ледзь, ведаеце, — каб прасунуцца, ён жа заўсёды так рабіў, — і павольна ўваходзіць наш бедны пан Мендаль. На ім быў салдацкі шынель, увесь у латах, а на галаве і не зразумееш адразу што, можа, калі-небудзь гэта быў капялюш, але валяўся дзесьці на памыйніцы. Без каўнерыка, сам як нябожчык, твар шэры, увесь сівы і такі худы-худы, што аж сэрца кроўю абліваецца. Але ён уваходзіць, быццам нічога не здарылася, ні аб чым не пытаецца, ідзе да стала, здымае шынель, але ўжо не так лёгка і спрытна, як раней, а цяжка гэтак дыхае. І ніводнай кнігі ён не прынёс з сабою, як, бывала, раней, а проста сеў і сядзіць, моўчкі, толькі глядзіць перад сабою зусім пустымі, патухлымі вачамі. Толькі потым, калі мы прынеслі цэлую кучу папер, прысланых яму з Германіі, ён пачаў зноў чытаць. Але ён быў ужо не той, што раней, не той Міrасulum mundі, чарадзейны механізм, які рэгістраваў усе кнігі: кожны, хто бачыў яго ў той час, са смуткам заўважаў гэта. Здавалася, штосьці беззваротна змянілася ў яго звычайна ціхім, нібы сонным позірку, скіраваным у кнігу; штосьці было разбурана: відаць, страшэнная крывавая камета ў сваім шалёным палёце не злітавалася і над сціплым, далёкім ад усяго свяцілам яго кніжнага сусвету. Вочы, якія за дзесяткі гадоў прывыклі да ласкавых, маўклівых друкаваных літар, падобных на лапкі насякомых, убачылі, мусіць, нямала жахлівага ў абгароджаным калючым дротам чалавечым мурашніку, бо павекі цяжка навіслі над імі; калісьці жвавыя, насмешлівыя, а цяпер сонныя, запалёныя, яны хаваліся за акулярамі, сяк-так звязанымі вяровачкаю. І што горш за ўсё: у дасканалым будынку ягонай памяці абрушылася, відаць, адна з апор, і ўся будыніна пахіснулася; бо наш мозг ёсць створаны з самага далікатнага рэчыва механізм, найтанчэйшы дакладны прыбор нашых ведаў, такі кволы, такі складаны, што дастаткова закрануць сасуд, патрывожыць адзін нерв, стаміцца адной клетцы, зусім нязначна змяніцца якой-небудзь малекуле, каб парушылася вышэйшая ўсеабдымная гармонія чалавечага розуму. І ў Мендалевай памяці, у гэтай унікальнай клавіятуры ведаў, пасля яго вяртання пачалі западаць клавішы. Калі час ад часу хто-небудзь прыходзіў па даведку, ён стомлена ўглядаўся ў наведніка і не адразу разумеў яго; ён дрэнна слухаў і забываўся, пра што ў яго пытаюцца — Мендаль ужо не быў ранейшы Мендаль, як і не быў ранейшы свет. Знікла ранейшая засяроджанасць; калі ён чытаў, то болей не гойдаўся, а сядзеў нерухома, машынальна ўткнуўшыся ў кнігу акулярамі. Галава яго не раз, расказвала фраў Споршыль, цяжка апускалася на кнігу, і ён засынаў сярод белага дня; часам гадзінамі глядзеў на непрывычнае святло смуроднай ацэтыленавай лямпы, якую яму тады ставілі на стол — з-за недахопу вугалю не было электрычнага святла. Не, Мендаль не быў ужо ранейшы Мендаль, цуд з цудаў, а толькі нікому не патрэбны, стомлена дыхаючы камяк барады і адзежы, які няўцямна разваліўся ў крэсле, адкуль раней, як Піфія, даваў свае тлумачэнні; ён ужо не быў краса і гонар кавярні Глюка, а яго ганьба, брудная пляма, смярдзючы дармаед, які перашкаджаў усім.
Читать дальше