За такога і прымаў яго новы ўладальнік кавярні, Флорыян Гуртнер з Рэца, які разбагацеў у галодны 1919 год на спекуляцыях мукою і маслам і ўгаварыў дабрадушнага Штандгартнера прадаць яму кавярню Глюка за восемдзесят тысяч хутка зняцэненых папяровых крон. Ён узяўся за работу моцнымі сялянскімі рукамі, хутка пераабсталяваў старадаўнюю паважаную кавярню на больш сучасны лад; ён добра выбраў час і набыў новыя крэслы, аздобіў мармурам уваход і пачаў рабіць захады, каб наняць суседняе памяшканне і пабудаваць у ім эстраду для аркестра. У гэтай спешнай перабудове яму, канечне, вельмі замінаў галіцыйскі дармаед, бо ён адзін займаў з ранку да ночы цэлы стол і за ўвесь дзень выпіваў толькі два кубкі кавы і з'ядаў пяць булак. Штандгартнер, праўда, звярнуў асаблівую ўвагу новага ўладальніка кавярні на гэтага сталага наведніка і паспрабаваў растлумачыць, які неабходны і значны чалавек Якаб Мендаль, — ён яго перадаў, так сказаць, разам з інвентаром, як нейкае абавязацельства, якое прыняла на сябе ўстанова. Аднак Флорыян Гуртнер разам з новаю мэбляю і бліскучаю алюмініеваю касаю абзавёўся і адпаведным сумленнем часу лёгкай нажывы і чакаў толькі зачэпкі, каб вымесці рэшту прыгараднага ўбоства з фешэнебельнай кавярні. Нагода неўзабаве падвярнулася, бо Якабу Мендалю жылося дрэнна. Яго апошнія зберажэнні перамалоў папяровы млын інфляцыі, сваіх кліентаў ён страціў аднаго за другім. А цягацца ўгору і ўніз па лесвіцах, купляць і прадаваць кніжкі было ўжо не па сіле старому стомленаму Мендалю. Кепска яму жылося, пра гэта сведчыла мноства нязначных прыкмет. Толькі зрэдку пасылаў ён за абедам у рэстарацыю і нават невялікую плату за каву і булкі затрымліваў усё даўжэй і даўжэй, — быў выпадак, калі ён не плаціў цэлых тры тыдні. Ужо тады обер-кельнер хацеў выгнаць яго на вуліцу, але спагадлівая фраў Споршыль пашкадавала Мендаля і паручылася за яго.
Але ў наступным месяцы здарылася катастрофа. Ужо некалькі разоў новы обер-кельнер заўважаў, што пры падліку булак лічбы не сыходзяцца. Кожны раз булак аказвалася менш, чым іх было заказана і аплачана. Вядома, падазрэнне адразу ўпала на Мендаля, бо ўжо не раз прыходзіў стары пасыльны і скардзіўся, што Мендаль вінен яму грошы за паўгода і не плаціць ніводнага гелера. Обер-кельнер пачаў пільна сачыць за ім і ўсяго праз два дні, схаваны за камінным экранам, падгледзеў, як Якаб Мендаль устаў са свайго месца, пракраўся ў пярэдні пакой, хуценька схапіў з каша дзве булкі і пачаў прагна паглынаць іх. У канцы дня, калі ён расплачваўся, то кляўся, што булак не браў. Цяпер стала ясна, куды яны прападаюць. Кельнер адразу ж паведаміў пра здарэнне пану Гуртнеру, і той, рады доўгачаканай зачэпцы, накрычаў на Мендаля ў прысутнасці ўсіх наведнікаў, абвінаваціў у крадзяжы і яшчэ пачаў хваліцца, як таму пашанцавала, што не паслалі па паліцыю. Але ён загадаў Мендалю зараз жа вымятацца адсюль куды хоча і болей не паказвацца тут. Якаб Мендаль выслухаў яго моўчкі, дрыжучы ўсім целам, потым паволі ўстаў са свайго месца і выйшаў.
— Проста жах! — сказала фраў Споршыль, апісваючы яго выгнанне. — Ніколі не забуду, як ён устаў, ссунуў акуляры на лоб, а сам бледны як палатно. І паліто нават не апрануў, хоць на вуліцы і студзень, — вы памятаеце, мусіць, якія тады былі маразы. І кніжку сваю ён забыўся на стале з перапуду. Я гэта пазней заўважыла, хацела пабегчы ўслед, але ён ужо быў на вуліцы. Пайсці за ім на вуліцу я не асмелілася, бо ў дзвярах стаяў пан Гуртнер і так лаяўся яму ўслед, што спыняліся прахожыя і пыталіся, што здарылася. Сорам і ганьба! Я проста чырванела ад сораму! Ніколі б такога не было пры старым гаспадару; пан Штандгартнер нізашто не выгнаў бы чалавека за нейкія там булкі. У яго Мендаль мог бы бясплатна карміцца да самай смерці. Але ў цяперашніх людзей няма сэрца. Прагнаць небараку з месца, дзе ён прасядзеў больш за трыццаць гадоў дзень пры дні, — такая ганьба, я вам скажу. Не хацела б я за гэта адказваць перад панам богам, не, не хацела б.
Добрая жанчына моцна расхвалявалася і з уласціваю старасці мнагаслоўнасцю ўсё паўтарала адно і тое ж: што якая гэта ганьба, і што пан Штандгартнер ніколі гэтага не зрабіў бы. Нарэшце я мусіў перабіць яе пытаннем, што ж здарылася з нашым Мендалем далей і ці давялося ёй яшчэ пабачыцца з ім. Тут яна страпянулася і з усё большым хваляваннем працягвала свой расказ:
— Ці верыце, кожны раз, калі я праходзіла міма яго стала, дык у мяне аж сэрца разрывалася. Усё думала: а дзе ён цяпер, бедны пан Мендаль, і ведай я, дзе ён жыве, я занесла б яму з'есці чаго-небудзь гарачага; бо дзе яму ўзяць грошай на грубку і на яду? Сваякоў у яго, наколькі я ведаю, не было. Ну, час ішоў і ішоў, а пра яго ні слыху ні почуту, я стала думаць, што, відаць, няма яго сярод жывых і не ўбачу я яго болей. І нават падумала: а ці не адслужыць паніхіду па ім — бо такі ён быў харошы чалавек, і ведала я яго больш за дваццаць пяць гадоў.
Читать дальше