Па прафесіі і для недасведчаных Якаб Мендаль быў толькі просты перакупшчык кніжак. Кожную нядзелю ў газетах «Нойе фрайе прэсэ» і «Нойес Вінер тагблат» з'яўляліся адны і тыя ж стэрэатыпныя аб'явы: «Купляю старыя кнігі, плачу добрыя грошы, прыходжу на дом зараз жа. Мендаль, Верхняя Альзерштрасэ», а потым нумар тэлефона — тэлефона, вядома, кавярні Глюка. Ён капаўся на кніжных складах, штотыдзень з дапамогаю старога пасыльнага, які меў бараду, як у аўстрыйскага імператара, перацягваў здабычу ў сваю галоўную кватэру і зноў выносіў яе адтуль, бо належнага дазволу на кніжны гандаль у яго не было. Прыходзілася задавольвацца дробязным, капеечным промыслам. Студэнты збывалі яму падручнікі, праз яго рукі яны вандравалі ад старэйшага курса да малодшага; акрамя таго, ён вышукваў заказаныя яму кнігі і прадаваў іх з нязначнаю надбаўкаю — свае парады ён ацэньваў танна. Грошы не ігралі ролі ў яго свеце; ён заўсёды хадзіў у адным і тым сурдуце, раніцаю, у поўдзень і ўвечары выпіваў па шклянцы малака з дзвюма булачкамі, сціплы абед яму прыносілі з бліжэйшай рэстарацыі. Ён не паліў, не гуляў, можна сказаць, нават і не жыў — жылі толькі вочы за тоўстымі шкельцамі акуляраў, якія нястомна жывілі своеасаблівы мозг гэтага чалавека словамі, назвамі кніжак, імёнамі. І мяккае, урадлівае рэчыва гэтага мозгу прагна ўбірала паток звестак, як убірае луг тысячы і тысячы дажджавых кропель. Людзі яго не цікавілі, і з усіх чалавечых пачуццяў ён, мусіць, ведаў толькі адно — праўда, самае чалавечнае — славалюбства. Калі да яго прыходзіў па даведку чалавек, стомлены ад марных пошукаў у сотнях розных месцаў, і Мендаль мог адразу ж адказаць на пытанне, то гэта адно прыносіла яму задавальненне і радасць, ды яшчэ, мабыць, усведамленне, што ў Вене і за яе межамі жывуць некалькі дзесяткаў чалавек, якія паважаюць яго веды і адчуваюць у іх патрэбу. У кожным з мнагалюдных хаатычных кангламератаў, якія мы завём сталіцамі, дзе-нідзе ўкрапаны найдрабнейшыя грані, якія адлюстроўваюць адзін і той самы сусвет на малюсенькай паверхні; яны схаваны ад большасці і дарагія толькі знаўцу, толькі сабрату па захапленні.
І ўсе без выключэння кніжнікі ведалі Якаба Мендаля. Як за парадаю наконт музычных твораў ішлі да Эўзебіуса Мандзішэўскага, у Таварыства сяброў музыкі, дзе ён сядзеў у шэрай ярмолцы, з прыветліваю ўсмешкаю на вуснах, сярод папак і нот, і з першага ж позірку лёгка адгадваў самыя цяжкія загадкі, як кожны, хто хоча атрымаць звесткі аб тэатральным жыцці старой Вены, аб яе культуры, і цяпер немінуча звернецца да ўсёведнага таты Глосі, гэтак жа і нешматлікія прававерныя венскія бібліяфілы, калі ім трапляўся асабліва цвёрды арэшак, не задумваючыся, паломнічалі ў кавярню Глірка, да Якаба Мендаля. Назіраць за Мендалем у час такой кансультацыі было для мяне, маладога цікаўнага чалавека, велізарнаю асалодаю. Звычайна, калі яму прыносілі простую кнігу, ён пагардліва загортваў яе і мармытаў толькі: «Дзве кроны»; але, убачыўшы рэдкі экземпляр ці унікум, ён пачціва адсоўваўся, падкладваў пад яго аркуш паперы, і відаць было, што ён саромеецца сваіх брудных, запэцканых чарніламі пальцаў з чорнымі пазногцямі. Потым пяшчотна, з глыбокаю пашанаю перагортваў асцярожна старонку за старонкаю рэдкае выданне. Ніхто не мог парушыць у гэтыя хвіліны яго спакою, як нельга парушыць малітвы сапраўднага верніка; і папраўдзе, гэтае разглядванне, перагортванне, абнюхванне і ацэньванне, кожнае паасобнае дзеянне нагадвала строгую паслядоўнасць рытуалу рэлігійнага абраду. Гарбатая спіна рухалася з боку ў бок, ён бурчаў, крактаў, пачухваў галаву, у яго вырываліся незразумелыя галосныя гукі, нейкія працяглыя «а...» ці «о...», якія адлюстроўвалі ўзнёслае захапленне; за імі ішлі спалоханыя «ой» ці «ойвей», калі ён натыкаўся на выдраную ці сточаную шашалем старонку. Нарэшце ён пачціва ўзважваў на руцэ фаліянт і з паўзаплюшчанымі вачамі ўдыхаў пах важкага квадратнага тома, як сентыментальная паненка — водар туберозы. У час гэтай даволі доўгай працэдуры ўладальнік кнігі павінен быў, вядома, запасціся цярпеннем. Але пасля агляду Мендаль ахвотна, можна сказаць, натхнёна даваў усялякія даведкі, да якіх немінуча далучаліся мнагаслоўныя расказы пра забаўныя, а то і драматычныя выпадкі, звязаныя з коштам аналагічных экземпляраў кніг. У такія хвіліны ён рабіўся быццам дабрэйшы, маладзейшы, жвавейшы; і толькі адно магло яго страшэнна ўзлаваць: калі хто-небудзь з навічкоў прапаноўваў яму грошы за ацэнку кнігі. Тады ён пакрыўджана адсоўваўся, падобна дырэктару карціннай галерэі, якому падарожнік-амерыканец хоча сунуць у руку гасцінец за тлумачэнні; бо патрымаць у руцэ каштоўную кнігу азначала для Мендаля тое самае, што іншаму — спатканне з жанчынаю. Гэтыя імгненні былі для яго платанічнымі начамі кахання. Толькі кніга валодала ім, і ніколі — грошы. Таму вядомыя калекцыянеры, сярод іх і заснавальнік Прынстанскага ўніверсітэта, дарэмна спрабавалі залучыць яго да сябе ў бібліятэку на пасаду дарадчыка і скупшчыка — Якаб Мендаль адмаўляўся; яго нельга было ўявіць сабе нідзе больш, акрамя кавярні Глюка. Трыццаць тры гады назад, з яшчэ мяккаю чорнаю бародкаю і кучаравымі пэйсамі, ён, нязграбны хлапец-жыд, прыехаў з усходу ў Вену, каб вывучыцца на равіна, але хутка пакінуў адзінага суровага бога Іегову і аддаўся зіхоткаму і тысячааблічнаму боству кніг. Тады ж ён упершыню натрапіў на кавярню Глюка, і паступова яна стала яму майстэрняю, галоўнаю кватэраю, паштовым аддзяленнем, усім светам. Як астраном у абсерваторыі штоночы ў адзіноце сочыць праз малюсенькую круглую шчыліну за мірыядамі зорак, іх таямнічым рухам, іх блытанымі шляхамі, іх згасаннем і ўзгараннем, гэтак і Якаб Мендаль праз свае акуляры, седзячы за чатырохвугольным сталом ў кавярні Глюка, глядзеў у другі свет — у свет кніжак, таксама вечна рухлівы і зменлівы, у свет над нашым светам.
Читать дальше