Варта мне было толькі на хвіліну заплюшчыць вочы, і перада мною паўстаў яго сапраўдны, жывы, непаўторны вобраз. Я адразу ўбачыў яго за гэтым чатырохвугольным сталом з шаравата-бруднаю мармуроваю дошкаю, увесь час заваленаю кніжкамі і рознымі паперамі. Убачыў, як ён сядзіць, неадрыўна і спакойна скіраваўшы праз акуляры пільны, быццам зачараваны, позірк у кніжку, сядзіць і чытае, штосьці мармыча і мурлыча сабе пад нос, гойдаецца ўперад і назад тулавам і галавою з цьмянаю, плямістаю лысінаю, — прывычка, набытая ў хедары, усходнеэўрапейскай жыдоўскай пачатковай школе. Тут, за гэтым сталом, і толькі за ім, чытаў ён каталогі і кніжкі так, як вучылі яго ў школе чытаць Талмуд, — нараспеў і гойдаючыся, як чорная калыска. Бо падобна на тое, як дзіця агортвае сон і яно ўжо больш не адчувае наваколля, закалыханае плаўным усыпляльным рытмам, так, на думку набожных людзей, і дух, дзякуючы мерным рухам бяздзейнага цела, лягчэй паглыбляецца ў шчаслівую адлучанасць ад свету. І сапраўды, Якаб Мендаль нічога не бачыў і не чуў, што б там ні адбывалася вакол яго. Побач з ім шумелі і сварыліся гульцы на більярдзе, бегалі маркёры, трашчаў тэлефон, мылі падлогу, палілі ў печцы — ён нічога не заўважаў. Аднаго разу з печы выпаў гарачы вугельчык, за два крокі ад яго пачаў тлець і дыміцца паркет, і толькі тады хтосьці з наведнікаў, учуўшы страшэнны смурод, заўважыў небяспеку і хуценька кінуўся тушыць агонь; ён жа, Якаб Мендаль, седзячы за дзве цалі ад бяды і ўжо абкураны едкім дымам, нічога не чуў і не бачыў. Бо ён чытаў так, як другія моляцца, як гуляюць заўзятыя гульцы, як п'яныя неўсвядомлена глядзяць удалечыню; ён чытаў з такім любым самазабыццём, што тое, як чытаюць другія людзі, з таго часу здавалася мне заўсёды прафанацыяй. У асобе Якаба Мендаля, гэтага маленькага галіцыйскага букініста, я, тады малады чалавек, упершыню сутыкнуўся з вялікаю таямніцаю непадзельнай засяроджанасці, якая робіць з чалавека і мастака, і вучонага, і сапраўднага мудраца, і вар'ята, — з трагедыяй і шчасцем поўнай апантанасці.
Прывёў мяне да яго мой старэйшы ўніверсітэцкі таварыш. Я тады цікавіўся і цяпер яшчэ мала вядомым паслядоўнікам Парацэльса, урачом і магнетызёрам Месмерам, але без асаблівага поспеху; самыя вядомыя спецыяльныя кнігі пра яго не далі мне дастатковых звестак, а бібліятэкар, да якога я па нявопытнасці звярнуўся па даведку, сярдзіта буркнуў, што называць літаратуру належыць мне, а не яму. Вось тады мой таварыш упершыню і назваў імя букініста.
— Я завяду цябе да Мендаля, — паабяцаў ён. — Гэты чалавек усё ведае і ўсё дастане, ён раздабудзе табе самую рэдкую кнігу з любой антыкварнай крамы ў Германіі. Гэта самы дасведчаны чалавек у Вене і да таго ж вялікі арыгінал, дапатопны чарвяк выміраючай пароды.
Мы разам пайшлі ў кавярню Глюка, і, канечне, — там ён сядзеў, Мендаль-букініст, у акулярах, з лахматаю барадою, увесь у чорным, чытаў і гойдаўся, як цёмны куст на ветры. Мы падышлі да яго — ён нас не заўважыў. Ён сядзеў і чытаў, гойдаўся над сталом верхняю часткаю тулава, нібы будыст; за яго спінаю матлялася на кручку паношанае старэнькае паліто, з усіх кішэняў якога таксама тырчалі часопісы і паперкі з запіскамі. Каб прыцягнуць яго ўвагу, мой прыяцель гучна кашлянуў. Але Мендаль чытаў, уткнуўшыся носам у кніжку; ён нас усё яшчэ не заўважаў. Нарэшце мой таварыш пастукаў па мармуровай дошцы стала, гучна і моцна, як стукаюць звычайна ў дзверы; тады толькі Мендаль падняў галаву, машынальна ссунуў на лоб нязграбныя акуляры ў стальной аправе, і з-пад ускудлачаных папяліста-шэрых броваў утаропілася на нас пара дзіўных вачэй — маленькіх, чорных, жывых вочак, вострых, з'едлівых і вёрткіх, як змяінае джала. Мой прыяцель пазнаёміў мяне з ім, і я выказаў сваю просьбу, прычым — да гэтай хітрасці я звярнуўся па настойлівай парадзе прыяцеля — перш за ўсё выліў свой гнеў на бібліятэкара, які не пажадаў мне дапамагчы. Мендаль адкінуўся на спінку крэсла і няспешна сплюнуў. Потым адрывіста засмяяўся і загаварыў з моцным усходнім акцэнтам:
— Не пажадаў, значыцца? Не! Не змог! Паршывец ён, няшчасны стары асёл. Ведаю яго, на жаль, вось ужо дваццаць гадоў, але ён так нічому і не навучыўся. Жалаванне класці ў кішэню — толькі гэта яны і ўмеюць! Ім бы цэглу цягаць, панам вучоным, а не над кніжкамі сядзець.
Гэтымі словамі Мендаль адвёў душу, і лёд быў разбіты. Ён прыветлівым жэстам запрасіў мяне да свайго ўсыпанага запісамі мармуровага стала, да гэтага яшчэ невядомага мне алтара бібліяфільскіх адкрыццяў. Я коратка сказаў, што мне трэба: творы сучаснікаў Месмера аб магнетызме, а таксама болей познія кнігі і працы за і супраць Месмера; калі я скончыў, Мендаль прыжмурыў на хвіліну левае вока, дакладна так, як стралок перад стрэлам. Але толькі на адну хвіліну, і адразу ж, быццам чытаючы нябачны каталог, ён бегла пералічыў два-тры дзесяткі кніжак, называючы месца і год выдання і прыблізную цану. Я не мог схаваць здзіўлення. Хоць мяне і папярэдзілі, нічога падобнага я не чакаў. Мая збянтэжанасць, відаць, узрадавала Мендаля, бо ён працягваў разыгрываць на клавіятуры сваёй памяці самыя цудоўныя бібліяграфічныя варыяцыі на гэтую ж тэму. Можа, мне хочацца што-небудзь ведаць і пра самнамбулістаў і першыя доследы гіпнозу, пра Гаснера, пра заклінанне д'ябла, пра хрысціянскую навуку і пра Блавацкую? Зноў пасыпаліся імёны, назвы, звесткі; толькі цяпер я зразумеў, на які небывалы цуд памяці я натрапіў у асобе Якаба Мендаля; гэта быў сапраўдны хадзячы ўніверсальны каталог. Узрушана глядзеў я на гэты бібліяграфічны феномен, уціснуты ў несамавітую, нават неахайную абалонку дробнага галіцыйскага букініста. З лёгкасцю выпаліўшы каля васьмідзесяці назваў, ён з робленай абыякавасцю, але яўна задаволены тым, што так добра ўдалося казырнуць, пачаў праціраць акуляры калісьці, можа, і белаю насоўкаю. Каб крыху адысці ад здзіўлення, я нясмела папытаўся, якія з гэтых кніг ён бярэцца мне дастаць.
Читать дальше