Дык вось я сядзеў у поўнай бяздзейнасці, і паступова мною авалодала тая размораная лянота, якую, як наркоз, нябачна выпраменьвае кожная сапраўдная венская кавярня. Рассеяна разглядваў я твары наведнікаў, якія здаваліся зямлістымі ў штучным святле пракуранага памяшкання, глядзеў, як касірка механічна адпускала кельнеру цукар і лыжачку да кожнага кубка кавы, несвядома і паўдрымотна чытаў нудныя плакаты на сценах і адчуваў амаль асалоду ад гэтага атупення. Але раптам, па якойсьці незразумелай прычыне, я прачнуўся з гэтае паўдрымоты; нейкі ўнутраны неспакой прымусіў мяне насцярожыцца, нібы глухі зубны боль, калі яшчэ нельга вызначыць, які зуб ные — уверсе ці ўнізе, злева ці справа; я толькі адчуваў няяснае хваляванне, нешта накшталт душэўнай трывогі. Бо — сам не ведаю чаму — я раптам пранікся ўпэўненасцю, што я быў тут шмат гадоў назад і звязаны нейкімі ўспамінамі з гэтымі сценамі, крэсламі, сталамі, з гэтым чужым пракурадымленым памяшканнем.
Але чым болей намагаўся я авалодаць успамінам, тым каварней ён ад мяне выслізгваў — як медуза, мільгала яго няпэўнае святло дзесьці далёка ў глыбіні свядомасці, і ўсё ж яго не вывудзіць і не схапіць. Дарэмна ўтаропліваў я позірк у кожную рэч абсталявання; сёе-тое, вядома, мне было незнаёмае, напрыклад, каса з бразгатлівым аўтаматычным лічыльнікам, карычневая, пад палісандр, панель на сценах — усё гэта з'явілася, мусіць, пазней. І ўсё-такі, усё-такі я быў тут дваццаць гадоў назад, а мо і раней, тут нябачна прысутнічала, прытаілася, як цвік, убіты ў дрэва, частачка майго даўно забытага «я». Напружана ўглядаўся я ў тое, што было ў памяшканні вакол мяне, і ў тое, што было ўнутры мяне, але, што за чорт! я не мог злавіць зніклы, утоплены ўнутры мяне самога ўспамін.
Я злаваўся, як злуешся кожны раз, калі якая-небудзь няўдача выяўляе недастатковасць і недасканаласць нашай духоўнай сілы. Але ўсё-такі я не траціў надзеі авалодаць нарэшце гэтым успамінам. Я ведаў, што дастаткова нязначнай зачэпкі, бо памяць у мяне мае дзіўную ўласцівасць, адначасова і добрую, і кепскую; яна і капрызная, і разам з тым незвычайна надзейная. Яна здольная паглынаць самыя важныя падзеі і твары, прачытанае і перажытае, і нічога не вяртае з цёмнага бяздоння без прымусу, па адным толькі патрабаванні волі. Але варта мне наткнуцца на самы нязначны намёк, паштоўку з малюнкам, знаёмы почырк на канверце ці пажоўклую газету, і адразу ж забытае выплыве са змрочнай глыбіні жыва і выразна, як рыба, злоўленая на вудачку. І тады мне прыпамінаецца кожная падрабязнасць, я бачу рот знаёмага мне чалавека, шчарбіну з левага боку, што асабліва прыкметна, калі ён смяецца, чую яго адрывісты смех — пры гэтым уздрыгваюць яго вусы і праз смех выступае другі, новы твар; усё гэта я бачу як на далоні, і ў маіх вушах выразна гучыць кожнае слова, якое сказаў мне гэты чалавек шмат гадоў таму назад. Але дзеля таго каб ясна ўбачыць і адчуць мінулае, мне патрэбны знешні штуршок, патрэбна нейкая, хоць бы невялічкая, дапамога з рэальнага свету. Я заплюшчыў вочы, намагаючыся сканцэнтравацца і зрабіць адчувальнай гэтую няўлоўную зачэпку, каб ухапіцца за яе. Але марна! І яшчэ раз марна! Усё забылася і не ўспамінаецца! Я так раззлаваўся на кепскі свавольны апарат у маёй чарапной каробцы, што гатовы быў біць сябе кулаком па лбе, як б'юць кулаком па сапсаваным аўтамаце, калі ён упарта не аддае таго, што ад яго патрабуюць. Не, я не мог болей спакойна сядзець на месцы; мяне так абурала гэтая асечка памяці, што я ўстаў і выйшаў з-за стала, каб адвесці душу. Але дзіўна — не паспеў я зрабіць і двух крокаў, як раптам нейкае святло, яшчэ слабае і мігатлівае, абудзілася ў маёй свядомасці. Справа ад касы, успомнілася мне, павінен быць уваход у памяшканне без акон і таму са штучным асвятленнем. І сапраўды, так яно і было. Вось ён, гэты пакой; праўда, шпалеры другія, але ўсё іншае тое самае. Гэта быў ігральны пакой: дакладна тыя ж прапорцыі, той жа прамавугольнік, крыху расплывісты ў абрысах. Радасна ўзбуджаны (я ўжо адчуваў: вось-вось я ўсё ўспомню), я інстынктыўна агледзеў рэчы ў пакоі: два більярды нудзіліся без занятку, быццам зялёныя закінутыя ціністыя сажалкі, па кутках тырчалі ломберныя сталы, за адным з якіх два ці то надворныя саветнікі, ці то прафесары гулялі ў шахматы. А ў кутку побач з жалезнаю печчу, каля праходу да тэлефоннай будкі, стаяў невялічкі чатырохвугольны стол. І раптам мне ўсё ўспомнілася, быццам маланка асвятліла цемру, — я адразу ўспомніў, адразу, у адно шчасліва-радаснае імгненне: а божухна, гэта ж столік Мендаля, Якаба Мендаля, Мендаля — букініста, я праз дваццаць гадоў зноў апынуўся ў яго галоўнай кватэры, у кавярні Глюка на Верхняй Альзерштрасэ. Як я мог забыць яго, Якаба Мендаля, як мог так доўга, так недаравальна доўга не ўспамінаць гэтага надзвычайнага чалавека, гэтую жывую легенду, цуд з цудаў, шырокавядомага ў універсітэце і ў вузкім коле паклоннікаў, як мог я выкрэсліць з памяці гэтага мага і маклера кніжнай справы, які дзень пры дні непахісна сядзеў тут з раніцы да вечара, — сімвал ведаў, гонар і слава кавярні Глюка!
Читать дальше