— Пабачым, пабачым, — прамармытаў ён. — Прыходзьце заўтра, Мендаль датуль ужо сёе-тое дастане вам; чаго няма ў адным месцы, знойдзецца ў другім; у каго галава на плячах, таму і шчасце.
Я ветліва падзякаваў і ад празмернай ветлівасці тут жа зрабіў грубейшую памылку, прапанаваўшы запісаць назвы патрэбных мне кніжак на кавалку паперы. У той жа момант мой прыяцель перасцерагальна штурхануў мяне локцем. Але, на жаль, занадта позна! Мендаль абвёў мяне позіркам — і якім позіркам! Гэта быў позірк адначасова поўны і трыумфу і абразы, позірк насмешлівы, высакамерны, па-шэкспіраўску царственны — такім позіркам Макбет абвёў Макдуфа, калі той прапанаваў непераможнаму герою здацца без бою. Ён зноў адрывіста засмяяўся, і яго вялікі кадык неяк дзіўна зарухаўся — відаць, ён насілу праглынуў нейкае грубае слова. Ды я, папраўдзе, і заслужыў любую грубасць з вуснаў добрага, сумленнага Мендаля-букініста; бо толькі чужы чалавек, невук («амхорац», як ён казаў) мог выказаць абразлівую прапанову — запісаць назвы кніг, і каму? Якабу Мендалю! Быццам ён хлопчык з кніжнай крамы ці служка ў бібліятэцы, быццам гэты непараўнаны, гэты залаты кніжны розум калі-небудзь адчуваў патрэбу ў такім грубым дапаможным сродку. Толькі шмат пазней я зразумеў, як моцна павінна была мая ветлівая прапанова абразіць яго; бо гэты маленькі, несамавіты, патанулы ў сваёй барадзе і ў дадатак гарбаты галіцыйскі жыд Якаб Мендаль быў тытанам памяці. За бруднавата-бледным лобам, які аброс шэрым мохам, адлюстраваны былі нябачнымі пісьмёнамі, быццам адлітыя са сталі, кожнае імя і кожнае слова на тытульным лісце ўсіх калі-небудзь надрукаваных кніг. Ён імгненна, без затрымкі, называў месца выдання любога твора, з'явіўся ён на свет учора ці дзвесце гадоў таму назад, яго аўтара, першапачатковую і букіністычную цану; памятаў беспамылкова і ясна і вокладку, і ілюстрацыі, і факсіміле; кожную кнігу, якую ён трымаў у руках або толькі ўгледзеў на вітрыне ці ў бібліятэцы, ён узнаўляў у памяці з такою фатаграфічнаю выразнасцю, з якою мастак унутраным вокам бачыць яшчэ схаваныя ад людзей створаныя ім вобразы. Калі ў каталогу якога-небудзь рэгенсбургскага букініста кніга была ацэнена ў шэсць марак, ён адразу ўспамінаў, што два гады назад другі экземпляр гэтай кнігі на аўкцыёне ў Вене можна было набыць за чатыры кроны, і хто яе купіў; не, Якаб Мендаль не забываў ніводнай назвы, ніводнай лічбы, ён ведаў кожную расліну, кожную інфузорыю, кожную зорку ў зменлівым, няўстойлівым космасе кніжнага свету. Па кожнай спецыяльнасці ён ведаў болей за спецыялістаў, ведаў бібліятэкі лепей за бібліятэкараў, наяўнасць кніг большасці фірм ён ведаў лепей за іх уладальнікаў, насуперак усім спісам і картатэкам, апіраючыся адно на свой магічны дар, на сваю непараўнальную памяць, усю сілу якой можна паказаць, толькі калі прыводзіць сотні прыкладаў. Праўда, гэтая памяць магла атрымаць такое звышнатуральнае развіццё толькі дзякуючы вечнай таямніцы ўсякай дасканаласці: таямніцы засяроджанасці. Гэты дзіўны чалавек не ведаў на свеце нічога, акрамя кніг, бо ўсе з'явы быцця рабіліся для яго рэальнасцю толькі ператвораныя ў літары, сабраныя ў кнігу і як бы выпусташаныя. Але і кнігі ён чытаў не з-за зместу, не з-за думак і фактаў у іх; толькі назва, цана, фармат, тытульны ліст прыцягвалі яго ўвагу. Усяго толькі бясконцым пералікам імён і назваў, адбітым не на старонках каталога, а на мяккай кары мозгу, — пералікам, зрэшты, бескарысным, не асветленым творчаю думкаю, — вось чым была спецыфічна букіністычная памяць Якаба Мендаля; але ў сваёй непаўторнай дасканаласці яна была не менш фенаменальная, чым памяць Напалеона — на твары, Мецафанці — на мовы, Ласкера — на шахматныя дэбюты, Бузоні — на музычныя творы. Каб выкарыстаць гэты мозг у вучэбнай ці другой грамадскай установе, то ён мог бы здзівіць і навучыць тысячы, сотні тысяч студэнтаў і вучоных; ён быў бы плённы для навукі, стаў бы неацэнным набыткам для тых агульнадаступных скарбніц, якія мы завём бібліятэкамі. Але гэты свет быў навекі зачынены неадукаванаму галіцыйскаму маклеру, які ведаў крыху болей таго, чаму навучыўся ў хедары; гэтыя надзвычайныя здольнасці маглі выяўляцца толькі ў недаступных розуму выказваннях за мармуровым сталом кавярні Глюка. Але калі-небудзь з'явіцца вялікі псіхолаг (наш духоўны свет усё яшчэ чакае яго прац) і, падобна Бюфону, які ўпарта і цярпліва класіфікаваў пароды жывёл, апіша ўсе разнавіднасці, асаблівасці, першабытныя формы і адхіленні ад іх той чарадзейнай сілы, якую мы завём памяццю, — яму тады абавязкова трэба будзе ўспомніць пра Якаба Мендаля, пра гэтага генія бібліяграфіі (цэн і назваў кніг), пра гэтага безыменнага карыфея букіністычнай навукі.
Читать дальше