Зь іншага боку, яны абцяжваюць апазыцыйны рух. Бо кожны рух ацэньваецца паводле таго, хто ў ім бярэ ўдзел. Прысутнасьць у ім былых партыйных, і, у прыватнасьці, былых апаратчыкаў мусіць абуджаць неспакой. Нават калі ў індывідуальных выпадках гэты недавер будзе неапраўданы, то цяжка яму дзівіцца: паводзіны партыйных далі для гэтага ажно зашмат прыклёпаў. Таму можна чакаць, што ў меру таго як апазыцыйны рух будзе ўзмацняцца і думка бальшыні будзе атрымліваць у ім голас, былыя партыйныя будуць у ім адыгрываць усё меншую ролю.
Існуе, аднак, і другі варыянт сытуацыі, які стварае пагрозу для аўтэнтычнага апазыцыйнага руху. А менавіта, можа аказацца (параўнай апісаны вышэй сцэнар фракцыйных міжусобіц), што дзеяньні, распачатыя звычайнымі людзьмі, маюць характар аўтэнтычнай апазыцыі, але кіруюць імі фракцыйныя апазыцыянэры, якія рэпрэзэнтуюць інтарэсы сваёй фракцыі ў барацьбе за ўладу ўнутры партыі. Расклад такі вельмі небясьпечны, бо можа прывесьці або да заняпаду апазыцыйнага ладу ў той момант, калі кіраўнікі яўна пярэйдуць на партыйныя пазыцыі, або, што яшчэ горш, да пазбаўленьня яго незалежніцкага характару і падпарадкаваньня яго партыйным мэтам. Гэта здаралася шмат разоў у мінулым (1956, 1968, 1970).
Таму трэба выяўляць партыйных апазыцыянэраў, каб у пару прадухіліць гэтую небясьпеку. Безумоўна, існуюць пэўныя вонкавыя адзнакі, якія робяць гэта магчымым. Іх дае сама партыя ў выніку лёгказаўважальнай розьніцы ў трактоўцы фракцыйных і аўтэнтычных апазыцыянэраў.
Дзеячы, зьвязаныя з партыяй, нават апазыцыянэры, заўсёды маюць большыя свабоды ў параўнаньні з звычайнымі людзьмі. Ім даруецца шмат рэчаў, якія б звычайным людзям не прайшлі беспакарана, і нават калі да іх ужываюцца нейкія санкцыі, то значна больш мяккія. І калі часам яны трапляюць у вязьніцу, то і там зь імі абыходзяцца зусім інакш [28] Дастаткова параўнаць, як абыходзіліся ў вязьніцы з Пузякам і Фельдорфам, а як з Гамулкам і Спыхальскім, на якую пэнсію быў адпраўлены Эўгеніюш Квяткоўскі, а на якую Гіляры Мінц. Тым часам калі звычайныя людзі натыкаюцца на зьдзек і цкаваньне за любую праяву неляяльнасьці да рэжыму, мы бачым апазыцыянэраў, якія адзначаны ордэнамі і дзяржаўнымі ўзнагародамі, якія жывуць у прызначаных для эліты дамах, якіх абслугоўвае ўрадавая лякарня, якія карыстаюцца дамамі адпачынку для намэнклятуры, якія езьдзяць за мяжу бязь цяжкасьцяў, нібыта адумысьля для напісаньня апазыцыйных дэклярацый, і якія нават адкрыта супрацоўнічаюць з эміграцыйнымі асяродкамі, найменшы кантакт зь якімі пагражае суровымі насьледкамі звычайнаму чалавеку.
. Гэта здараецца перадусім таму, што фракцыйны апазыцыянэр зазвычай мае нейкае апірышча ў партыі, зь якім апарат прымусу мусіць лічыцца. Нават будучы часова ў апазыцыі, ён можа мець асабістыя знаёмствы ў высокапастаўленых партыйных сфэрах і ніколі не вядома, ці ня вернецца ён да ляяльнасьці. Гэта ставіць заслон брутальнай бязьлітаснасьці, зь якой трактуюцца звычайныя людзі. Таму выступы фракцыйных апазыцыянэраў бываюць значна больш сьмелымі і рашучымі і часта маюць большы розгалас, чымся выступы аўтэнтычных апазыцыянэраў. Праз гэта можа нават паўстаць памылковае ўражаньне, што якраз фракцыяністы — гэта сапраўдныя апазыцыянэры, тым часам калі яны часта пры гэтым выконваюць асобныя інструкцыі, выдадзеныя кіраўніцтвам фракцыі, якая заплянавала іх «адважны» выступ як элемэнт сваёй стратэгіі. Адважна выступаючы, яны рызыкуюць значна менш, чымся аўтэнтычныя апазыцыянэры.
Людзі ў Польшчы, аднак, лёгка адрозьніваюць аўтэнтычных апазыцыянэраў, якія сапраўды выступаюць супраць рэжыму і партыі, ад фракцыйных апазыцыянэраў, якія вядуць сваю гульню ў рамках партыі. І таму яны дакладна адрозьніваюць незалежніцкую апазыцыю ад партыйнай фракцыі. Ня так лёгка гэта ўдаецца эміграцыі.
г) Дзейнасьць, якая не зьяўляецца апазыцыяй
Часам здараецца, што за апазыцыю ўважаюць дзейнасьць, якая насамрэч ніякай апазыцыяй не зьяўляецца.
Найчасьцей гаворка тут вядзецца пра дзейнасьць, якая мае на мэце ўдасканальваньне функцыяваньня ладу. Без пастаноўкі пад сумнеў яго падставаў (улады партыі і дамінацыі саветаў) прапануюцца розныя рэформы, якія маюць на мэце лепшую арганізацыю апарату ўлады, павышэньне эфэктыўнасьці эканомікі або павелічэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва. Часам такія рэформы ці іх спробы ёсьць элемэнтам фракцыйнага змаганьня, але бываюць выпадкі, калі яны пачынаюцца таксама без жаданьня паслужыць інтарэсам партыі, у найлепшай інтэнцыі прынесьці карысьць эканоміцы або ўсяму народу. Такая дзейнасьць часам можа прыносіць дадатныя вынікі ў канкрэтных справах. Але трэба памятаць, што яе вынікі заўсёды абмежаваныя, бо сапраўднага паляпшэньня сытуацыі нельга дасягнуць без падрыву асноваў ладу [29] Я пісаў аб гэтым у «Socjalizm w Polsce», Kultura, № 9 (276), 1970 і ў «Różne reformy i różni reformatorzy», Kultura, № 9 (288), 1971, перадрук у O myśl polityczną, Odnowa, Londyn, 1976.
. Таму апрача прызнаньня, якога часта заслугоўваюць яе ініцыятары, палітычныя вынікі такой акцыі трэба лічыць прынамсі сумнеўнымі: яны ствараюць бачнасьць вырашэньня праблем, якія ў рамках ладу вырашыць нельга.
Читать дальше