<...>
Усё, што пісаў Калакоўскі, уяўляла сабой яго сьвядомы выбар і не было мысьленьнем без нагоды, без заангажаваньня, а было крэацыяй ролі, дыскурсіўным дотыкам да пэўнай сьветагляднай магчымасьці. Трымаючыся за гэтую мэтафару тэатру і актора, за якую, мяркую, мне яшчэ доўга давядзецца апраўдвацца, каб ня быць зразуметым блага, я хацеў бы асэнсаваць гэтую «сцэнічную» сытуацыю ў самым глыбокім экзыстэнцыяльным значэньні. Ужо акторскае майстэрства ў даслоўным сэнсе ўяўляе сабой экспрэсію пэўнай непрадухіляльнай магчымасьці быцьця ў сьвеце, зьяўляецца важным духоўным экспэрымэнтам, спробай выявіць пэўную лёгіку псыхалягічнай і маральнай сытуацыі, сытуацыі ўзаемінаў паміж людзьмі. Канстанцін Станіслаўскі пісаў, што «дзевяць дзясятых працы актора, дзевяць дзясятых усяго яго высілку палягае ў тым, каб прасякнуцца роляй, каб ёй жыць і заглыбіць яе духова» . Тэатар дыскурсу Калакоўскага ня зводзіцца, зрэшты, да акторскага вымеру. Гэта роля, напісаная ці інсцэнаваная самым філёзафам. Нехта некалі са зласьлівай інтэнцыяй сказаў, што Калакоўскі бязь цяжкасьці мог бы стаць цяпер самым выбітным каталіцкім тэолягам. (Такі выбітны тэоляг, шкада, што няверуючы!) Гэтая зласьлівасьць не лучае ў цэль, калі падумаць, што нават імагінатыўнае «прасяканьне» роляй дазнанага філёзафа ўзбуджае павагу, бо праблема «як быць тэолягам» зьяўляецца не фіктыўнай, а стагодзьдзямі акумуляванай у эўрапейскай культуры. Каб поўніцай зразумець, у чым палягае гэтая праблема, трэба змагчы гэта дыскурсіўна даакрэсьліць. «Ідэалізацыйныя мадэлі» тэалёгіі, якія патрапіў пабудаваць Калакоўскі, маюць незапярэчную эўрыстычную вартасьць.
<...>
Вартасьці філязофіі Калакоўскага нельга таксама зьмяншаць ад таго, што кірунак яго былых сьветаглядных інсьпірацыяў аказаўся аблудным (зрэшты, такі прысуд — «аблуднасьць» — робіцца ўвогуле зусім не зь філязофскіх пазыцыяў, а зь іншых пазыцыяў, супрацьлежных пазафілязофскіх заангажаваньняў). Каб зразумець дыдактычна-тэрапэўтычную вартасьць яго філязафаваньня, трэба, думаецца, адасобіць агітацыйны слой палітычнага заангажаваньня ад самой лёгікі дыскурсу, ад іманэнтнай лёгікі пэўнай сьветагляднай ролі.
<...>
У напісаным шмат гадоў таму гучным эсэ Калакоўскі пісаў: «Мы выказваемся за філязофію блазна і, значыцца, за пазыцыю нэгатыўнай чуйнасьці да якога-колечы абсалюту» . Але філязафаваньне Калакоўскага ніколі ня мела выключна нэгатывісцкага характару, у аснове «нэгатыўнай чуйнасьці» была надзея «блазна, што сілкавала яго актыўнасьць і яго місію, магчымую толькі ў спалучэньні зь нейкім “сьвятарствам”» . Радыкальны недавер Калакоўскага як філёзафа зьяўляецца, можа быць, вынікам хваравітых расчараваньняў, якія ён перажыў ня толькі ў сувязі са сталінізмам, але таксама і з пазьнейшай канцэпцыяй гераічнага марксісцкага гуманізму. Бо ў гэтых дзьвюх фазах Калакоўскі быў наймацней заангажаваны эмацыянальна (як «жрэц» пэўнай філязофіі), у той пэрыяд найцяжэй аддзяліць крэацыю ад жыцьця. Нягледзячы, аднак, на гэты радыкальны недавер да «сьвятарства» , у кожную з вылучаных фазаў творчасьці Калакоўскі імкнуўся да пэўнага цэльнага, усеабсяжнага сьветагляду. Ён быў у нейкай меры «жрацом» такога сьветагляду, нават калі — як у выпадку кульмінацыйнага моманту ў «Прысутнасьці міту» — не існавала доступу да абсалюту. Таму цяжка гаварыць, што думка Калакоўскага месьціцца толькі на баку філязофіі «блазна» і мае выключна крытычны вымер. Гэтае адступленьне ад інтэнцыі, выражанай у вышэйпамянёным эсэ, мела, аднак, сваю пазытыўную функцыю з гледзішча багацьця роляў у тэатры дыскурсу.
<...>
Часам кажуць, што сучасныя інтэлектуалы маюць тэндэнцыю да разьмеркаваньня роляў і таму іх падазраюць у кан’юнктурніцтве. Апанэнты гэтага сьцьвярджаюць, што вызнаваньне поглядаў зьяўляецца пэўным фактам жыцьця, а не акторскай крэацыяй, і што за іх трэба несьці іншую адказнасьць. Ня думаю, каб гэта датычылася Калакоўскага, які ніколі не ўхіляўся ад адказнасьці за тое, што абвяшчаў «яго пратаганіст» у кожнай з фазаў творчасьці. Трэба выразна ўявіць сабе розьніцу паміж апартунісцкім кан’юнктурніцтвам і тэатрам дыскурсу. Гэты другі таксама жыве сваім часам, але не ўнікае рызыкі прадказаньня і выяўленьня багацьця магчымых альтэрнатываў. Пра назоў нямецкамоўнага зборніку твораў з фазы марксісцкай філязофіі свабоды — «Der Mensch ohne Alternative» — Калакоўскі некалі сказаў, што ён памылковы, бо чалавек заўсёды мае выбар. Творчасьць яго ўвогуле ёсьць безупынным прышчапленьнем чытачом множнасьці альтэрнатываў, ёсьць крэацыяй альтэрнатываў. У ёй ёсьць месца для ролі публічнага абвінавальніка, тут таксама зьяўляецца advocatus diaboli, ёсьць зьдзеклівае перакручваньне любой пазыцыі, тэндэнцыя расстаўляць пасткі для іншых філёзафаў, фантастычная проста здольнасьць пісаць тэалягічныя, філязофскія апокрыфы, добрае пачуцьцё стыхіі моўных гульняў.
Читать дальше