Прафэсар Зьбігнеў Бжазіньскі — доктар honoris causa Кракаўскага Ягелонскага ўнівэрсытэту, Каталіцкага Люблінскага ўнівэрсытэту, а таксама Браціслаўскага ўнівэрсытэту.
У 2000 годзе ён даў згоду на сваё прызначэньне старшынём камітэту «ЗША—Славаччына» .
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды рэдакцыі часопісу «Kultura» .
Лешак Калакоўскі: тэатар дыскурсу
Станіслаў Божым*
Назоў не павінен уводзіць у зман. Гаворка ня йдзе пра Калакоўскага як аўтара сцэнічных твораў у літаральным сэнсе. Можна адразу дадаць, што такая драматургія, падкрэсьліваючы сваім характарам умоўнасьць, аслабляла б тое, што ў яго творчасьці сапраўды зьяўляецца драмай; драмай, якая роз-пораз высьлізгае з-пад кантролю скептычнага рацыяналіста.
Калі б Калакоўскі быў пакліканы быць толькі тым, хто сьпярша ў ваяўніча-асьветніцкім і матэрыялісцкім духу кпіў з інтэлектуальных намаганьняў каталіцкіх тэолягаў і філёзафаў, дэманстратыўна выяўляючы адсутнасьць пачуцьця ня толькі гістарычнага значэньня Царквы, але таксама і адсутнасьць увагі да рэлігійнага перажываньня; філёзафам, які пасьля вызнаваў патэтычна-гераічную марксісцкую філязофію свабоды, што падкрэсьлівала значэньне індывідуальнай адказнасьці і дзякуючы гэтаму судакраналася з экзыстэнцыялізмам; філёзафам, які, у сваю чаргу, перажыў крызыс даверу да марксісцкага спосабу перабудовы сьвету і ў «Прысутнасьці міту» даў наскрозь пэсымістычную карціну міталягічнай аблытанасьці ўсіх галін чалавечай актыўнасьці; філёзафам, які ўрэшце паспрабаваў увідавочніць шкоднасьць і фальшывасьць марксізму як самадастатковага сьветагляду, а таксама паспрабаваў спасьцігнуць прычыны трывушчасьці і істотнасьці гістарычнага хрысьціянства — такім чынам, калі б Калакоўскі быў пакліканы стаць мысьліцелем, які папросту прайшоў чатыры вылучаныя тут фазы з зусім адметным сьветаглядным гучаньнем (гаворка тут ня йдзе аб колькасьці фазаў, можа, іх было пяць, гэта ня важна!) — то як аб’ект асэнсаваньня ён быў бы толькі цікавым выпадкам з гісторыі ідэяў, які належала б прасачыць на фоне tout court. Тады б лёгка зьявілася спакуса строгай інтэрпрэтацыі гэтай думкі ў супаставе з палітычнымі падзеямі тых часоў. Зрэшты, існуюць важныя довады на карысьць такой інтэрпрэтацыі, ад захапленьня сталінскім «прамэтэізмам» , паўз калякастрычніцкі энтузіязм аднаўленьня марксісцкага гуманізму, паўз крызыс праўленьня Гамулкі ў другой палове шэсьцьдзясятых гадоў, чэхаславацкі і польскі досьвед 1968–1970 гадоў, які сьведчыў аб тым, што гэтая форма «самага справядлівага ў сьвеце ладу» выклікае масавы пратэст і можа трымацца выключна гвалтам і г.д. Для ўсіх гэтых падзеяў можна пастарацца знайсьці эквівалент у творчасьці Калакоўскага. Перакананы, аднак, што гэтае «назапашваньне довадаў» не раскрывае самай глыбокай, самай істотнай праўды аб Лешаку Калакоўскім.
<...>
Цяжка сказаць, каб Калакоўскі ўвогуле не шукаў такой доўгай, незалежнай пэрспэктывы разгляду падзеяў. Пошукі гэтыя не даюць, аднак, нейкай цэльнай карціны. Сіла і значэннасьць творчасьці Калакоўскага палягае, на маю думку, у нечым іншым. Ён ня толькі філёзаф, які перажыў некалькі розных фазаў інтэлектуальнага разьвіцьця; ён не — тым больш — філёзаф, якога можна зьвесьці выключна да нейкай з гэтых фазаў, уключна з апошняй. Гэта надзвычай непрыемная сытуацыя для тых, хто б хацеў вызначыць сябе ў якасьці вучняў Калакоўскага. Ю.Ладаш хацеў зьвесьці вартасьць Калакоўскага як філёзафа выключна да першай фазы, Гезінэ Шван рабіла безнадзейныя намаганьні замкнуць яго ў фазе марксісцкай філязофіі свабоды. Шван паставіла сабе, аналізуючы творы з гэтай фазы, задачу, якую вызначыла як «eine systematische Gesamtdarstellung seines Denkens» . Дарэмная праца! Ніякія аналізы ні пэўнай фазы, ні ўсіх фазаў разам не ствараюць «сыстэмы» . Бо гэта філязафаваньне ў духу Сакрата, антысыстэмнае. Нават з аказіі юбілею Лешака Калакоўскага не выпадае паказваць на нейкую сыстэматычна будаваную канструкцыю. І пры гэтым яго сувязь з палітыкай варта, здаецца, асэнсоўваць інакш, чымся гэта зазвычай робіцца, г.зн. сьпярша палітычная падзея, пасьля філязофскія высновы, пабудаваныя на факце, згодна з гегелеўскай мэтафарай савы, што вылятае на зьмярканьні. Палітычныя падзеі хутчэй былі для Калакоўскага пэўным пытаньнем, выказаным у дыялёгу, на якое належыць зрэагаваць іншым пытаньнем, у дыялёгу гісторыі зь філёзафам. Пытаньне пасьля разьвілася ў ролю. Таму палітычная падзея станавілася аказіяй для зьмены ролі ў тэатры дыскурсу.
Читать дальше