Гэтае ўключэньне грамадзкай сьвядомасьці ў працэсы палітычнай дэмакратызацыі яшчэ больш падкрэсьлівае слушнасьць тэзы, што камунізм больш ня ў стане ажыцьцявіць якую-небудзь гістарычную місію. Вызначальнае для дэмакратыі ўзрастаньне пачуцьця грамадзкай адказнасьці, зьвязанае з сапраўднай свабодай палітычнага выбару, — формула, пры якой дзяржаву ня ставяць на п’едэстале, а ўжываюць як інструмэнт з абмежаваным дзеяньнем, пакліканы памагчы грамадзтву і індывіду выражаць думкі і пачуцьці, — стварыла дасканалы мэханізм забесьпячэньня чалавечых патрэбаў, а таксама абароны правоў чалавека. Ува ўсім сьвеце ўсё большы акцэнт робіцца на ініцыятыву індывіда і палітычна незалежную грамадзкую салідарнасьць, і гэта адлюстраваньне лепшага разуменьня факту, што самыя ўзьнёслыя крозы чалавецтва могуць ператварыцца ў кашмар, калі дагматычная і ўсемагутная дзяржава стаецца прадметам пакланеньня як галоўны матор гісторыі.
Таму з катастрафічнага сутыкненьня чалавецтва з камунізмам, якое адбылося ў дваццатым стагодзьдзі, вынікае траўматычны, але надзвычай важны досьвед: утапічная грамадзкая інжынэрыя ў сутнасьці ідзе ўразрэз са складанасьцю чалавечай кандыцыі, а творчыя сілы грамадзтва дасягаюць найбольшага росквіту тады, калі палітычная ўлада абмежаваная. Дзякуючы гэтаму аснаватворнаму досьведу ўсё больш верагодна, што акурат дэмакратыя — а не камунізм — станецца дамінуючай сілай у дваццаць першым стагодзьдзі.
Тэкст перакладзены паводле: Kultura, № 5 (500), 1989.
* Зьбігнеў Бжазіньскі— сусьветна вядомы палітоляг. Нарадзіўся ў Польшчы ў сям’і польскага дыплямата, усё сьвядомае жыцьцё правёў у Амэрыцы. Піша пераважна на ангельскай мове.
Навучаньне пачаў у Канадзе, дзе вывучаў эканоміку і паліталёгію ўва ўнівэрсытэце Mc Gill. У 1950 годзе тамсама атрымаў дыплём з адзнакай ( «first class honors in economics and political science» ). У 1953 годзе Бжазіньскі скончыў Гарвардзкі ўнівэрсытэт, атрымаў ступень доктара філязофіі і быў пакінуты пры вучэльні. У свае 25 гадоў Бжазіньскі стаецца адным з наймалодшых выкладнікаў Гарвардзкага ўнівэрсытэту. У 1958 годзе атрымлівае амэрыканскае грамадзянства. Свае навуковыя зацікаўленьні ён рэалізуе сьпярша
ў Цэнтры дасьледаваньняў Расіі (Russian Research Center), a пасьля, ужо ў якасьці выкладніка, у Цэнтры міжнародных стасункаў (Center for International Affairs). У 1960 годзе прызначаецца прафэсарам публічнага права і кіраваньня (public law and government) Калюмбійскага ўнівэрсытэту. Адначасна стаецца дырэктарам Навуковага інстытуту міжнародных зьменаў (Institute of International Change).
У пэрыяд з 1977 і да 1981 году займаў пасаду дарадніка прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы (дзякуючы якой у 1980–1981 гадох рабіў усё магчымае, каб пазьбегчы савецкай інтэрвэнцыі ў Польшчу). Прэзыдэнт Джымі Картэр напіша пасьля ў сваіх успамінах, што яго захаплялі праніклівыя аналізы дарадніка, глыбокія гістарычныя веды, шырокія гарызонты і канцэпцыі апошняга, якія зьдзіўлялі сваёй дальнабачнасьцю і арыгінальнасьцю.
Апрача гэтага, Бжазіньскі быў чальцом Рады нацыянальнай бясьпекі (камітэту Міністэрства абароны па комплескнай доўгатэрміновай стратэгіі) і чальцом Прэзыдэнцкай Рады па замежнай выведцы. У 1981 годзе за заслугі ў справе нармалізацыі амэрыканска-кітайскіх дачыненьняў і за ўнёсак у разьвіцьцё палітыкі па правах чалавека і па нацыянальнай бясьпецы ЗША ён уганараваны прэзыдэнцкім мэдалём свабоды. У цяперашні час працуе дараднікам у вашынгтонскім Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (Center for Strategic and International Studies), а таксама выкладнікам амэрыканскай вонкавай палітыкі ў Школе паглыбленых міжнародных дасьледаваньняў імя Пола Нітцэ пры ўнівэрсытэце Джонса Гопкінса.
Амэрыканская паліталёгія ў адзін голас разам з Кісынджэрам і Шлезынгерам залічае Зьбігнева Бжазіньскага ў разрад найбольш буйных амэрыканскіх дзяржаўных дзеячаў.
Сярод апошніх публікацыяў Бжазіньскага адзначым кнігу «The Grand Chessboard: American Primacy and Its Geostrategic Imperatives» (Basic Books, 1997), перакладзеную на расійскую, украінскую і польскую мовы, а таксама артыкулы ў амэрыканскай прэсе «An Idea Whose Time Has Come. A discussion about the pros and cons of NATO expansion» , «A Solid Year for Foreign Affairs. Dr. Brzezinski discusses U.S. foreign policy in 1996 and looks ahead to the agenda for 1997» , «Netanyahu’s Speech: Dirge or Dodge? An examination of the evasive political tactics of Israel’s new leader» . На польскай мове выйшла кніга «Główne cele polityki amerykańskiej» (Wydawnictwo «Świat Książki» , Warszawa, 1998).
Читать дальше