У 1628 г. сям’я Мойжэша Давідавіча і Любы Юзэфаўны набыла дом ў мяшчанаў Чаргановічаў, продкі якіх спрадвеку жылі на Нямізе. Дом стаяў адным бокам да сядзібы менскага бурмістра Івана Якімовіча, другім – да дома Грышкі Краўца, тылам выходзіў на іншую вуліцу. Пасля набыцця грунту да жыдоў пераходзіў абавязак плаціць павіннасць і выстаўляць па чарзе падводы для шматлікіх паслоў і ганцоў.
На Нямізе стаялі не толькі драўляныя дамы, але і камяніцы. Адну такую камяніцу менскі жыд Юда Якубовіч прадаў у 30-х гадах ХVІІ стагоддзя Іллі Гершонавічу і Залману Якубовічу за 5 тысяч злотых. Тэрыторыя каля Замка была не зусім зручная для жытла. Некаторыя пляцы то затапляліся вадой, то некаторы час стаялі пустыя. Адзін такі кавалак зямлі менскі староста і ваявода Пётр Тышкевіч падараваў жыду Марку Яхімовічу і адначасова вызваліў яго на дзесяць гадоў ад усіх гарадскіх павіннасцяў з адной толькі ўмовай – пабудаваць на тым самым пляцы дом. А пасля плаціць адно па 12 літоўскіх грошаў на Замак. Дарэчы, на самой тэрыторыі Замка, на вуліцы насупраць царквы Святое Прачыстае, жылі разам, побач з дамамі Станіслава Залатара і Юрыя Бальвера, жыд Ізраэл Якубовіч з сынам Леўкам и с помочниками своими жыдами и татарами менскими.
Гэтаксама ад раптоўных пажараў цярпелі ўсе насельнікі горада. Вядома, што кароль Уладыслаў IV Ваза выдаў у 40-х гадах XVII стагодздзя глейтавы (ахоўны) ліст жыдам Марку Яхімовічу і Лазару Маркавічу на вызваленне на 3 гады ад выплаты крэдыторам у сувязі з пажарам, бо у их усе згарело, и пришли они да такого убоства праз менски пожар. Той самы Марк Яхімовіч трохі раней атрымаў дазвол ад кіеўскага і галіцкага мітрапаліта Іосіфа Руцкага на карыстанне нівай па дарозе на Лошыцу поводле вячыстай куплі ад мяшчанаў
Андрэя і Івана Маслянак, аднак жа з умовай штогадовай выплаты грашовага падатку на рускі шпіталь пры Саборнай царкве ў Менску.
Дарэчы, справа з нямігскімі жыдамі, слугамі Льва Сапегі, на тым не скончылася, а мела даволі тыповы працяг. Неўзабаве пасля першага здарэння абодва былі абвінавачаныя тым самым Янам Трацэўскім, які ўсё яшчэ не пакінуў горад, а стаяў гасподаю ў мешчаніна Васіля Чаргановіча на Нямізе, у спробе рытуальнага забойства хлопчыка на той жа вуліцы, ды яшчэ паклікаўшы на помоч многа жыдов . Калі талеранцыя была ўласцівая шляхетнаму Льву Сапегу, то шляхціц Ян Трацэўскі свята верыў у поганство народу жыдовского, которы непрыятелем есть народу хрестиянскому . Менскі суд апраўдаў жыдоў і забараніў Яну Трацэўскаму звяртацца з апеляцыяй да Галоўнага Трыбунала.
У судовых канцылярыях жыды, падаючы скаргі ці апеляцыі, пісалі писмом жыдовским, а ўжо пісар выкладал подпис обрейски на мову звыклую, пры гэтым рука ягоная часам мімавольна крэсліла на паперы кірылічныя ці лацінскія літары на жыдоўскі ўзор.
З даўніх часоў жылі ў Менску і татары, засяліўшы і засвоіўшы прыбалоткі і балотныя мясціны за Замкам. Але ж татары – «добрыя гаспадары», і ўраджаі ў іхных садах і агародах былі на здзіўленне і зайздрасць тутэйшаму люду. Водгалас гэтага давялося пачуць ад карэннага жыхара, стоячы разам з ім у самым сэрцы колішняга старога Замка ў канцы ХХ стагоддзя. Дзядзька апавядаў пра ўспаміны сваіх дзядоў, што жылі тут, і пра іхную нелюбоў да татараў толькі з тае нагоды, што цыбуля на татарскіх агародах была ўдвая-ўтрая буйнейшай за іхную. Татары асвоіліся ў новай дзяржаве, падпарадкоўваліся яе правілам, служылі ў яе войску, карысталіся яе мовай, але мелі і свой закон татарски , гэтаксама як і свае імёны – Ждан, Айдар, Ахмет, Мустафа, Абдула, Куромша, Зюгра, Гірка, Шчасны, Шынка, Фатма, Гамза, Салтана, Селенбек, Мамай, Давыд, Зелюха… Тутэйшая кабета, пабраўшыся шлюбам з татарынам, змяняла сваё імя. Так, Югашка зрабілася Нетай. А моллу з мячэці Абрагіма Юсуфавіча тутэйшы люд называў попом духовным татарским . Іншымі былі назвы адзення і хатняга начыння. А сярод звыклых упрыгожванняў жабинца, туркуса , рубіна дый дыямента сустрэлася апісанне пярсцёнка- обручки в середине баволий рог , які належаў татарыну.
На разбор судовай справы, якая паўставала паміж татарамі, возны браў з сабой сторону шляхту, паходжаннем менавіта з татараў… пры которой справе на тот час маючы я, возный, стороною людей добрых шляхтичов двух в том князстве великом оселых, кн. Ахмета Шабановича, а другога также татарына кн. Куромшу Адамовича…
Зразумела, што татары таксама рабіліся «героямі» розных здарэнняў, нароўні з іншымі месцічамі і прыбылымі сюды з іншых краёў. Так, менскія жыхары Ісуп Палелеевіч з сынам Раманам пакрыўдзілі не каго-небудзь, а саму бурмістравую з другой белой головой Настассяй Лахаўнай, калі тыя вярталіся до домов своих ад приятеля . Было яшчэ толькі за гадину перед вечером, і, напэўна, галава круцілася ад водару травеньскіх садоў, а сэрца было перапоўненае водгукамі сяброўскай размовы, калі знянацку з тылу да іх падскочыў тыранска, здрадецким способом малады татарын Раман – бесурманин , ды добывшы шаблю, параніў адну з кабетаў у руку. Пра татарскі нораў было вядома са словаў саміх татараў, калі, махаючы са свістам шабляй, тыя выкрыквалі пагрозы: забью, буду мордовать и на крыж разбивать!
Читать дальше