«Панкратаўскі» дом быў побач шпіталя, «Ясінскі» дом – паблізу Замка. Двор «Міклушоўскі» знаходзіўся на вуліцы мима Збора ку Койданаву идучой …. Дом другога менскага злотніка – Станіслава, які, відаць, належаў да іншага цэху залатароў, – стаяў таксама ў Замку, насупроць Прачысценскай царквы, побач з сядзібай Юрыя Бальвера. Дом бурмістра Івана Бабуркі з сынамі Раманам, Макарам і Васкам месціўся на улачцы супроць Свіслачы, непадалёк касцёлу. Менавіта тут, у доме славотного бурмістра, павінны былі вяртаць грашовую пазыку два не менш славутых віленскіх браты – купец Багдан і скарбны ВКЛ Лукаш Мамонічы ў 1600 годзе, але ў прызначаны тэрмін не зявіліся. Пазней бурмістр даведаўся пра раптоўную смерць Багдана. Цалкам верагодна, што Лукаш Мамоніч усё ж такі пабываў у бурмістравым доме над Свіслаччу ў іншы час. Іван Бабурка меў краму ў Менску і, пэўна, быў заможным чалавекам.
На волоках Полоцких , будучай Валоскай, жылі мяшчане Кузьма Пішчалка ды Фёдар Заляцелы, ці не той самы, які, паводле Сыракомлі, пасмяяўся перад каралеўскім сакратаром Гальяшам Марахоўскім з Жыгімонта ІІІ Вазы, маўляў, я, даўшы пару чырвоных залатых, што хочаш у караля выпрашу, маючы, мусіць, на ўвазе атрыманыя ім ад караля ахоўныя граматы, што баранілі яго і ягоную маёмасць ад менскага ўраду. Жыла тут таксама жонка пінскага падстолія Грыгорыя Тэрлецкага Галена Бачанка. Тут жа, на Волоках, набыла дом у Якуба Раманскага і Багданы Кішчанкі ваяводзіная вендзенская Зафея Служчына. Гасподу для віленскага купца здаваў у сваім доме Ісак Багушэвіч Шышка, усе продкі якога мелі, як пра тое піша Сыракомля, ўласны пляц ля Койданаўскай брамы, дзе ў сярэдзіне ХVII стагоддзя Лукаш Богуш Шышка вырашыў пабудаваць шпіталь. На вуліцы Юр’еўскайля Свіслачы жылі князь Яраш Іванавіч Жыжэмскі, які свой дом з агародам перадаў на патрэбы менскага евангелісцкага збора, паны Кулі, Ян Шчарбіцкі, войскі Іван Быкоўскі. Дарэчы, вуліца Вялікая Юр’еўскаязгадваецца ў звязку з зямяніным Аляксандрам Кулем. Гаспода Івана Мысліўца знаходзілася насупраць царквы Святога Юр’я.Яшчэ адзін жыхар вуліцы Юр’еўскай – пісар канцылярыі ВКЛ Юрый Паскевіч – быў вызвалены за добрую працу каралём Уладыславам IV Вазай ад жаўнерскіх стацый ды абавязкаў сяліць у сваім доме гостей з соймаў, соймікаў, рокаў і рочкаў.
На вуліцы Зборавайжыў земскі пісар Стэфан Гладкі. На Зборавым пляцы, відаць, побач з самім зборам, – зборавы падданы Федар Паповіч. Камяніцу ў Менску меў зямянін Яраш Ваўчок, які, ідучы на жовнерство супроць Масковіі, пакінуў яе ў апеку сястры Гэстэр і швагру Яну Кемешу.
Дамы, у якіх жылі месцічы, складаліся з некалькіх жылых памяшканняў – святліцаў, а таксама з каморы і клеці. Святліца на першым паверсе – низкая, великая , на другім – светлица на горе , а таксама святліца сталовая, пакаёвая, ды алькер – бакавы пакой. У сенях магла захоўвацца зброя, а ў свірне – вопратка, посуд і часам кнігі. У святліцах стаялі кафляныя печы, сталы, шафы, лавы, ложкі сталярскай работы, шкатулы акаваныя са шматлікімі рэчамі, накшталт куфара.
У 1600 годзе на Траецкай гарымеў жытло лентвойт, а пазней бурмістр Андрэй Масленка, вядомы ў Менску тым, што ў ягонай гасподзе быў забіты ў тым жа годзе вазніца шляхціца Эпімаха Бухавецкага, а таксама тым, што меў права, як купец, вывозіць попел са Свіслацкай пушчы да прыстані Мікалаеўшчына. Іншы Масленка – Даніэль, райца і таксама пасля бурмістр, у дом якога князеўна Эва Саламярэцкая мусіла в день Громниц, свята рымского, адвезці сваю рыкаючую, сыпучую ды салодкую пазыку – мёд (20 каменев) вагі менскае, а таксама кароў, вепраў, жыта, пшаніцу, ячмень ды авёс. Яшчэ адзін Масленка – Васіль – служыў у 1600 годзе ў менскага мытнага дазорцы Аляксандра Каленскага ды збіраў у Менску старую мыту ад купецкіх тавараў. Менавіта гэты Васіль Масленка не пажадаў падпарадкавацца загаду канцлера Льва Сапегі ды вярнуць мытную пячатку, скрынку з грашыма і статут, калі той вырашыў замяніць адных каморнікаў на іншых. Пасада была, відаць, хлебная, бо Масленка ўпарціўся доўга, пярэчачы ў такі спосаб: я пану канцлеру не служу и листу его не слухаю, на ваш арест не дбаю и того арешту вашего не прыймую.
Тут жа на Траецкай гары, тылам да Свіслачы, стаялі два дамы князя Аляксандра Крошынскага побач з халупамі ягоных падданых рамеснікаўмяшчанаў, якім князь забараняў плаціць падаткі на карысць горада, выклікаючы абурэнне магістрата. Непадалёк дзве мяшчанкі – Зафея і Ганна – трымалі арэндаю дом у пана Станіслава Ляшчынскага ды здавалі ў ім пакоі на паўгода. Пастаяльцы кабетам трапляліся розныя. Служэбніка Яраша Рэзана дзве гаспадыні напэўна запомнілі надоўга. Жывучы ў гасподзе пэўны тэрмін, новы жыхар еў, піў піва і мед кислы , прымаў у гасподзе гостей розных особ , але браў усё пераважна боргом (у пазыку), а пасля, не заплаціўшы, цішком зехаў у іншую гасподу, у дом плябанскага войта Марціна. Апроч таго, па начох меў нахабства вяртацца да былых гаспадыняў дый страляць з ручніц, выстрашваючы з дому зляканых кабетаў.
Читать дальше