Фурман вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што з пакоя яго падарожніцы выйшла прыгожа апранутая прывабная жанчына з бранзалетамі і пярсцёнкамі на руках — як усё роўна не тая, у зрэбнай сукні і ботах, якую ён суправаджаў. Саламея, нібы князёўна, паважна села ў размаляваныя сані.
Сані крануліся з месца. Фурман сцебануў коней — толькі вецер у вушах ды снежныя іскры з-пад капытоў. Ля адчыненай брамы перад домам губернатара варта памкнулася спыніць няпрошаных гасцей, але сані заляцелі ў двор, і фурман стрымаў коней толькі перад самым ганкам. Не зважаючы на лакея ў прыходні, Саламея велічна праплыла далей і папрасіла ад'ютанта сказаць генерал-губернатару пра яе прыезд.
Генерал-аншэф Міхаіл Іванавіч Лявонцьеў даводзіўся стрыечным пляменнікам маці Пятра I Наталлі Кірылаўне Нарышкінай. Адважны і знаходлівы, ён праслужыў у рускай арміі паўстагоддзя, а пачынаў службу з Нарвскай баталіі. У бітве пад Палтаваю ён захапіў сем шведскіх сцягоў і насілкі Карла XII.
Лявонцьеў быў у ліку тых, хто ездзіў у Мітаву [47] Зараз горад Елгава ў Латвіі.
запрашаць курляндскую герцагіню Анну Іванаўну, пляменніцу Пятра I, на рускі трон. Падчас няўдалага паходу ў 1735 годзе ў Крым у бязводным стэпе загінула каля тысячы салдат. За гэта Лявонцьева адправілі ў ганаровую ссылку ў Кіеў. Сучаснікі характарызавалі генерала як чалавека панурага і злога, занадта патрабавальнага да падначаленых, строгага да жорсткасці. Магчыма, лекарка ўжо чула пра тое. Яна кінулася губернатару ў ногі, прызнаючыся, што прыехала ў Кіеў без польскага пашпарта, не прайшла каранцін. Яна паказала ранейшыя паперы і даведкі, набытыя ў сталічным Пецярбурзе.
Русецкай удалося разжаліць генерала, падкупіць сваёй шчырасцю. Генерал сказаў, што ёй, даме і госці, можна дараваць такі ўчынак, яна, магчыма, не ведае царскіх указаў. Затое іх ведае фурман. Ведае капітан на вартавым пункце. Значыць, яны вінаваты і мусяць быць пакараныя.
Генерал запрасіў лекарку на абед. Пасля гэтага паслаў двух салдат і Саламею на заезны двор, дзе яна спынілася, каб адшукаць фурмана. Яшчэ не пад'ехалі да месца, як лекарка паслала салдат па гарэлку, а сама паспяшалася папярэдзіць фурмана пра небяспеку. «Уцякай, уцякай, а то цябе павесяць!» — крыкнула яна селяніну, як толькі ўвайшла ў дом. Фурман куляю выляцеў з хаты і шпарка пагнаў коней. Прыйшлі салдаты, сталі шукаць, але Саламея сказала, што «парушальнік» з'ехаў яшчэ раніцою.
Салдаты вярнуліся ні з чым. Генерал пачаў высвятляць, праз які пост праехала Саламея. Жанчына, вядома, ад усяго адмаўлялася, гаварыла, што нічога не памятае, бо ехалі ўначы. Лявонцьеў, разважыўшы, справядліва вырашыў, што гэта магло быць па дарозе з Брусілава на Васількоўскі пост. Русецкую пад канвоем накіравалі туды. Афіцэра, які прапусціў яе, доўга распытвалі, але ён ні ў чым не прызнаўся. Саламея таксама сцвярджала, што не ведае капітана, і гэта ўратавала яго ад пакарання.
Лявонцьеў дазволіў перавезці ў Кіеў свае рэчы. У Кіеве Саламея жыла спакойна, чакала адказу з Пецярбурга — яна звярнулася да імператрыцы з просьбаю дазволіць ёй прыехаць і заняцца лекарскаю справаю пры двары. А яшчэ яна вельмі хацела аддаць сына вучыцца ў гімназію пры Акадэміі навук. Станоўчы адказ прыйшоў цераз год. Але спадзяванням не суджана было збыцца. У Кіеў прыехаў «амарат» са сваім сябрам, абакраў Саламею і ў яе ж санях уцёк назад у межы Рэчы Паспалітай.
Генерал-губернатар даў Саламеі двадцадь рэйтараў [48] Рэйтары (ад ням. Reiter — вершнік) — наёмная цяжкая конніца ў тагачаснай Еўропе.
, каб злавіць злодзеяў, але тыя паспелі перайсці мяжу. Рэйтары і фурман лекаркі, па яе словах, скрыгаталі зубамі ад злосці, што ўпусцілі рабаўнікоў, прыгаворваючы: «Ах, чорт, збег лях, хахол, злодзей…»
Каб атрымадь назад сваю маёмасць, Русецкай давялося ехаць у Рэч Паспалітую, у Камянец-Падольскі. Ёй сказалі, што «амарат» хаваецца ў тутэйшым кляштары. Калі Саламея зайшла на споведзь у касцёл, да яе нечакана з-за калоны выйшаў былы яе каханак. Ён папрасіў не ўзбуджаць судовай справы, абяцаў аддаць грошы і рэчы. Саламея паверыла яму, аднак «амарат» вярнуў лекарцы далёка не ўсё, што забраў.
Пасля ўсяго гэтага знясіленая, стомленая жанчына адмовілася ад думкі ехаць у Пецярбург. Яна засталася жыць у валынскім горадзе Дубна. Выдала замуж старэйшую дачку Канстанцыю. Перавезла з Львова ў Камянец-Падольскі сына Станіслава, які вучыўся ў школе. Але вандроўная душа Саламеі зноў клікала ў дарогу. Яна пераязджае ў малдаўскі горад Хоцін [49] Цяпер раённы цэнтр Чарнавіцкай вобласці УССР. У XVII стагоддзі быў важны стратэгічны пункт у барацьбе Рэчы Паспалітай з Асманскай імперыяй. У 1621 годзе войска на чале з вялікім гетманам Я. К. Хадкевічам (каля 70 тыс. чал.) атрымала пад Хоцінскай цытадэллю слаўную перамогу, разбіўшы 150-тысячнае турэцкае войска султана Асмана ІІ, а ў 1673 годзе войскі Я. Сабескага перамаглі тут 65-тысячную армію Хусейна-пашы.
, размешчаны недалёка ад Камянца, на Днястры, але з другога боку мяжы, у турэцкіх уладаннях. Тут яна паспяхова лячыла самых розных людзей, але неўзабаве была абвінавачаная ў тым, што дапамагла аднаму жыхару Хоціна ўцячы за Днестр, у Рэч Паспалітую, і зняволеная. Дванаццацігадовы сын, даведаўшыся пра бяду, прыехаў у Хоцін і за грошы дамогся яе вызвалення.
Читать дальше