У нейкі момант на сьцяну камэры павесілі артыкул зь нейкай газэты пра садызм. Частка зьняволеных прапануе паглядзець на рэакцыю аховы, але інтэлігентны інжынэр прапануе зьняць.Ён летам быў зьбіты і бачыў, як білі навокал людзей за тое, што іх суседзі енчылі. Білі ня тых, хто падаваў голас у перапоўненым аўтазаку, а тых, хто быў бліжэй.
„А ты свае траўмы зафіксаваў?“ — спытаўся я.
„Не, мне сорамна было са сваімі несур’ёзнымі траўмамі да доктара зьвяртацца, калі маіх суседзяў скалечылі ўшчэнт“.
Газэта застаецца на сьцяне камэры.
„Калі яшчэ раз нешта на сьцяну павесіце, пальцам падцірацца будзеце, уркі. Марш у норку!“ — шалее на ранішняй праверцы міліцыянт.
„Ого, як яго бамбанула, значыцца, справы нашы не зусім дрэнныя“, — ціха пераміргваемся мы.
Падыходжу да вакна. Праз шчыліну крыху відаць прыватны сэктар, за ім далёкія дзевяціпавярховікі. На шэрай сьцяне аднаго з дамоў урачыста вылучаецца бел-чырвона-белы сьцяг.
„Трымаючыся за рукі, мы зайшлі ў будынак турмы“
Павал Горбач, паэт:
— Яно як было. Паклікалі ўвечары 6 лістапада выступіць зь вершамі ў двары на Залатой Горцы — на адным канцэрце зь Лявонам Вольскім. Пагадзіўся, думаю — і паэзію сваю невялікай торбачкай у масы занясу, і Вольскага паслухаю. Нават дзяўчына мая, Насьця, сабралася прыйсьці, хоць ніколі на мае выступы ня ходзіць.
У пятніцу ўвечары паблукаў у дварах, шукаючы прызначанае месца, знайшоў, выступаў трэцім і апошнім з паэтаў, потым час да прыезду Вольскага займаў нейкі дэпутат Вярхоўнага Савету, пасьля ўжо сам спадар Лявон пачаў сьпяваць. На „Простых словах“ вырашылі мы з Насьцяй ціхенька пайсьці — ці мала што, раптам хапун пачнецца.
Пайшлі ў бок унівэрсаму „Залатагорскі“, я выклікаў таксі, кіроўца ўжо пад’яжджаў. Паводле маршруту ў аплікацыі ён павінен быў спыніцца на дарозе насупраць крамы, але чамусьці паехаў за яе, таму мы з Насьцяй пачалі пераходзіць дарогу назад да ўнівэрсаму. Калі ўжо амаль перайшлі, побач спыніўся бусік, выйшлі некалькі супрацоўнікаў амону і сказалі ехаць зь імі. Так я, Насьця і падораная мне каробка пірожанкаў пачалі сваё падарожжа ў сьвет рэпрэсій.
Амонаўцаў у мікрааўтобусе было пяць. Яны спыталі і перапыталі нашы прозьвішчы, сказалі выключыць тэлефоны і прасачылі за тым, каб мы гэта зрабілі, баец насупраць папрасіў паставіць пірожныя на калені, каб на павароце яны ня ўпалі. Ён жа некалькі разоў паправіў відэарэгістратар — накіроўваў на мяне. Ціха і бяз гвалту даехалі мы да Савецкага РУУС. Пірожанкі амонаўцы забраць адмовіліся.
У пастарунку нас завялі ў падвал, у актавую залю, дзе знаходзіліся некалькі супрацоўнікаў міліцыі. Некаторыя зь іх задавалі пытаньні пра затрыманьне, але ніхто не прадстаўляўся. „Палітынфармацыю“ з намі вырашыў правесьці толькі адзін міліцыянт — на выгляд маёр, мяркуючы па гаворцы — ня менш за 10 гадоў выслугі. Ён казаў, што канцэрты ў дварах а сёмай вечара перашкаджаюць людзям адпачываць ад працы. Другі, малады, спытаў: „А хто такі Лявон Вольскі?“
Насьцю паклікалі на „апытаньне“, а мяне тым часам абшукалі, склалі матузкі-папругі, дзьве „ксівы“, партманэт ды іншыя жуйкі ў сьмецьцевы пакет з надпісам „Горбач П.С.“, а пасьля ў актавай залі зьнялі на відэа: у профіль, анфас. „Як адносіцеся да дзейнай улады?“ Адказаў, што да дзейнай улады не адношуся.
Пасьля вывелі назад у калідор і пасадзілі побач з Насьцяй, у якой ужо таксама адабралі асабістыя рэчы — ёй сказалі, што павязуць у турму. Цяпер на „апытаньне“ павялі мяне — падняліся, як я зразумеў, зь дзяжурным па пастарунку ў кабінэт, дзе хвілін 15 ён пытаўся ў мяне пра абставіны затрыманьня, пра тое, хто паклікаў выступаць, дзе можна пачытаць мае вершы (сказаў, што ў адным з нумароў часопісу „Маладосць“ за 2016 год). Я яму выказаў думкі пра тое, што затрымалі нас, каб „адпрацаваць“ дваровае „несанкцыянаванае мерапрыемства“. Той у адказ сказаў, што „гэта ня так працуе“. Зь ягоных жа словаў, запісваў „апытаньне“ ён „так, для сябе“.
Ажывіўся міліцыянт, толькі калі я згадаў пра сваё мінулае жыцьцё, працу зь сілавікамі, пра юбілейны мэдаль ад калісьці камандуючага ўнутранымі войскамі Караева. Таварыш дзяжурны спрабаваў жартаваць жарты „дык трэба Караеву патэлефанаваць“, але ўрэшце сказаў: „Калі ўжо гэта ўсё скончыцца...“ — і адвёў мяне назад да дзяўчыны. Там я расьпісаўся за ўзяты пад арышт тэлефон, міліцыянт сказаў што судзіць могуць нават заўтра, але я не паверыў — заўтра была субота. Копію пратаколу ня выдалі. Пакінуць сабе пірожанкі міліцыянты зноў адмовіліся.
Читать дальше