Уначы нас перавялі ў двухмясцовую камэру і выдалі адзін матрац на ўсіх. Відаць, не хапае месца на Акрэсьціна — значыць, на маршы затрымалі шмат народу. Начую на падлозе. Час цячэ марудна: гуляем у словы, мэдытуем, я малюся, раблю зарадку, вучымся прысядаць на адной назе. На калідоры пачынаюцца суды праз скайп, сьцішваемся і прыслухоўваемся.
Затрымалі каля гандлёвага цэнтру, ішоў купляць зарадку для тэлефона, не крычаў, ня пляскаў — 15 сутак. Ішоў пратэставаць супраць беззаконьня — 15 сутак.Затрымалі — значыць, вінаваты.
На наступны дзень судзілі і нашу групу. Мяне першага адканваявалі ў асобны кабінэт, пасадзілі перад ноўтбукам. На экране зьявіўся адвакат: „Андрэй, вас ня білі? Як сябе адчуваеце?“ У залі суду пабачыў маці і сваю Ганначку, пачуў гоман падтрымкі.
Адвакат добра рабіў сваю справу, знайшоў сьведку з канцэрту, спрытна апытаў беднага амонаўца (якое добрае беларускае вымаўленьне ў шмат якіх міліцыянтаў, адчуваецца, што людзі прыехалі зь вёсак і не пасьпелі страціць дзеканьне, цеканьне ды іншае аканьне-яканьне). Адвакат паказаў відэазапіс з выступу Recha, прад’явіў маё пасьведчаньне творчага работніка, пэнсійныя пасьведчаньні маці, бабулі. І ў нейкі момант я пачаў хвалявацца, што мяне выпусьцяць, а музыкаў пакінуць. Але ўсё скончылася добра: вырак, як і ў маіх сяброў-дружочкаў — 15 сутак. Пасьля прысуду стала яшчэ лягчэй, са спакойнай душой клаўся спаць, аднак уначы зноўку прагучаў загад: „Паўлёнак, Лісецкі, з рэчамі на выхад“.
Цікава, Кастуся і Лёню пераводзяць у іншыя камэры ці этапуюць у Жодзіна, Бабруйск?..
На наступны дзень мы з Ігарам радаваліся жыцьцю. Акардэаніст прызнаўся, што даўно хацеў трапіць у вязьніцу зь цікавасьці, я зь ім пагадзіўся. Дзякуй Богу за гэты цудоўны час, час маіх улюбёных заняткаў — магчымасьць думаць і сузіраць быцьцё зь перапынкамі на туалет, абед, мыцьцё ў кране.
Празь нейкі час дзьверы ў камэры адчыніліся. Малады міліцыянт скамандаваў устаць. На парозе стаяў ахоўнік у фуражцы, мужчына ў касьцюме і бацюшка зь сівой барадой: „Чаго вы патрабуеце ад Праваслаўнай царквы?“
Паглядзець 10 сэкундаў на новых цывільных людзей па той бок сьцяны ўжо было сьвята, але я адважыўся папрасіць яшчэ і малітоўнік. Брама зь лязгатам зачынілася, а праз вакенца нам пачалі перадаваць шкарпэткі, мыла, зубную пасту і малітоўнік. Мы з Ігарам з двух філёзафаў-стоўпнікаў ператварыліся ў сапраўдных багацеяў.
Добра быць праведнікам адным у замкнёным пакоі, адгароджаным ад мітусьні і спакусаў сьвету. Няма на каго раздражняцца, каму зайздросьціць. Каша і гарбата — лесьвіца Якава, памыўся ў кране — сядзі сузірай сябе. Лілеі сярод церняў, жонкі Саламонавы — далёкі сьмех жанчын, што сустракаюць сясьцёр з маршу, каля брамы Акрэсьціна. На дзіва годны танец дачкі Ірада — на калідоры пошчак абцасаў маладой наглядчыцы. Голас яе, як зорка Палын, — горкі і звонкі: „Насцу табе ў рот“, — ці то пагражае, ці то абяцае міліцыянтка некаму па тэлефоне.
У чацьвер міліцыянт пынес нам зь Ігарам перадачы. Найвялікшы скарб у пасылцы з дому — нататнік і асадка. Маю, на чым пісаць, маляваць. І камэра ня камэра, а працоўны кабінэт.
На наступную раніцу Ігара перавялі ў іншую камэру, і я застаўся адзін у прасторы 2 на 4 мэтры. Пішу ў перасланы нататнік свае ўражаньні, малюю. Стрыжань няўмольна сканчаецца, хвалююся, як жа далей тут існаваць бяз справы. Ніколі ня думаў, што асадку можна сьпісаць за суткі. Божа, памнож цудоўным чынам чарніла ў стрыжні.
У той самы дзень у мяне зьявіўся сусед.Малады сукамэрнік падарыў мне асадку, выплакаўся, нажаліўся і заснуў на верхняй шконцы юначым сном.
Неўзабаве мяне перавялі ў большую камэру, на шэсьць ложкаў.
Тут сядзяць нашы людзі. Бізнэсоўцы, інжынэры, навукоўцы. Штовечар — лекцыя пра старажытны Рым, раніцай — зарадка. Даклады пра будаўніцтва дому, бізнэс. Сукамэрнікі мае — мужчыны ад 22 да 48 гадоў, усе сядзяць чарговы раз, усе моцныя і прыгожыя. Галёкаюць за сьцяной дзяўчаты, іх прывезьлі нядаўна. Мы мужчынскай кампаніяй дзелім стол зь перадач, жартуем, рагочам, як раптам на парозе начальнік Акрэсьціна са сьвітай: „У чым прычыны добрага настрою і сьмеху? Я вас аж у сваім кабінэце чую. Камфортныя ўмовы, дык магу пагоршыць“. Начальнік сыходзіць, а разам зь ім прападае і гарачая вада.
Трохі хварэю, дрэнна быць нядужым у вязьніцы, можа, ковід ці іншая трасца. Суседзяў маіх хапалі і ўтрымлівалі ў пастарунку куды больш жорстка, чым музыкаў. Таму маё прызнаньне, што малюся і за міліцыянтаў, і за амон хлопцы ўспрымаюць неадназначна. А я апавядаю пра хрысьціянства, што гэтых бедных службоўцаў асабіста мне дужа шкада.
Читать дальше