Тады апарат запатрабаваў увесьці лічбавы пароль. Я адмаўляўся казаць. Мяне зноў пачалі біць дубінкамі і нагамі. У выніку я мусіў сказаць пароль. Міліцыянты разблякавалі тэлефон і са словамі „Так, зараз пачытаем, што ты тут пішаш!“ пачалі адкрываць у тэлефоне розныя праграмы.
І раптам — моцны ўдар па галаве. Я зьнепрытомнеў. Што было далей, ня памятаю. Відаць, потым на мяне плюхнулі вады, бо я, калі ачуўся, адчуў, што мокры. Мне пачалі казаць, што зараз панапісваюць ад майго імя, што я паеду на 10 гадоў. Корпаліся ў маёй тэлефоннай кнізе, пытаючы, хто ў мяне як падпісаны. Шмат разоў казалі: „Здасі вашага каардынатара, і мы цябе адпусьцім“. Але я казаў, што ня ведаю ніякіх каардынатараў, я прыехаў з Каленкавічаў да сябра і ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях. Потым я пачуў, што яны згадалі прэзэрватыў і адзін зь іх сказаў: „Зараз зробім зь цябе дзяўчынку“. Але нехта сказаў ім, што ня трэба. Мяне зноў паднялі і некуды пацягнулі. Вывелі на вуліцу. Ужо было зусім цёмна.
Мяне перавялі праз вуліцу ў будынак насупраць райаддзелу міліцыі. Завёўшы ў нейкі пакой у тым будынку, мяне зноў кінулі на падлогу тварам уніз. Я пасьпеў заўважыць толькі нейкую даволі маладую жанчыну ў званьні маёра, і побач са мной на падлозе ляжаў яшчэ адзін чалавек. Калі на падлогу ўпаў я, таго чалавека паднялі і павялі.
Я пачуў голас жанчыны-маёра: „А! Калінкавіцкі! Зараз мы табе пакажам мазырскую гасьціннасьць! Цяпер вядзіце сабак!“
Я падумаў, сапраўдных сабак, зараз разарвуць. Але прыйшлі людзі. Мяркуючы па тупаце і галасах — шмат людзей. І пачалі вельмі моцна мяне біць. Нехта, відаць, малаціў дручком, нехта проста нагамі. Потым я адчуў, што па мне прайшліся абцасамі. Я думаю, што гэта тая жанчына, бо абцасы адчуваліся танчэйшыя, але даўжэйшыя за абцасы берцаў. Яна ж, відаць, трапіла мне мыском абутку ў скронь, бо мысок быў востры, не як у берца. Я некалькі разоў траціў прытомнасьць. Ачухваўся, калі мяне аблівалі вадой.
З носу проста ручаём бегла кроў, твар ляжаў у крыві. Тая жанчына казала: „Ты пашкадуеш, што сюды прыехаў!“ Потым зноў шмат удараў адразу ад некалькіх чалавек. Я моцна закрычаў і зноў зьнепрытомнеў. Потым паступова вярнуўся ў прытомнасьць. Адчуў, што мне ў сьпіну і ніжэй штурхаюць нечым, мабыць, дручком. Было вельмі балюча, магчыма, ад болю я і ачуўся. Потым яны ўзялі маю галаву і трэсьлі яе. Я расплюшчыў вочы. Зноў пачуў жаночы голас: „Хопіць, сыходзьце!“. Пасьля нейкі мужчына ў цывільным мяне падняў. Сурвэткай працерлі твар ад крыві. Зь мяне бегла вада, і яны ёю размазвалі кроў.
Затым мяне вывелі ў двор гэтага будынку. Там зьнялі кайданкі, з шыі зьнялі ланцужок і крыжык і павялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, які знаходзіцца крыху правей ад РАУС. Я ня мог стаць на левую нагу, каб пераступіць нейкі невысокі парканчык, празь які мы пераходзілі, дык міліцыянты перакінулі маю нагу.
У ІЧУ на мяне склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Загадалі падпісаць. Пры гэтым прыгразілі, што, калі не падпішу, працягнуць зьбіваць.
Потым мяне завялі ў 12-ю камэру. Там ужо былі тры хлопцы маладыя. Усе таксама пабітыя. Адзін крыху меней. Ён сказаў, што ня варта было трываць, трэба было адразу моцна крычаць. Ён крычаў, і таму яго меней білі.
На раніцу, ня даўшы ні паесьці, ні папіць, мяне завезьлі ў суд. Прозьвішча судзьдзі ня памятаю, гэта была поўная такая жанчына. Ніякіх ні папераў пра вынікі суду, ні копіяў пратаколаў мне не далі.
Суд доўжыўся мо якія хвіліны дзьве. Мне далі 15 сутак. Прывезьлі назад у камэру. Там хлопцы паказалі, што ў мяне ўся шыя ў крыві. А праз тры дні мяне вызвалілі. Я выйшаў з ІЧУ і зьдзівіўся. Там было шмат людзей. Былі валянтэры, якія прапанавалі адвезьці, куды мне трэба; былі псыхолягі; прапаноўвалі ежу і пітво. Нас сустракалі як герояў.
Мэдыкі дыягнаставалі ў мяне закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсеньне мазгоў, шматлікія кровападцёкі і гематомы. Дагэтуль адчуваю галавакружэньне і млосьць. Баліць хрыбетнік. Мне прызначылі МРТ усяго цела.
Да мяне ў ІЧУ прыходзіў сьледчы, апытваў наконт зьбіваньня. Я расказаў яму, як было. Цяпер ён мне тэлефануе, просіць прыехаць у Мазыр, каб зноў даць нейкія паказаньні. Але я баюся. Ходзяць размовы, што тых, хто зноў трапляе ў гэтыя ўстановы, затрымліваюць і выпраўляюць у міліцыю. А што там будзе адбывацца, можна толькі здагадвацца. Яны пастараюцца зрабіць усё, каб схаваць свае злачынствы і каб пра іх ня стала вядома.
„Калі няма ў сьпісах, хутчэй за ўсё, яго забілі да сьмерці“
Читать дальше