З варот выяжджаюць тры аўтазакі. Турэмнікі перадаюць сьпісы з тымі, хто ў іх. Наш хлопчык у сьпісах ня значыцца. Валянтэры папярэджваюць, што ў сьпісах можа быць недакладная інфармацыя праз блытаніну, якая робіцца ў турме. Дакладна нічога невядома.
Валянтэры на машынах накіроўваюцца за аўтазакамі. Вядома, што зьняволеных з аўтазакаў выпускаюць па два-тры чалавекі ў самых розных частках гораду. Валянтэры іх прывозяць назад да Акрэсьціна, каб аказаць дапамогу і адзначыць у сьпісах вызваленых. Пабітыя брудныя людзі ў ірванай скрываўленай вопратцы, бяз грошай і дакумэнтаў, — выдатныя кандыдаты на новы арышт. Таму вельмі важна ўсіх выявіць.
Пастаянна правяраю ўсе сьпісы: адпушчаных, якія засталіся, у лякарнях. Адзіны сьпіс, у якім ён ёсьць — на дзьвярах турмы. Сьпіс абнаўляюць. У ім няма нашага дзіцяці! І сярод адпушчаных няма! У мяне цёмна ў вачах — увесь дзень блыталі сьляды, яго імя то зьяўлялася, то зьнікала. Хутчэй за ўсё, яго забілі да сьмерці, раз яго няма нідзе, я пра яго нічога не магу даведацца. Я рыдаю так, што здаецца, цяпер ужо для мяне ўсё скончыцца. Ад гэтага болю выратаваньне адно — разьбіць галаву аб суседняе дрэва, толькі няма сіл устаць. Мяне суцяшаюць псыхолягі, пояць чымсьці супакаяльным. Я стараюся ўзяць сябе ў рукі, атрымліваецца дрэнна, мая бурная фантазія малюе такія страшныя карціны зь міксу таго, што я бачыла за ўсю ноч і ўвесь дзень, што сьлёзы ручаём цякуць. Я люта матаю галавой, каб адагнаць гэтыя страшныя карцінкі. Усё жыцьцё майго хлопчыка праходзіць у мяне перад вачыма. Я яго нараджала, любіла, вучыла, клапацілася, сябравала зь ім, слухала яго музыку, чытала яго артыкулы і ганарылася — а цяпер нелюдзі забілі яго палкамі? Гэта немагчыма, гэта не са мной адбываецца.
У гэты час з варот выяжджае яшчэ адзін аўтазак. Я рвуся ехаць за ім. Мяне ўтрымліваюць: „Куды? Толькі ў ДТЗ трапіце ў такім стане“. Суцяшаюць мяне, кажуць, за аўтазакам імчацца машыны з валянтэрамі. Спрабую дакладна гаварыць зь юрыстамі, высьвятляю, што я магу зрабіць далей. Зьбіраю шаблёны нейкіх заяваў, дакумэнтаў. Трэба змагацца далей.
Званок на тэлефон. Гэта мой сын!!! Ён быў у апошнім аўтазаку, валянтэры яго прывезьлі назад на Акрэсьціна!!! Абодва вокі ў яго падбітыя, на твары рваная рана, брудныя валасы вісяць нейкімі жмуткамі (амонавец стрыг у аўтазаку нажом), астатніх калецтваў пад адзеньнем не відаць. Але ён жывы, са мной і вельмі радасна ўсьміхаецца.
Дзякуй маім цудоўным сябрам, маім дарагім калегам, майму стойкаму мужу, які ўвесь час быў побач са мной. Дзякуй усім знаёмым і незнаёмым, хто падтрымліваў словам, парадай, спачуваньнем. І асобны нізкі паклон валянтэрам. Колькі змагу, буду ім дапамагаць.
Рэвалюцыя наадварот
16 жніўня на плошчы Незалежнасьці прайшла акцыя ў падтрымку Лукашэнкі. Галасы ўдзельнікаў:
„Нашто зьмяняць краіну?“
— Па-першае, наша краіна свабодная. Кожны мае сваё волевыяўленьне. Некалькі дзён таму тут людзі бегалі, крычалі і выказвалі сваё меркаваньне пра тое, што трэба зьмяніць краіну. А нашто зьмяняць краіну? Ці мы станем лепей працаваць? Ці нам гэта нешта дасьць? Не. Кожны павінен сваімі рукамі нешта рабіць. І калі мы кожны сваімі рукамі нешта зробім, у нас будзе ўсё добра. Я таксама хачу памяняць. Я хачу памяняць, каб у маёй краіне быў спакой, каб я ўвечары не баяўся выходзіць зь сям’ёй сваёй. Як цяпер. Людзі бегаюць, крычаць. Моладзь бяжыць, незразумела. Вы паглядзіце, колькі моладзі ўчора ўдзельнічала. Што яны могуць вырашыць? Я галасаваў за прэзыдэнта. Гэта адзіная кандыдатура на дадзены момант, хто можа нешта зьмяніць у нашай дзяржаве. Ціханоўская шмат цікавага прапаноўвала, але яе жаданьне на паўгода ўсяго толькі… „Праз паўгода я сыйду“. Дзяржава, якая ня мае ніякай стабільнасьці. Як далей працаваць? Хто будзе кіраваць? Раскідаць? Нам Украіна паказала. Людзі дагэтуль разабрацца ня могуць, што рабіць з краінай. Іншыя краіны, дзе прайшлі так званыя аранжавыя каляровыя рэвалюцыі. Міру няма. І людзі там кажуць, што дрэнныя кіраўнікі. Дык навошта? Што да разгону, міліцыя выконвае тыя задачы, якія яна павінна выконваць. Трэба глядзець з розных бакоў, бо кожны мае сваю праўду. Нават ваша тэлебачаньне, Радыё Свабода паказвала, як моладзь падбягае, штурхае і ўцякае. Але, прабачце, калі вашу жонку, дзяцей нехта ўдарыў, вы будзеце абараняць. Таму заканадаўства павінна вырашыць, хто вінаваты, а хто не. Ні ў якім разе ня трэба на гэтым падымаць пытаньне і казаць, што вось яны вінаватыя ўсе цалкам. Ці наадварот — гэты бок вінаваты. Давайце прыбярэм усю міліцыю цалкам убок, што будзе ў краіне, у горадзе? Што да пабітых. Зноў жа. Пасьля ўдару дубінкай сіняк у кожным разе будзе. Трэба, каб рабілі заявы, падавалі ў пракуратуру і каб разьбіраліся.
Читать дальше