За ўвесь час, пакуль нас вазілі па горадзе, паўгадзіны патрацілі на мяне. На ўсе мае словы адказвалі кулакамі. Відаць, што людзі падрыхтаваныя, б’юць у самыя болевыя месцы — рэбры, калені, рукі, цягліцы. Па твары ня білі, стараліся не пакідаць сінякоў. Два разы ўдарылі ў калена так, што да гэтага часу калю абязбольвальныя і кульгаю.
Калі мяне забралі, першая думка была пра тое, што дадому не вярнуся. Быў гатовы да таго, што павязуць невядома куды. І ніхто ня будзе ведаць, дзе я і што са мной, а потым знойдзе ў лесе які-небудзь грыбнік. А яшчэ баяўся, што залезуць мне ў тэлефон — і ўсё, прывітаньне, Акрэсьціна. Быў страх за таварышаў, зь якімі перапісваліся і стэлефаноўваліся, каб іх таксама не забралі. Але, як ні дзіўна, тэлефону ніхто не запатрабаваў.
Я сваю пазыцыю ўтойваць ня буду. Ужо пачынаючы з 9 жніўня я актыўна ўдзельнічаю ўва ўсіх акцыях пратэсту і працягну рабіць гэта далей. Нягледзячы на тое, што я грамадзянін Расеі, з 2004 году жыву ў Менску. Так, мне прапаноўвалі беларускае грамадзянства, але пры дзейнай уладзе мне гэта нецікава. Маю дачку-беларуску, ёй 9 гадоў. І ўсё гэта я раблю дзеля яе, каб яна жыла ў спакойнай і цудоўнай краіне.
Цяпер кожную раніцу прачынаюся, гляджу ў люстэрка і кажу: „Хто малайчына? Максім малайчына. На Акрэсьціна сёньня паедзем? Не, не паедзем“. Усё роўна ёсьць адчуваньне, што міма мяне гэтыя падзеі ня пройдуць. Нельга ва ўсім гэтым варыцца і застацца ўбаку.
У выніку сілавікі павазілі нас гадзіны тры ў машыне і выкінулі за горадам у раёне Ўручча. Напрыканцы ўдарылі мяне нагой у сьпіну, і я ўпаў на калені. Разьвітаўся зь імі словамі: „Дзякуй, закон бумэрангу яшчэ ніхто не адмяняў“.
Калі машына зьехала, некаторыя, хто быў са мной там поплеч, выказвалі свае прэтэнзіі: маўляў, навошта ты балбатаў, скажы дзякуй, што наогул выпусьцілі. Я нават трохі пакрыўдзіўся на людзей. Мы быццам бы ўсе з аднолькавымі стужкамі, за адну ідэю, а калі сутнасьць даходзіць да справы — усе адразу ў кусты. У мяне крыху іншы характар.
Заявы ў міліцыю я не пісаў. На каго, людзей у чорным? Гэта сьмешна. Магу пайсьці з заявай і не вярнуцца. У лякарню таксама не зьвяртаўся. Уколы ў калена калю сам. Яно ў мяне да гэтага часу як каменнае. Але гэта мяне не спыняе схадзіць з усімі на плошчу па нядзелях. Аднойчы нават выступіў у вольны мікрафон, расказаў, што са мной адбылося, і падзякаваў беларусам за тое, што вы крутая нацыя. На беларусаў цяпер глядзіць увесь сьвет і ганарыцца вамі. І таму назад шляху ўжо няма.
„Пакажам мазырскую гасьціннасьць“
Уладзімер, 33 гады, Каленкавічы:
— 13 жніўня гадзін каля 18, яшчэ сьвяціла сонца, я выйшаў на бульвар Юнацтва ў Мазыры, каб ісьці на аўтобусны прыпынак.
У мяне ціўкнуў тэлефон, я стаў чытаць паведамленьне. У гэты момант міма мяне марудна праехала цывільная „лада-прыёра“ на расейскіх нумарах. Я зірнуў на яе і зноў апусьціў вочы ў тэлефон. І раптам на мяне накінуліся чатыры чалавекі ў чорнай форме безь ніякіх значкоў, зорачак ці лычак, у кепках і чорных масках, як ад каранавірусу. Яны выскачылі з тае „лады“. Паклалі мяне тварам у асфальт і заламалі рукі, а потым пацягнулі ў машыну. Пасадзілі паміж сабой на задняе сядзеньне. Ужо калі ехалі, яны шукалі ў сябе кайданкі і, знайшоўшы, надзелі іх мне на рукі за сьпінай.
Прывезьлі ў Мазырскі РАУС. Правялі праз турнікет, павярнулі на лесьвіцу і тут жа, на пляцоўцы перад прыступкамі, павалілі на падлогу тварам уніз, нацягнулі на галаву куртку і пачалі біць. Пры гэтым я ня мог нават прыкрывацца, бо мае рукі былі скаваныя за сьпінай. Я ня бачыў, чым мяне білі, але некаторыя ўдары былі як высьпяткі, а некаторыя зьверху па сьпіне, ягадзіцах, нагах, відаць, міліцэйскім гумавым дручком.
Потым мяне паднялі і пацягнулі на трэці паверх. Зацягнулі ў нейкі вялікі кабінэт. Відаць, нейкага начальніка, бо я пасьпеў убачыць вялікі стол і шэрагі крэслаў уздоўж сьценаў. Тут зноў паклалі на падлогу тварам уніз і нацягнулі на галаву куртку. Спачатку пагражалі, што, маўляў, я ўжо „накрычаў на 3 гады“, а зараз яны аформяць і на „дзясятачку“.
Пачалі абшукваць, спыталі, дзе тэлефон. Але яго ў мяне выхапілі яшчэ пры затрыманьні. Я ня бачыў твараў, спачатку бачыў толькі ногі, бо галава была прыгнутая долу і прыціснутая да падлогі чыёйсьці нагой, а потым увогуле нічога ня бачыў, бо на галаве была куртка. Толькі чуў, што тыя, хто мяне біў, зьвяраталіся да кагосьці „таварыш палкоўнік“. Калі прынесьлі мой тэлефон, ад мяне пачалі патрабаваць пароль. А мой тэлефон можна было разблякаваць сканэрам пальца альбо сканэрам твару, альбо паролем. Яны спачатку паднесьлі да пальца, але тэлефон не разблякаваўся, потым да твару, але, відаць, пасьля таго, што адбылося, мой твар мала быў падобны да таго, які „памятаў“ тэлефон.
Читать дальше